Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
Шрифт:
Хлопцы гуртавалiся на ганку. Усе яны - ад малога Толiка Манькiна да боўдзiлы Васькi Бохана - зацята палiлi папяросы, жартам валтузiлiся i казелiлi вочы на дзевак, што сядзелi з залi. Васька Бохан, двухмэтровы дурыла, якi прыйшоў на танцы ў пацёхканым камбiнэзоне, стаяў у дзьвярной пройме i не выпускаў дзяўчат з клюбу нават па пiльнай патрэбе.
– Нiнка, хто гэта табе нос падзер?
– крыкнуў Васька Бохан бiблiятэкарцы Забароньцы, калi Валеры Абадзiнскi чарговым разам заiкнуўся.
– Хто трэба, той i падзер, - азвалася бiблiятэкарка i, прыкрыўшы нос рукою, пасунулася разам з настаўнiцай да выхаду.
– "Ты куда-а, Алексей?" - засьпяваў Васька Бохан, блытаючы Адысея з Аляксеем, паспрабаваў ухапiць Забароньку за кофту, але тая, вырваўшыся, стукнула Бохана кулаком па хрыбцiне.
Ад таго кухталя ўнутры ў Васькi штосьцi бразнула, з вуснаў выпала папяросiна, i ўсе, хто стаяў на ганку, спалохана паглядзелi на небараку. Той вiнавата вылаяўся, падняў з-пад ног недакурак i ў наступнае iмгненьне ўжо запiхваў у залю дзьвюх малалетак з Зарэчанскай вулiцы, якiя таксама хацелi выйсьцi на падворак.
Седзячы на прыступках, Iван палiў папяросу, скоса зазiраў у залю i сьцiшаным голасам распавядаў вясковай дзятве зьмест кiнафiльму "Фантамас супраць Скотлянд-ярду". Пачуўшы бразгат у боханаўскiм нутры, ён перарваў аповед, паглядзеў на Бохана, i дзятва зь нецярплiвасьцю тузанула яго за рукаво:
– Ну, што далей?
Iван пачухаў патылiцу, згадваючы, што там было далей, але ў гэты момант ля могiлак чхнуў матацыкл i ўсе гамузам усхапiлiся на ногi. Бледнае сьвятло фары кранулася навакольных дрэваў, высьветлiла бiблiятэкарку Забароньку, якая, здушана войкнуўшы, зьбегла з дарогi, i неўзабаве да клюбных прыступак падкацiлi на прапыленым "Каўроўцы" Юрка Гуль з Лёшкам Мандрыкам.
Юрка зь Лёшкам толькi месяц таму вярнулiся з калёнii i цяпер "абмывалi" свабоду, езьдзячы штовечару ў азярышчанскi рэстаран. У адрозьненьне ад Лёшкi, якi рабаваў шапiкi, Юрка патрапiў за краты, пабiўшыся на танцах з двума вiцебскiмi студэнтамi.
Заглушыўшы "Каўровец", Юрка першым зьлез з матацыкла, зьняў з галавы танкiсцкi шлем i, выхапiўшы з рота ў Толiка Манькiна папяросу i ўпiхнуўшы ў свой, накiраваўся ў клюб.
– Ну, хто тут сёньня ёсьць?
– запытаўся Юрка Гуль, стукаючы кулаком па далонi, а Лёшка Мандрык, якi iшоў сьледам, спатыкнуўся на прыступках i павалiўся на ганак.
Лёшку паднялi, абабiлi ад пылу нагавiцы.Увайшоўшы ў залю, Лёшка з iкаўкай у голасе запытаў:
– Гэта што там за чувiха?
У залi зноў зайграла музыка. Гэтым разам Юрка Бадуноў завёў "Ладу" улюбёную песьню Юркi Гуля. Падпяваючы сьпеваку Мулярману, Юрка немым голасам гаркнуў: - Л-лада!
– i клюбныя шыбы дробна зазьвiнелi ад грукату ягоных чаравiкаў.
...Усе, хто стаяў на ганку, даўно ўжо былi ў клюбе, i толькi Iван дагэтуль не рашаўся ўвайсьцi, а калi нарэшце ступiў на парог, да вушэй ягоных даляцеў адчайны воклiч ленiнградкi:
– Адчапiцеся, вы п'яны!
Музыка абарвалася, пачуўся зычны пляскач, i Маша, зачырванелая i ўсхваляваная, зьявiлася ля дзьвярэй. На мiг яна спынiла свой пагляд на Iване, пагардлiва хмыкнула i ўжо нясьпешным крокам пайшла да матацыкла.
Усё гэта доўжылася iмгненьне, Iван не адразу i ўцямiў, што, уласна кажучы, адбылося, добрую хвiлiну глядзеў усьлед дзяўчыне, аж пакуль яго не пiхнулi ў сьпiну. Штуршок быў нiштаваты, але ён устаяў на нагах, затое той, хто штурхаў, чарговым разам зачапiўся за прыступкi i ляснуўся вобзем. Матацыкл чхнуў, Лёшка Мандрык гучна вылаяўся, а Iван зачаравана паглядзеў у цемру.
– Я кароль зоны...
– прамармытаў Лёшка Мандрык, калi матацыкл суцiх за паваротам.
"Кароль зоны" падняўся на ногi, лiзнуў садраную далонь, а ўбачыўшы перад сабой былога кампаньёна, узрадавана выгукнуў:
– Ваня, кораш!
Лёшкавыя скрываўленыя пальцы ўхапiлiся за штрыфель пiнжака, прабеглiся па Iванавай шчацэ, i Йван, пiхнуўшы былога кампаньёна ў грудзiну, са злосьцю вылаяўся.
Такое абыходжаньне засмуцiла Мандрыка.
– Ты што, казёл, не пазнаеш? А можа западло лiчыш, га?
– правая, непараненая рука кампаньёна палезла ў кiшэню шырокiх штаноў, а Iван, адчуўшы, што Лёшка палез па нож, прыязным голасам вымавiў:
– Я тут вiна прывёз... прынясу зараз...
Цьмянае месячнае сьвятло высьвечвала няроўны, напалову сьцёрты надпiс: "Посторонним лицам вход воспрещён!" Надпiс гэты зрабiў некалькi гадоў таму кiнамэханiк Лябёдка, падкрэсьлiваючы тым самым, што заходзiць у кiнабудку мелi права толькi абраныя асобы. Асобы тыя цэлымi днямi сядзелi ў кiнабудцы, гуляючы ў карты, п'ючы гарэлку, а Юрка Гуль зь бiблiятэкаркай Забаронькай там i ночы бавiлi, выкарыстоўваючы пры гэтым падзерты матрац, што ляжаў у куце.
Перакiнуўшы з рукi на руку сетку з "чарнiлам", Iван узяўся за ручку дзьвярэй, пацягнуў на сябе, ды нечакана замёр, прыслухоўваючыся да галасоў за дзьвярыма.
– Чувiха - я маўчу...
– прамаўляў Лёшка Мандрык, штохвiлi чыркаючы запалкамi.
Памаўчаўшы, Лёшка з глухiм прысьвiстам выпусьцiў дым з роту i, мацюкнуўшыся, працягваў:
– Я да яе падыходжу... кладу руку на калена... а яна не варушыцца...
Пасьля гэтых слоў рыпнула крэсла, i кiнамэханiк Лябёдка сiпла i недаверлiва выдыхнуў:
– Iдзi ты!
– Бля буду...
– азваўся Лёшка i зноўку чыркнуў запалкай.
– Вяду, значыцца, вышэй i раптам чую - у яе панчохi на падвязках.
– Гы-гы-гы, - гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: - А яна?
– Не варушыцца!
– гаркнуў апавядальнiк. I Йван, усутыч наблiзiўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: "Пра каго гэта ён?" Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьцiўшы дым, прамовiў:
– Калi ўжо гэты фраер прыйдзе?
Кроў хваляй прылiла да твару. Iван пастаяў хвiлю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прылiку, нясьмела ўвайшоў у кiнабудку.
Пiлi ўтрох - Iван, Лёшка i кiнамэханiк Лябёдка, якi тым часам ужо праспаўся i прагнуў пахмялiцца. Чакалi яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў цягаўся, вiдаць, недзе зь Нiнкай Забаронькай.
Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкi - балазе ён ужо быў добра падпiты. Вочы Лёшкавы ашклянелi, зь нiжняй губы зьвiсла празрыстая нiтка сьлiны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакi. Такi несамавiты Лёшкаў выгляд надаў Iвану сьмеласьцi, i ён, як бы мiж iншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Iвана ашклянелыя вочы, з працяглымi паўзамi выдыхнуў: