Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты што... мяне... за казла лiчыш?
Жылаватая Лёшкава рука балюча сьцiснула запясьце, i Iвану не заставалася нiчога iншага, як схапiцца за пляшку. Булькаценьне вiна як быццам ацьвярэзiла кампаньёна. Ён утаропiўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьцi, i прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.
"Кароль зоны" ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калi ў дзьверы загрукалi i знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхi:
– Лёша, ты тут?
– Ту-ут ён, - азваўся Лябёдка, дапiў "чарнiла" i пад роспачны грукат i лямант знадворку пайшоў адчыняць.
– Гэта ты, паразiцiна, яго напаiў?
– рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Iвана, зьмянiла тон i злавесна прасiпела: - Прыехаў! Iзноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?!
– ускiнуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагi сынавай звалiўся чаравiк, а з кiшэнi штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, блiскучы ножык.
– З нажом ходзiць, - буркнуў Лябёдка, калi мацi з сынам выкулiлiся на падворак.
Гаспадар кiнабудкi падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапiў згублены Лёшкам чаравiк i, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.
– Лорка! Твая карова за быком пабегла!
– крыкнулi на другiм канцы вулiцы, i Йван абудзiўся.
Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухiм плёскатам палiлася вада, а мацi, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравiны, голасна запытала:
– Мiронаўна, цi ёсьць што ў краме?
– Крупы даюць! Па тры кiлё на рукi, - адгукнулася суседка Мiронаўна, i Йван салодка пацягнуўся.
Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьнiлiся не такiя, як у iнтэрнаце. Сьнiлася штосьцi прыемнае, да болю шчымлiвае... Iван напружыў памяць, сьцяў павекi, але згадаць мiнулы сон яму так i не давялося: на доле бразнула вядро i пачуўся ўсхваляваны матчын голас:
– Ванька, сьпiш?
Сплю!
– адказаў Iван i незадаволена кульнуўся на бок.
– Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кiлё. А я пабегла карову пераймаць.
Iван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (мацi ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.
"Колькi гэта часу?" - падумаў Iван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўнiку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блiзiўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзiў дахаты разам з кароваю, каб выпiць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Iван зайшоў за хлеў, потым доўга i бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. "Крупы!" згадаў ён нарэшце i, закiнуўшы сумку за сьпiну, рушыў у краму.
Бычкоўская крама ламiлася ад народу. Апрача круп давалi яшчэ i "Трайны" адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькi алькаш Гарашчэня, на якога глядзелi як на вар'ята, але, пачынаючы ад мiнулага году, сьпiртное пад час уборкi ў краму не завозiлi, i мясцовыя п'янчугi пераключылiся на адэкалён.
– Траян! Куды точысься?!
– грымелi ля прылаўка жаночыя галасы.
– У мяне штучны тавар!
– адказваў Траян i Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу i выкулiўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьцi ў кiнабудку, паслухаць кружэлкi, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзiраўся гучнагаварыльнiк - адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.
Па радыё перадавалi нейкую гутарку. Мужчынскiя i жаночыя галасы захоплена распавядалi аб росквiце калгаснага жыцьця, i Iван мiжволi прыслухаўся.
– Гарантаваная аплата ў калгасах крута зьмянiла жыцьцё сяльчан, - урачыста барытонiў мужчына.
– Сяльчане iдуць у магазiны, каб набыць тавары працяглага карыстаньня, падтакваў мужчынскаму голасу жаночы.
– Во, курва, толькi тры штукi дала, - гукаў за Iванавай сьпiнай мэханiзатар Траян, якi таксама выйшаў з крамы.
– Скончыўся, кажа... А сама дзьве ўпакоўкi ў падсобцы хавае, - мэханiзатар расьпiхаў па кiшэнях "Трайны" i, зiрнуўшы на Йвана, запытаўся: - Ты, Ванька, дзе зараз?
– У Баранавiчах, - адказаў Iван, пазiраючы ў бок гатаўскай праселiцы.
– А-а... Баранавiчы... Ведаю. У войску на губе там сядзеў, - згадаўшы пра войска, Траян неяк адразу абмяк, пасуравеў i, памацаўшы ў кiшэнях справунак, пасунуўся да камбайну, што стаяў на Карпачышыным агародзе.
Цёткi адна за адной выкульвалiся з крамы, цiснучы да друзлых грудзей буханкi хлеба i торбы з драблёнай груцай.
– Во як! Летась па пяць кiлё давалi, а сёлета толькi тры, - уголас бедавалi жанкi.
– I што ўжо будзем курам сыпаць?
Iван сядзеў на скрынi з-пад гаспадарчага мыла, слухаў жаночыя жальбы, i на вуснах ягоных лiпела гiранiчная ўсьмешка. "Ну i жывуць людзi. Круп i тых няма. У Баранавiчах гэтай груцы хоць завалiся, а тут..." - перапыняючы ўласныя думкi, ён падхапiўся на ногi, зрабiў пару крокаў да крамы i зьнерухомеў на месцы.
На ганку стаяла яна... На ёй былi чорныя шорты, квяцiстая кашулька, i ў руцэ яна трымала торбачку з крупамi.
"Як жа я ее не прыкмецiў?" - пасьпеў падумаць Iван перад тым, як мазгi ягоныя канчаткова расплавiлiся.
Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкiнула з твару кудзеркi, з гульлiвым дакорам прамовiла:
– Што ж вы... Я прыехала, думала з вамi пагаманiць, а вы i ў клюб не зайшлi...
"Я заходзiў", - хацеў сказаць Iван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, i замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.
– Дзiўны вы нейкi...
– прамовiла ленiнградка i, перакiдваючы з адной рукi на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.
– Ну што ты стаiш, скажы хоць што-небудзь!
– прашаптаў нутраны голас, i Iван, прытрымлiваючы рукой дрыготкую скiвiцу, iклiва працадзiў:
– А дзе вы... йiк... навучылiся...йiк... на матацыкле езьдзiць?
Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулi i яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.
– Мiкола ж захварэў, дык мяне пляменьнiца прывезла. Гойсае на матацыкле аiйо!
Голас брыгадзiравай жонкi, цёткi Грыпiны, прымушаў да дзеi. Iван глынуў паветра, спалохана выдыхнуў:
– Вы сёньня на танцы прыедзеце?
– На танцы?
– дзяўчына прыўзьняла брыво, крутнула ключ запальваньня.
– Я б прыехала, ды ў вас сябры хамаватыя... Шмат сабе дазваляюць.