ЖАНРЫ

Гiсторыя кахання (на белорусском языке)

Сигал Эрик

Шрифт:

Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзiлан з гульнi: здымаеш з сябе мокрую ад поту амунiцыю i тупаеш голы да столiка з чыстымi ручнiкамi.

– Ну як табе сёння, Олi?

– Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымi.

Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кiм i колькi разоў зрабiў у гэтую вечаровую суботу: "Ну, як мы абулi гэтых дзятлаў?.." Я быў лiдэрам, i ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзiн i падумаць. Лёс блаславiў мяне хворым каленам (але, блаславiў: вы бачылi мой вайсковы бiлет?), i пасля кожнае гульнi мне прыходзiлася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краi ванны i назiраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералiчваў сiнякi i раны (я рады iм своеасаблiва) i думаў пра што нi ўздумаецца цi нi пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забiлi другi, i пра тое, што фактычна закончыўся мой трэцi запар сезон у зборнай унiверсiтэта.

– Палошчаш каленца, Олi?

Гэта гаворыць Джэкi Фэлт, наш трэнер i самазваны духоўны настаўнiк.

– Палашчу, Джэкi, калi збоку гэта не выдае на штось iншае.

Фэлт хмыкае i па-iдыёцку ўхмыляецца:

– Сказаць табе, чаму цябе падводзiць каленца, Олi? Хочаш ведаць?

Я аб'ехаў ужо ўсiх артапедаў на Ўсходнiм узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.

– Харчуешся няправiльна, во што.

Мне гэта цiкавым не здалося.

– Мала солi ясi.

Можа, калi прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?

– О'кэй, Джэк. Буду есцi болей солi.

Божа лiтасцiвы, якi ж задаволены ён быў! Калi адыходзiў, дык ягоная iдыёцкая пыса так i ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзiн. Саслiзнуў усiм целам у бурлiвую ваду, заплюшчыў вочы i акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!

Божа! Джэнi ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькi ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплынi, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставiў новы рэкорд хуткасцi. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзiлан я расчынiў яшчэ не абсохлы.

У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну i калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў - сама стойкiх, у бальшынi сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якiя ў душы так i не развiталiся з клюшкамi. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, якi не прапускае анiводнае гульнi Гарварда - нi дома, нi ў гасцях. I як ён толькi ўхiтраецца гэта рабiць? Ён жа буйны банкiр. I навошта яму гэта трэба?

– Дасталося табе сёння, Олiвэр!

– Было, мiстэр Джэнкс. Самi бачылi, у якi хакей яны гуляюць.

Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэнi. Няўжо яна вярнулася ў iнтэрнат i ўсю дарогу да Рэдклiфа прайшла адна?

– Джэнi!
– паклiкаў я i ступiў колькi крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.

Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалiк, адны вочы былi вiдаць.

– Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.

Як я быў рады бачыць яе! Усклiкнуўшы: "Джэнi!" - падбег да яе i дакрануўся вуснамi да яе халоднага лба.

– Хiба я табе дазволiла?
– спыталася яна.

– Што?

– Хiба я дазволiла табе пацалаваць мяне?

– Прабач. Захапiўся.

– А я не.

Мы засталiся зусiм адны. Было цёмна, халодна i позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб - i моцна. Пацалунак быў доўгi.

– Мне гэта не падабаецца, - прамармытала Джэнi; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.

– Што?

– Што мне гэта падабаецца.

Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэнi захацела iсцi пешкi) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта i растлумачыць. Ля дзвярэй iнтэрната цалаваць яе на развiтанне я не стаў.

– Ведаеш, Джэнi, мажлiва, я не буду тэлефанаваць табе некалькi месяцаў.

Нейкi час яна маўчала. Нарэшце папыталася:

– Чаму?

– А можа, пазваню, як толькi ўвайду ў свой пакой.
– Я павярнуўся i хутка пайшоў.

– Нiколi не думала, што ты такi, - прашаптала яна ўслед з крыўдаю.

Я зноў павярнуўся i зрабiў пераможны кiдок па брамцы:

– Што, не даспадобы? А сама дык з iншымi гэта любiш!

Мне страшна хацелася азiрнуцца яшчэ раз i паглядзець, якi ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабiў гэтага з тактычных меркаванняў.

Калi я ўвайшоў у наш iнтэрнацкi нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамi з ягонай футбольнай каманды.

– Прывiтанне, бегемоты!

Мне штосьцi мыкнулi ў адказ. Потым:

– З чым цябе сёння павiншаваць, Олi?

– Гол i перадача.

– Мы наконт Кавiлеры.

Не ваша справа, - адрэзаў я.

– Хто такая?
– запытаўся адзiн з гiпапатамаў.

– Джэнi Кавiлеры, - растлумачыў яму Рэй, - худзенькая такая музыкантка.

– А, ведаю, - сказаў трэцi.
– Апетытненькая.

Не зважаючы на гэтых мужланiстых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур i панёс апарат у сваю спальню.

– Яна грае на фартэпiяна ў Бахаўскiм таварыстве, - сказаў астатнiм Стратан.

– А ў што яна грае з Барэтам?

– Цяжка ўгадаць!

Ухмылкi, рохканне, рогат.

– Джэнтльмены!
– аб'явiў я, выходзячы.
– Я вас меў!

Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скiнуў чаравiкi, узлез на ложак i набраў нумар Джэнi.

Размаўлялi мы шэптам:

– Эй, Джэн...

– Алё?

– Мне трэба нешта табе сказаць...

Я завагаўся. Яна чакала.

– Мне здаецца... Я кахаю цябе.

Маўчанне. Потым яна адказала вельмi цiха:

– Iдзi ты... ведаеш куды!..
– I павесiла слухаўку.

Я не пакрыўдзiўся. I нават не здзiвiўся.

3

У гульнi з Корнэлам мне намялi бакi.

Увогуле, я сам быў вiнаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў iх нападнiка-цэнтравiка "смярдзючым канадцам", зусiм забыўшыся на тое, што канадцаў у iхняй камандзе чацвёра... А ўсе чацвёра былi гарачымi патрыётамi i дужымi хлопцамi, ды яшчэ i на слых не скардзiлiся. Мала таго што мяне як след нагрэлi, дык яшчэ i выдалiлi. I не проста выдалiлi, а ўляпiлi за бойку аж пяць хвiлiн. Чулi б вы, як мяне асвiсталi корнэлскiя фаны, пачуўшы аб'яву аб маiм выдаленнi! Нашых небагата прыцягнулася ў такую ямiну, як Iтака, Ню-Ёрк, хоць гэта i быў вырашальны матч на першынство ўнiверсiтэтаў Новай Англii. Пяць хвiлiн! Калi я сядаў на лаўку штрафнiкоў, дык добра бачыў, як iрве на сабе валасы наш трэнер.

Джэкi Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькi тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месiва. "Божа, - мала не стагнаў Джэкi, водзячы па iм кроваспыняльным алоўкам.
– Божа, Олi!"

Я сядзеў моўчкi i тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджвалiся найгоршыя мае чаканнi: Корнэл закiнуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлi, завылi, заўлюлюкалi. Лiк зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з iм i першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькi палову штрафу!

Поделиться с друзьями: