Гiсторыя кахання (на белорусском языке)
Шрифт:
– Толькi тата. Мацi з Фол-Рывэра.
– Барэты маюць заводы ў Фол-Рывэры, - заўважыў Олiвэр III.
– Дзе яны эксплуатавалi пакаленнi беднякоў, - дадаў Олiвэр IV.
– У дзевятнаццатым стагоддзi, - парыраваў Олiвэр III.
Мацi ўсмiхнулася, вiдавочна, задаволеная, што ў гэтым сэце мяне перайграў яе Олiвэр. Але, як кажуць, яшчэ не вечар.
– А як наконт планаў аўтаматызаваць гэтыя самыя заводы?
– нанёс я ўдар у адказ.
Зноў запала маўчанне. Зараз ён сцебане якой-небудзь рэплiчкай.
– А як наконт кавы?
– спыталася Элiсан Форбс Барэт.
Мы вярнулiся ў бiблiятэку на апошнi раўнд. Абавязкова апошнi: заўтра нам трэба iсцi на заняткi, Стода чакаў банк, дый мацi пэўна ж збiралася зранку ажыццявiць нейкую запланаваную годную акцыю.
– Табе з цукрам, Олiвэр?
– папыталася яна.
– Олiвэр заўсёды п'е каву з цукрам, дарагая, - сказаў бацька.
– Але не сёння, дзякуй, - сказаў я.
– Без малака i без цукру, мама.
Кожны ўзяў свой кубак, i мы ўселiся ў фатэлi, адчуваючы, што нам абсалютна няма чаго сказаць адно аднаму. Але раптам я знайшоў тэму.
– Скажы, Джэнiфэр, што ты думаеш пра Корпус Мiру?
– пацiкавiўся я.
Яна змрочна зiрнула на мяне i змаўчала.
– Ты што, Олiвэр, яшчэ не сказаў iм?
– здзiўлена спыталася мацi ў бацькi.
– Цяпер не час, дарагая, - сказаў Олiвэр III з фальшывай сцiпласцю, у якой, аднак, выразна чулася: "Спытайцеся ў мяне, спытайцеся!"
– Пра што гаворка, бацька?
– Нiчога асаблiва важнага, сын.
– Не разумею, як ты можаш так гаварыць, - сказала мацi i павярнулася да мяне, каб з пыхаю паведамiць навiну. (Я ж кажу: яна заўсёды на ягоным баку.) Твайго бацьку прызначаюць дырэктарам Корпуса Мiру.
– О!
– усклiкнуў я.
Джэнi таксама ўсклiкнула: "О!" - толькi зусiм iнакш, голасам нашмат больш радасным.
Бацька зрабiў выгляд, што ён засмуцiўся, а мацi, здаецца, чакала, што я цi не вобзем грымнуся ад пашаны да такога таты. Можна падумаць, што яго дзяржаўным сакратаром прызначылi, няйначай.
– Вiншую вас, мiстэр Барэт!
– узяла iнiцыятыву на сябе Джэнi.
– Прымiце i мае вiншаваннi, сэр, - далучыўся да яе я.
Мацi аж не магла, так хацела прадоўжыць гэтую гутарку.
– Я ўпэўненая, што гэта будзе вельмi цiкавая i карысная праца, - сказала яна.
– О, вядома, - падхапiла Джэнi.
– Згодны, - сказаў я без асаблiвай перакананасцi.
– Э-э... мама, перадай мне, калi ласка, цукру.
8
– Джэнi, яго ж, урэшце, не дзяржаўным сакратаром прызначылi!
– I ўсё ж такi, Олiвэр, ты мог бы сустрэць гэтае паведамленне з большым iмпэтам.
– Я яго павiншаваў.
– Глядзi ты - якая высакароднасць!
– Чорт, чаго ты ад мяне чакала?
– Божа, - адказала яна, - ды мяне проста выварочвае ад усяго гэтага!
– Мяне таксама, - заўважыў я.
Потым мы доўга ехалi моўчкi - анiводным словам не перакiнулiся. Але я адчуваў: нешта тут не так.
– Дык ад чаго - "ад усяго" - цябе выварочвае, Джэн?..
– Ад таго, як ты ставiшся да свайго бацькi.
– А ён да мяне як ставiцца?
I тут яна вывалiла на мяне рандолю маралiзатарскай лапшы. Дакладней, спагецi. Ведама ж, я зрабiў замах на сама святое, што было ў Джэнi: на бацькоўскую любоў i на пачуццi да бацькi. Сама сапраўдны iталiйска-мiжземнаморскi сiндром. Якi ж я благi сын!
– Ты яго зневажаеш, зневажаеш i зневажаеш!
– А ён мяне не? Цi ты не заўважыла, Джэн?
– Ды я ўпэўненая, што ты нi перад чым не спынiшся, абы дапячы няшчаснаму старому!
– "Дапячы" Олiвэру Барэту Трэцяму немагчыма.
Памаўчаўшы - i маўчанне гэтае мяне насцярожыла, - яна раптам сказала:
– Хiба толькi ажанiўшыся з Джэнiфэр Кавiлеры.
Гэтыя словы так пранялi мяне, што я ледзь змог збочыць на стаянку каля прыдарожнага шынка. Спынiў машыну i павярнуўся да Джэнiфэр, злы, як чорт.
– Ты што, i праўда так думаеш?
– Прыкладна так, - адказала яна вельмi спакойна.
– Джэнi, ты што, не верыш, што я кахаю цябе?!
– крыкнуў я.
– Веру, - зноў спакойна адказала яна.
– Але ёсць нешта вар'яцкае ў тым, што ты ўпадабаў мой дужа сцiплы сацыяльны статус.
Ну што я мог сказаць? Не - адназначна. Я паўтарыў ёй усё, што пра гэта думаю, некалькi разоў з сама рознымi iнтанацыямi. Я быў такi засмучаны, што нават задумаўся: цi ж няма хоць калiўца праўды ў гэтым яе жахлiвым меркаваннi?
Яна таксама не ззяла.
– Я не сцвярджаю, што гэта так, Олi. Проста мне здаецца, што нейкая рацыя ў маёй развазе ўсё-такi ёсць. Ведаеш, я ж таксама не толькi кахаю цябе. Я люблю тваё iмя. I твой, скажам так, рэйтынг.
– Джэнi адвярнулася, i мне здалося, што зараз яна заплача. Аднак яна не заплакала, а прамармытала: - У рэшце рэшт, тваё iмя - гэта частка цябе.
Я сядзеў у машыне i глядзеў на неонавы надпiс "Мiдзii i вустрыцы". Болей за ўсё я любiў у Джэнi тое, што яна ўмела зазiрнуць мне ў душу, зразумець рэчы, якiх не перадасi словамi. Яна i цяпер усё разумела. Аднак цi хопiць у мяне сiлы паглядзець праўдзе ў вочы? Божа, яна ж знайшла ў сабе мужнасць убачыць i прызнаць недасканаласць i маю, i сваю ўласную! Божа, якiм нiкчэмным я цяпер сябе адчуваў! Не ведаў, што i сказаць.
– Джэн, ты не хочаш мiдзiй цi вустрыц?
– запытаўся я ў яе.
– А ты не хочаш у зубы, падрыхтунчык?
– Хачу, - адказаў я.
Яна сцiснула кулак i размахнулася, а потым лёгка прыклала яго да маёй шчакi. Я пацалаваў гэты кулачок i пацягнуўся да яе, аднак, як толькi я паспрабаваў абняць яе, яна ўпёрлася рукамi мне ў грудзi i гаркнула, як сама сапраўдны гангстэр з "пугачом" у руцэ:
– Пагналi, падрыхтунчык! За руль - i гайда!
Добра, любая. Добра.
Найболей бацька папракаў мяне ў залiшняй таропкасцi. Мiтуслiвасцi. Нецярплiвасцi. Не памятаю добра, што за словы ён мне казаў, але пропаведзь, якую ён прачытаў мне ў Гарвард-клубе, датычыла перадусiм маёй паспешлiвасцi. Напачатку, каб разагрэцца, ён загадаў мне не есцi так хутка. Я пачцiва нагадаў яму, што я ўжо досыць дарослы чалавек i яму няварта спрабаваць выправiць мае паводзiны цi нават каменцiраваць iх. У адказ ён заявiў, што нават вялiкiм дзяржаўным дзеячам неабходная час ад часу канструктыўная крытыка. Я расцанiў гэтую заўвагу як не надта тонкi намёк на тое, што колiсь ён служыў у першай рузвельтаўскай адмiнiстрацыi. Аднак мне зусiм не хацелася даць яму разгарнуцца ва ўспамiнах, напрыклад, аб ролi, якую ён адыграў у правядзеннi нацыянальнае банкаўскае рэформы. Так што бацюхна заглух.
Як я ўжо сказаў, мы абедалi ў бостанскiм Гарвард-клубе. Я вельмi злуюся, калi нехта згаджаецца з тым, як бацька мяне ацэньвае. А тут спрэс адны людзi Барэта III. Ягоныя аднакласнiкi, аднакурснiкi, клiенты, тыя, што хочуць стаць ягонымi клiентамi, i гэтак далей, i гэтак далей... У мяне сумнення няма, што ўсё тут зладжана - i цяпер, i заўсёды. Як нi прыслухаюся да гоману, дык толькi i чую: "Вось iдзе Олiвэр Барэт!", цi: "Гэта Барэт, лiдэр гарвардскай хакейнай каманды!", цi што-небудзь яшчэ накшталт гэтага.