ЖАНРЫ

Грахi маленства (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

Расцягваючыся, як вуж, на гнуткiх кустах, я адчуваў невыказнае шчасце галоўным чынам па той прычыне, што можна было зусiм не думаць. Часамi я паварочваўся дагары тварам, галавой нiжэй за рэшту цела. Лiстота, што варушылася ад ветрыку, песцiла мой твар, а я глядзеў у вялiзнае неба i з неабдымным задавальненнем уяўляў, што вось мяне - зусiм няма. Лёня, Зося, парк, абед дый школа з панам iнспектарам здавалiся сном, што быў калiсьцi, але прайшоў, можа, сто год таму назад, а можа, i тысячу. Бедны Юзя ў небе, вiдаць, адчувае цяпер тое самае. Якi ён шчаслiвы!..

Нарэшце мне ўжо i ажынаў не хацелася. Я адчуваў, як ласкава гойдаюць мяне кусты, бачыў кожную хмарку, што паволi плыла па блакiце, чуў шалясценне кожнага лiста, а сам анiчога не думаў. Ды тут мяне штосьцi тузанула. Я ўсхапiўся, не разумеючы, што да чаго. Нейкi момант было цiха, як i раней, а потым пачуўся Лёнiн плач i крык:

– Зося!.. Панна Клеменцiна!.. Памажыце!..

Гэта страшна, калi дзiця крычыць: "Памажыце!.." У галаве маёй мiльганула слова "змяя!". Калючыя кусты хапалi мяне за вопратку, аблытвалi ногi, тузалi, адпiхалi... не, яны моцна трымалi мяне, не пускалi, як быццам жывая пачвара, а Лёня тым часам крычала: "Памажыце!.. Божа мой, божа!.." I я адчуваў толькi адну, як сонца, ясную рэч, што неабходна цi памагчы, цi загiнуць самому.

Стомлены, паабдзiраны, а найбольш перапалоханы, я прадзёрся нарэшце туды, адкуль чуўся Лёнiн плач.

Яна сядзела на кусце, дрыжала, ломячы рукi.

– Лёня!.. Што з табой?
– першы раз звярнуўся я да яе па iменi.

– Аса!.. Аса!..

– Аса?
– паўтарыў я, кiдаючыся да Лёнi.
– Укусiла цябе?

– Яшчэ не, але...

– Дык што...

– Лазiць па мне...

– Дзе?

З вачэй яе цяклi слёзы. Яна вельмi саромелася, але страх перамог.

– Залезла ў панчоху... Божа мой, божа... Зося!..

Я стаў перад ёю на каленi, але шукаць асу яшчэ не асмельваўся.

– Дык вымi ты яе, - сказаў я.

– Я ж баюся. О божа!..

Лёня дрыжала як у лiхаманцы. I я праявiў звышсмеласць.

– Дзе яна ў цябе?

– Цяпер ходзiць па калене...

– Няма яе нi тут, нi тут.

– Яна ўжо вышэй... Ах! Зося, Зося!..

– Дык i тут жа яе няма...

Лёня закрыла твар рукамi.

– Вiдаць, яна ў сукенцы схавалася...
– сказала, яшчэ горш заплакаўшы.

– Злавiў!
– закрычаў я.
– Гэта ж муха...

– Дзе?.. Муха?..
– спыталася Лёня.
– I праўда муха! Ах, якая вялiкая... А я была ўпэўнена, што гэта аса. Я думала, што памру... Божа! Якая я дурная.

Выцерла вочы i адразу пачала смяяцца.

– Забiць яе цi выпусцiць?
– спытаўся я, паказваючы Лёнi няшчасную муху.

– Як сабе хочаш, - адказала Лёня зусiм ужо спакойна.

Я хацеў муху забiць, але - не хапiла рашучасцi. А таму, што i крылы, i ўся яна была вельмi памятая, я асцярожна палажыў яе на лiсце.

А Лёня тым часам вельмi ж прыглядалася да мяне.

– Што з табой, - спыталася яна раптам.

– Нiчога, - адказаў я, намагаючыся засмяяцца.

I тут адчуў, што сiлы раптоўна пакiдаюць мяне. Сэрца бiла, як звон, у вачах пацямнела, халодны пот выступiў на ўсiм целе, i, стоячы на каленях, я захiстаўся.

– Што з табой, Казя?

– Нiчога... Толькi я думаў, што з табой здарылася няшчасце...

Каб Лёня не абхапiла мяне, не палажыла маю галаву сабе на каленi, я разбiў бы нос аб зямлю.

Нейкая цёплая хваля шуганула ў маю галаву, пачуўся шум у вушах i зноў Лёнiн голас:

– Казя!.. Мiлы Казя... Што з табой?.. Зося!.. Божа мой, ён самлеў... Што ж мне няшчаснай рабiць?..

Яна абняла мяне аберуч за галаву i пачала цалаваць. На ўсiм твары я адчуваў яе слёзы. Мне было так шкада яе, што, сабраўшы рэшткi сiл, я сяк-так падняўся.

– Ды нiчога мне... Ты не бойся, - вырвалася з маiх грудзей.

I сапраўды, слабасць прайшла таксама хутка, як i прыйшла. У вушах перастала шумець, у вачах пасвятлела, я ўзняў галаву з Лёнiных каленяў i, гледзячы ў яе вочы, пачаў смяяцца.

Цяпер i Лёня ўжо смяялася.

– Ах ты, нягодны, ах ты, нядобры, - гаварыла яна, - столькi мне страху нарабiў. Як жа гэта ты з-за такога глупства самлеў?.. Калi б гэта нават i аса была, яна ж не з'ела б мяне... А што я тут з табой рабiла б?.. Нi вады, нi людзей, Зося кудысьцi пайшла, а мне самой трэба было б ратаваць такога вялiкага хлопца. Сорам табе!

Вядома ж, я саромеўся. Цi ж можна было так палохаць яе?

– Ну, як табе?
– пыталася Лёня.
– Эх, вiдаць, ужо лепш, бо ты не такi бледны. Раней ты быў - як палатно... Аднак i я, - дадала яна, пачакаўшы, здорава буду выглядаць, калi мама пра гэта даведаецца!.. Ах, божа мой, страшна нават дадому вяртацца...

– Пра што мама даведаецца?
– спытаўся я.

– Пра ўсё, а найгорш - пра асу...

– Дык не кажы нiкому.

– Што з таго, што я не скажу, - амаль прашаптала яна, адвёўшы ўбок вочы.

– Можа, ты думаеш, што я скажу?
– спытаўся я.
– Далiбог, нiкому анi слова.

– А Зосi?.. З ёю можна сакрэтнiчаць.

– I Зосi не скажу. Нiкому.

– Дый без гэтага ўсе даведаюцца. Ты такi падзёрты, абадраны... Аднак, пачакай!..
– дадала яна праз момант i абцерла хусткай мой твар.
– Божа мiлы, я ж цябе нават, ты ведаеш, i пацалавала са страху, не ведаючы, што рабiць. Калi б хто пра гэта даведаўся, я б згарэла б ад сораму, хоць i з асой таксама ж клопат быў. Ах, колькi бяды праз цябе...

– Ды няма табе чаго баяцца, - пацяшаў я.

– Якраз няма чаго! Усё выйдзе наверх, бо ў цябе поўна лiсця ў валасах. Зрэшты, чакай, я цябе прычашу. Каб толькi Зося не падглядала з-за якога-небудзь куста. З ёю можна сакрэтнiчаць, аднак усё-такi...

Лёня выняла са сваiх валасоў напаўкруглы грэбень i пачала мяне прычэсваць.

– Ты заўсёды расстрэсены, - гаварыла.
– Ты павiнен прычэсвацца так, як усе паны. Вось так!.. Прабор з правага боку, а не з левага. Калi б у цябе валасы былi чорныя, ты быў бы такi прыгожы, як жанiх мае мамы. А таму, што ты бландзiн, я прычашу цябе iнакш. Ты цяпер будзеш, як анёлак, што пад мадоннай. Ведаеш, якi... Шкада, што ў мяне няма люстэрка.

– Казя! Лёня!
– гукнула ў гэты момант Зося, аднекуль з боку парку.

Мы ўсхапiлiся, Лёня i сапраўды была перапалохана.

– Усё раскрыецца!
– сказала яна.
– Ох, гэтая аса!.. А горш за ўсё тое, што ты самлеў...

– Нiчога не раскрыецца, - энергiчна адказаў я.
– Я анiчога не скажу.

– I я таксама. Не скажаш нават, што ты самлеў?..

– Не скажу.

– Ну, ну!
– здзiвiлася Лёня.
– Бо я, каб самлела, не змагла б вытрымаць...

– Казя! Лёня!
– гукала сястра, ужо зусiм недалёка ад нас.

Поделиться с друзьями: