ЖАНРЫ

Грахi маленства (на белорусском языке)

Прус Болеслав

Шрифт:

– Чалавек, дзякуй богу, падмацаваўся!.. Можна цяпер i на працу...

Выходзiў з кухнi i прападаў на цэлага паўдня.

У сваiх гульнях ён пераймаў работу старэйшых. Калi было ворыва, ён даставаў з-за карыта пужку, вымаў з частаколу кiёк цi знаходзiў якую-небудзь карагу i пачынаў араць, - цэлымi гадзiнамi кiваючыся на адным месцы i падганяючы сваiх валоў.

Калi лавiлi рыбу i ён знаходзiў у смеццi дзiравае сiтка, з нястомнай цярплiвасцю раз-поразу чэрпаў, плёхаўся iм у вадзе. А то садзiўся верхам на кiйку i ехаў да калодзежа, паiць коней. Знайшоўшы каля аўчарнi старыя паласяныя лапцi, кiдаў iх у ваду i нiбы плаваў разам з чоўнам - разумеецца, толькi ў думках.

Словам - гуляў ён выдатна, толькi што не смяяўся нiколi. Да яго дзiцячага твару нiбы назаўсёды прылiп выраз непарушнай сур'ёзнасцi, якую часамi падмяняў толькi страх. У вялiкiх вачах застыла вечнае здзiўленне, як у людзей, што доўгiя гады глядзелi на штосьцi зусiм незвычайнае.

Валек умеў спрытна ўцякаць з дому на цэлыя днi. I нiхто з парабкаў не здзiўляўся, калi яго ранiцой знаходзiлi недзе ў стозе цi ў лесе пад дрэвам. Мог ён таксама стаць у чыстаполiцы, нiбы шэры слупок, i, раскрыўшы рот, углядацца немаведама куды. Аднойчы я падпiльнаваў яго на такiм стаяннi, а таму, што блiзка было, дык i пачуў, як ён уздыхнуў. Не ведаю, чаму той уздых малое постацi вельмi ўразiў мяне. Я адчуў нейкую крыўду, невядома на каго, i я палюбiў тады Валека. Аднак, як толькi я крыху смялей хацеў падысцi да яго, хлопец спахапiўся i шмыгануў у кусты.

У галаве маёй з'явiлася асаблiвая думка: бог, якi ўвесь час глядзiць на такое дзiця, павiнен мець сумную душу. Зразумеў я таксама, чаму ён на святых абразах заўсёды такi сур'ёзны i чаму ў касцёле трэба цiха размаўляць i хадзiць на пальчыках.

Такi вось несамавiты чалавечак быў прычынай таго, што я вырашыў больш не хавацца за парканам, а iсцi ў парк, i паведамiў Зосi, што з гэтага часу буду гуляць з ёю i з Лёняй.

Сястра, вядома, была ад гэтага ў захапленнi.

– Дык ты будзь у парку, - сказала яна, - калi мы выйдзем на праходку. Павiтайся i з гувернанткай, якая заўсёды чытае кнiгi ў альтанцы. Але не гавары з ёю доўга, бо яна не любiць, каб ёй перашкаджалi. А потым паглядзiш, як нам будзе весела!

У той самы дзень, калi абедалi, яна сказала мне з таямнiчым выглядам:

– Прыходзь у тры гадзiны. Я ўжо сказала Лёнi, што ты будзеш. Калi мы выйдзем з палаца, я закашляю...

Сястра пачала штосьцi рабiць, а я, вядома, выйшаў, бо не любiў перашкаджаць у пакоi. Я ўжо быў на двары, калi за мной выбегла Зося.

– Казя! Казя!..

– Што там ужо?

– Калi я кашляну, дык ты будзеш ведаць, што гэта азначае?
– урачыста спыталася яна.

– Разумеецца.

Яна вярнулася ў пакой, але i праз акно яшчэ закрычала:

– Я кашляну! Не забудзься!

Куды ж я мог iсцi, як не ў парк, хоць да прызначанага тэрмiну было яшчэ добрыя паўтары гадзiны? Я быў такi задуманы, што не ведаю, цi ў той дзень у садзе, заўсёды поўным птушынага гоману, аказалася хоць адна якая птушка. Абышоўшы сад разы са два навокал, я сеў у човен, прывязаны да берага, i, не могучы плысцi, хоць пакалыхваўся ў iм з нуды.

Думаў ды планаваў, як гэта аднавiць наша знаёмства з Лёняй. Найлепш, вiдаць, так. Калi Зося кашляне, я выйду са спушчанай галавой з бакавое сцежкi на галоўную алею. Тады Зося скажа:

"Глядзi, Лёня, гэта мой брат, пан Казiмiр Ляснеўскi, вучань другога класа, друг таго няшчаснага Юзя, пра якога я табе гаварыла".

Лёня зробiць кнiксен, а я, зняўшы шапку, скажу:

"Даўно ўжо я меў намер..." Не, так дрэнна!.. "Даўно ўжо я, панi, хацеў аднавiць..." О не!.. Лепш будзе так: "Даўно ўжо я хацеў засведчыць панi маю пашану".

Тады Лёня спытаецца:

"Цi даўно пан у нашых мясцiнах?.." Не, яна скажа не так, а вось як: "Мне прыемна пазнаёмiцца з панам, столькi пачуўшы пра вас ад Зосi..." А потым?.. Потым вось так: "Пану тут, мусiць, сумна ў нашай аколiцы?.. Пан прывык да вялiкага горада". А я адкажу: "Я сумаваў, пакуль не ведаў, панi, вас..."

У гэты момант пад вадой мiгнуўся велiкаваты шчупак... Гэтая рэчаiснасць развеяла мары. Тут, у сажалцы, такая рыба, а я - без вуды!..

Я ўсхапiўся з лодкi, каб кiнуцца дахаты, пашукаць кручкоў, i ледзь не штурхануў Лёню, якая якраз збiралася скакаць цераз чырвоную вяровачку.

Рыба, кручкi, план урачыстага знаёмства - усё адразу ж перамяшалася ў маёй галаве. Вось табе - шчупак!.. Я нават забыўся пакланiцца Лёнi, яшчэ горш забыўся гаварыць. Але што гэта быў за шчупак!..

Лёня, прыгожанькая шатэнка з выразна акрэсленымi вуснамi, якiя штохвiлiнна мянялi свой абрыс, зiрнула на мяне зверху i, адкiнуўшы назад пышныя локаны, без усякiх уступаў спыталася:

– Цi гэта праўда, што пан прабiў дзiрку ў нашым чоўне?

– Я?..

– Так мне сказаў садоўнiк, а цяпер мама не дазваляе нам плаваць, загадала човен прывязаць да берага, а вёслы пахаваць.

– Але, дальбог жа, я не прабiваў нiякай дзiркi!
– апраўдваўся я, як перад iнспектарам.

– Цi толькi праўда гэта?
– спыталася Лёня, быстра гледзячы мне ў вочы. Бо такое на пана вельмi падобна...

Тон паненкi не спадабаўся мне. Чорт вазьмi!
– найдужэйшы хлопец з нашага класа не пасмеў бы так гаварыць са мною.

– Калi я гавару, што не, дык гэта ўжо напэўна не!
– сказаў я, моцна нацiскаючы на адпаведныя словы.

– Ну, дык тады садоўнiк зманiў, - сказала Лёня, сцяўшы бровы.

– Добра зрабiў, - адказаў я, - бо паненкi не ўмеюць плаваць у чоўне.

– А пан умее?

– Я ўмею i ў чоўне, i рукамi, i на спiне, i стоячы.

А пан нас будзе вазiць?

– Калi ваша мама дазволiць, дык буду.

– Тады паглядзiце, цi лодка i сапраўды не дзiравая.

– Не дзiравая.

– Дык адкуль жа ў ёй вада?

– Дажджавая.

– Дажджавая?

Гутарка абарвалася. Аднак я ўжо смела глядзеў на Лёню, а яна, як сёння мне гэта бачыцца, не звяртала на мяне ўвагi. Больш таго - яна, не сыходзячы з месца, пачала скакаць цераз вяровачку, у прамежках гутарачы са мной.

– Чаму вы з намi не гуляеце?

– Я заняты.

– А што ж вы робiце?

– Вучуся.

– Дык на вакацыях нiхто ж не вучыцца.

– У нашым класе трэба вучыцца нават на вакацыях.

Лёня скокнула два разы цераз сваю вяровачку i сказала:

– Адась у чацвёртым класе, аднак на святах не вучыўся. Ах, вы ж не ведаеце Адася.

– А хто гэта вам сказаў, што не ведаю?
– горда спытаўся я.

– Бо вы былi ў першым, а ён у трэцiм...

Зноў два разы пераскочыла... Я думаў, што са мною здарыцца штосьцi незвычайнае.

– Са мной сябравалi нават з чацвёртага, - адказаў я з раздражненнем.

– Усё адно, бо Адась вучыцца ў Варшаве, а вы... Дзе вы вучыцеся?.. Дзе?..

Поделиться с друзьями: