Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

Па твары маці прабег цень трывогі.

— Хіба вы не хочаце застацца з намі… з сям'ёй? — запыталася яна.

— Ну мы ўжо ўсё абгаварылі, мы з Коні. Ма, мы хочам жыць у горадзе, — адказала Ружа Сарона і ўсхвалявана загаварыла: — Коні работу сабе знойдзе ў якой-небудзь майстэрні ці на фабрыцы. А дома вечарамі вучыцца будзе, ну там па радыё, стане знаўцам сваёй справы, а потым, можа, і сам майстэрню завядзе. Мы ў кіно хадзіць будзем. І яшчэ Коні кажа, ён доктара пакліча, калі мне прыйдзе час радзіць; і кажа, гледзячы, як там выйдзе, што, можа, і ў бальніцу мяне пакладзе. І свая машына ў нас будзе, маленькая. А калі ён скончыць вучыцца… вось цудоўна было б! Ён ужо нават старонку з часопіса «Любоўныя апавяданні Захаду» выразаў з аб'явай і выпіша праграму курсаў — яе высылаюць бясплатна. Там так і напісана. Сама бачыла. А як пройдзеш поўны курс па радыё, дык табе нават працу даюць. Работа добрая, чыстая і надзеі дае на будучыню. І зажывём мы ў горадзе, у кінатэатры будзем часта хадзіць, а я… я куплю сабе электрычны прас, а дзіцяці зусім новае прыданае. Коні кажа, прыданае купім новенькае… беленькае і… Ну ты ж бачыла ў каталогах, якое ёсць дзіцячае прыданае. На першым часе, пакуль Коні яшчэ вечарамі дома вучыцца будзе, нам, можа, і нялёгка давядзецца, але… калі ў мяне народзіцца дзіця, тады ён, магчыма, ужо скончыць вучобу і ў нас свая кватэра будзе. Ніякай ужо такой асаблівай нам не трэба, абы дзіцяці добра было… — Твар у Ружы Сарона разгарэўся ад хвалявання. — І яшчэ я падумала, можа, нам усім у горад пераехаць, і, калі ў Коні будзе свая майстэрня… Эл будзе працаваць у яго.

Маці не зводзіла вачэй з разрумяненага твару дачкі, з цікавасцю сачыла, як расце гмах яе планаў.

— Нам не хацелася б вас адпускаць, — сказала яна. — Сям'ю разбіваць нядобра.

Эл фыркнуў:

— Гэта каб я пайшоў працаваць на Коні? Можа, Коні на мяне папрацуе? Думае, акрамя яго, такога малайца, ніхто вечарамі вучыцца не здольны.

Маці раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позірк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.

— Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, — праз нейкі час сказала яна.

Эл мацней абхапіў абаранак руля — у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, і стук зрабіўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавіў скорасць і зноў прыслухаўся.

Стук перайшоў у металічны ляскат. Эл націснуў на сігнал і з'ехаў на край шашы. Грузавік наперадзе спыніўся і паволі даў задні ход. Паўз іх на захад прамчаліся тры легкавыя машыны, і кожная пасігналіла, а вадзіцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:

— Дзе ты стаў, чорт!

Том падвёў грузавік зусім блізка, вылез і пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавіка, павярнуўшы галовы, пазіралі ўніз. Эл зноў пераставіў запальванне і прыслухаўся да матора, які працаваў на халастых абаротах.

— Ну што там у цябе? — запытаўся Том.

Эл прыбавіў абароты.

— Вось паслухай.

Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.

— Дай ранняе запальванне і збаў абароты, — сказаў ён, падняў капот і ўсунуў пад яго галаву. — Цяпер дай газу. — Ён зноў прыслухаўся і апусціў капот. — Так, здаецца, твая праўда, Эл.

— Шатунны падшыпнік?

— Па гуку падобна на тое, — адказаў Том.

— Я масла не шкадаваў, — недаўменна прамовіў Эл.

— Значыць, яно не даходзіць. Перасохла ўсё к чорту! Нічога не зробіш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкі. А ты цішэй едзь. Не гані, а то зусім кардан сапсуеш.

Уілсан запытаўся:

— Кепскія справы?

— Радасці мала, — адказаў Том, вярнуўся да грузавіка і паволі паехаў наперад.

Эл не мог супакоіцца:

— Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. — Але ён ведаў, што вінаваты. Сам адчуваў, што даў маху.

Маці сказала:

— Віна не твая. Ты ўсё рабіў як след. — І нясмела папыталася: — Што-небудзь сур'ёзнае?

— Туды цяжка дабрацца, і трэба дастаць недзе новы падшыпнік ці гэты заліць бабітам. — Ён глыбока ўздыхнуў. — Добра, што Том тут. Я падшыпнікаў яшчэ ніколі не рамантаваў. Адна надзея на Тома.

Наперадзе збоч дарогі стаяў вялізны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокі доўгі цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокі кювет і спыніў грузавік у цяні. Потым вылез з кабіны і стаў чакаць Эла.

— Цішэй, цішэй! — крыкнуў яму Том. — Не гані, вядзі асцярожна, а то яшчэ і рысору зламаеш.

Эл пачырванеў ад злосці і заглушыў матор.

— Ідзі ты к чорту! — крыкнуў ён. — Я падшыпніка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш — «і рысору зламаеш»!

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

— Во завёўся. Я нічога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цішэй ехаў.

Асцярожна ведучы машыну па схілах кювета, Эл бурчаў:

— Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй віне падшыпнік паляцеў. — Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накіраваў машыну ў цень і выключыў запальванне.

Том падняў капот і замацаваў яго.

— Пакуль не астыне, пачынаць нельга, — сказаў ён.

Усе пасажыры павылазілі з машын і збіліся ў кучку каля легкавушкі.

Бацька запытаўся:

— Вельмі сур'ёзна? — і прысеў на кукішкі.

Том павярнуўся да Эла:

— Калі-небудзь шатунныя падшыпнікі мяняў?

— Не, — адказаў Эл. — Ніколі не даводзілася. Але паддон знімаў.

Том сказаў:

— Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнік, падкласці пракладкі і падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнік давядзецца з'ездзіць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка міль семдзесят пяць, не меней… А чорт, заўтра ж нядзеля! Нідзе нічога заўтра не купіш. — Усе маўчалі. Руці праціснулася да самай машыны і пільна ўзіралася пад адкінуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том ціха гаварыў: — Заўтра нядзеля. У панядзелак купім, а рамонт скончым, відаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага інструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.

Па зямлі праплыў цень сарыча, і ўсе задралі ўгору галовы, пазіраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.

Бацька сказаў:

— Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогі без грошай. І есці ўсім трэба, і бензін, і масла купляць. Калі грошы кончацца, проста не ведаю, што рабіць будзем.

Уілсан сказаў:

— Бадай, я тут вінаваты. Няшчасная гэта разваліна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы і так шмат добрага нам зрабілі. Перакладзіце свае рэчы на грузавік і едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелі, хоць адзін з вас.

Бацька няспешна прагаварыў:

— Не, гэтак рабіць не будзем. Мы амаль парадніліся з вамі. Дзед у вашай палатцы памёр.

Сэйры стомлена прамовіла:

— Вам з намі адны турботы, адны турботы…

Том павольна скруціў цыгарку, агледзеў яе з усіх бакоў і запаліў. Зняў з галавы памятую кепку і выцер ёю лоб.

— Вось што я надумаў, — сказаў ён. — Можа, вам і не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Каліфорніі, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавіка. І вось я што прапаную: здыміце частку рэчаў з грузавіка, тады вы ўсе ў ім размесціцеся без мяне і прапаведніка, і — наперад. А мы з Кейсі застанемся тут, адрамантуем машыну і таксама паедзем. Ехаць будзем дзень і ноч і дагонім вас, а калі не дагонім, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калі ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткі і нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, і грошы пойдуць. Кейсі мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробім і да вас прыкацім.

Члены аб'яднанай сям'і задумаліся. Дзядзька Джон апусціўся на кукішкі побач з братам.

Эл запытаўся:

— А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?

— Ты ж сам казаў, што ніколі шатунных падшыпнікаў не мяняў.

— Правільна, — пагадзіўся Эл. — Тут трэба моцную спіну мець. А прапаведнік, можа, і не захоча застацца з табою.

— Ну дык хто-небудзь іншы, мне ўсё адно, — сказаў Том.

Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.

— На маё разуменне, Том правільна кажа, — сказаў ён. — Усім тут заставацца ніякай карысці. А дацямна можна яшчэ міль пяцьдзесят зрабіць, а то і сто.

Поделиться с друзьями: