Гронкі гневу
Шрифт:
— А мне што рабіць?
— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?
Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.
— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.
— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.
— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.
— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.
Кейсі засмяяўся:
— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.
— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.
Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.
— Ну, можна?
— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.
Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.
— Так яно і ёсць.
— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.
— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.
— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.
— А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. — Том зноў прыладзіў ключ. — Шкада, тарцовага няма, — сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. — Ну, дзякуй богу! — Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавіну і агледзеў рану. — Свішча, сволач! — сказаў ён. — Зараз спынім. — Ён памачыўся, згроб з зямлі жменю мокрага пяску і прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынілася. — Лепшага сродку спыніць кроў няма, — сказаў Том.
— Павуцінне таксама памагае, — зазначыў Кейсі.
— Правільна, але павуціння не заўсёды дастанеш, а мачу — калі заўгодна. — Том сеў на падножку і пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнік. — Цяпер каб знайсці дзе «додж» дваццаць пятага года. Знімем з яго шатун з пракладкамі і, можа, наладзім. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.
Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсі таксама сеў на падножку і паглядзеў на захад.
— Хутка мы апынемся сярод высокіх гор, — прамовіў ён і змоўк. Потым паклікаў:
— Том!
— Што?
— Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын — да тых, якія мы абміналі, і да тых, што ехалі паўз нас. Я лічыў.
— Што ты лічыў?
— Том, гэта ж такія самыя сем'і, як ваша, цэлымі сотнямі на захад едуць. Я пільна сачыў. На ўсход ніхто не едзе — усе, цэлымі сем'ямі, толькі на захад. Заўважыў?
— Ну заўважыў.
— Дык яны ж… быццам… быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краіна знялася з месца.
— Яно так і ёсць, — пагадзіўся Том. — Уся чыста знялася. Мы таксама кінулі свой дом.
— Ну, а што будзе, калі… калі людзі гэтыя… і яны, і ўсе іншыя працы там не знойдуць, што тады?
— Ідзі ты да д'ябла! — гаркнуў Том. — Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькі ведаю — ногі перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак і ў Макалестары рабіў чатыры гады запар — у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкі… Госпадзі, а як я спадзяваўся, што на волі ўсё будзе іначай! У турме стараўся ні пра што не думаць, каб мазгі не перакруціліся, і цяпер таксама ні пра што думаць не хачу. — Том павярнуўся да Кейсі. — Вось падшыпнік расплавіўся. Мы гэтага не ведалі, і нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылі — паляцеў, што ж, адрамантуем. І, далібог, гэтак трэба заўсёды рабіць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза і бабіт? Бачыш? Вось і ўвесь мой клопат, больш мяне нічога на свеце не турбуе… Куды гэта, чорт, Эл праваліўся?
Кейсі сказаў:
— Не, Том, ты паслухай… Што за ліха! І словы нават патрэбныя на язык не ідуць…
Том зняў засохлую гразь з рукі, кінуў на зямлю. Па краях ранкі засталася брудная палоска. Том перавёў позірк на прапаведніка.
— Ты, я бачу, настройваешся на прамову, — сказаў ён. — Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнічаў. Нам шкоды ніякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.
Адной рукой Кейсі пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.
— Нешта творыцца ў краіне, народ заварушыўся. Людзі, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногі і не задумваюцца, куды ідуць, але дарога ў іх адна, ва ўсіх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкі рух, таемнае шастанне, шоргат і… і нейкі неспакой. Нешта творыцца ў краіне, і людзі, тыя, каго гэта тычыцца, нічога яшчэ не ведаюць… пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кіруе на Захад… пакідае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немінуча прывядзе да нечага такога, што пераменіць усю краіну.
Том сказаў:
— Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулі.
— Так. Ну, а калі табе страчаецца загарадзь, ты і цераз яе палезеш?
— Чаму ж не? Калі трэба, палезу.
Кейсі ўздыхнуў:
— Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзі бываюць розныя. І людзі розныя. Ну накшталт мяне: загарадзі яшчэ не паставілі, а яны ўжо лезуць… іначай не могуць.
— Ці не Эл гэта едзе? — ажывіўся Том.
— Ага, відаць, Эл.
Том падняўся на ногі, загарнуў шатун і абедзве часткі падшыпніка ў кавалак мешкавіны.