Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гронкі гневу

Стейнбек Джон Эрнст

Шрифт:

— Проста не ведаю, колькі яшчэ так будзе далей. І як вы толькі ўхітраецеся сям'ю пракарміць на такія грошы, не магу зразумець.

— Пакуль працуем — кормімся, — сказаў Уілкі. — А вось як работы няма…

Томас глянуў на свой наручны гадзіннік.

— Ну хадзем, выкапаем канаву. А бог з ім, — раптам сказаў ён рашуча, — так і быць, скажу. Вы жывяце ва ўрадавым лагеры, так?

Цімаці насцярожыўся.

— Так, сэр.

— І кожны суботні вечар у вас там танцы?

Уілкі ўсміхнуўся:

— А як жа.

— Дык вось што. У наступную суботу будзьце асцярожныя.

Цімаці раптам ускінуў галаву і падступіў бліжэй да Томаса.

— Што вы маеце на ўвазе? Я член цэнтральнай камісіі. Я павінен ведаць.

Томас паглядзеў на яго з асцярогай.

— Нікому не кажыце, што ад мяне даведаліся.

— А што такое?

— У Асацыяцыі цярпець не могуць гэтых урадавых лагераў. Шэрыфавых падручных туды не пашлеш. Там, я чуў, людзі самі сабе законы пішуць, і без ордэра нікога нельга арыштаваць. Дык вось, калі ў вас распачнецца бойка ці там страляніна, тады да вас заявяцца шэрыфавы падручныя і ачысцяць лагер ад усіх вас.

Цімаці раптам неяк перамяніўся. Ён расправіў плечы, вочы ў яго сталі халодныя.

— Вы хочаце сказаць, што…

— Толькі нікому не расказвайце, што ад мяне чулі, — прамовіў Томас з трывогай у голасе. — У суботу вечарам у вашым лагеры выбухне бойка. А шэрыфавы агенты будуць напагатове.

Том недаўменна запытаўся:

— Навошта ўсё гэта? Людзі ж нікому не перашкаджаюць.

— Я скажу табе навошта, — адказаў Томас. — Людзі ў гэтым лагеры прывыкаюць да чалавечнага абыходжання. А потым трапіць з іх хто ў лагер перасяленцаў, і з ім будзе цяжка справіцца. — Ён зноў сцёр насоўкай пот з твару. — Ну ідзіце, працуйце. Далібог, дагаварыліся мы з вамі да таго, што я без фермы застануся. Але вы мне як людзі падабаецеся.

Цімаці павярнуўся да яго і падаў яму сваю худую мазолістую руку, і Томас паціснуў яе.

— Ніхто не даведаецца, хто нам сказаў. Дзякуй вам ад нас. Бойкі не будзе.

— Бярыцеся за справу, — сказаў Томас. — І памятайце: дваццаць пяць цэнтаў у гадзіну.

— Папрацуем і за столькі… — сказаў Уілкі, — на вас.

Томас пакрочыў да дамка.

— Я праз хвілінку таксама прыйду, — сказаў ён. — А вы бярыцеся за справу. — Сеткаватыя дзверы зачыніліся за ім.

Том і Ўолесы мінулі выбеленую вапнай адрыну і па ўскрайку поля падышлі да доўгай вузкай канавы, уздоўж якой ляжалі секцыі бетоннай трубы.

— Вось тут мы і працуем, — сказаў Уілкі Тому.

Яго бацька адчыніў адрыну і вынес адтуль дзве кіркі і тры рыдлёўкі. Ён сказаў Тому:

— На, бяры сваю красуню.

Том узважыў кірку ў руцэ.

— Ого! Якраз мне да пары.

— Пабачым, што ты ў адзінаццаць гадзін запяеш, — усміхнуўся Ўілкі. — Паглядзім, якая яна табе пара.

Яны падышлі да канца няскончанай канавы. Том зняў пінжак і кінуў яго на груду выкапанай зямлі. Ён адсунуў кепку з ілба і ступіў у канаву. Папляваў на далоні. Кірка ўзляцела ў паветра і апусцілася, бліснуўшы на сонцы. Том ціха кракнуў. Кірка ўзвівалася ўгору і падала, і краканне чулася якраз у той момант, калі лязо ўгрызалася ў зямлю, рассякаючы грунт.

Уілкі ўсклікнуў:

— Вось гэта я разумею! Ну і землякоп нам, та, трапіўся! Ён з кіркай, як з роднай.

Том адказаў:

— Я намахаўся ёю, дзе трэба — ух! Так, так, сэр, — ух! Не адзін год — ух! Прыемна лашчыць далонь — ух! — Пад яго ўдарамі адколвалася глыба за глыбай. Сонца паднялося ўжо над фруктовымі дрэвамі, і вінаграднае лісце адлівала золатам на лозах. Разрыхліўшы шэсць футаў канавы, Том ступіў убок і выцер з ілба пот. Яго месца заняў Уілкі. Рыдлёўка падымалася і апускалася, і груда выкінутай зямлі абапал канавы расла ў даўжыню.

— Я ўжо нешта чуў пра гэту цэнтральную камісію, — сказаў Том. — Значыць, вы ўваходзіце ў яе?

— Так точна, сэр! — адказаў Цімаці. — На нас ляжыць вялікая адказнасць. На ўсіх нас. Мы стараемся, як можам, і людзі ў лагеры, як могуць, памагаюць нам. Каб толькі буйныя фермеры не так нам дапякалі. А то спакою не даюць.

Том скочыў у канаву, і Ўілкі стаў з краю. Том загаварыў:

— А што з гэтай бойкай на танцах — ух! пра якую ён казаў? — ух! Што яны задумалі?

Цімаці ішоў следам за Ўілкі, і яго рыдлёўка скрэбла і падчышчала дно канавы, рыхтуючы яе пад трубу.

— Відаць, хочуць выжыць нас з лагера, — гаварыў ён. — Баяцца, што мы арганізуемся, думаю. Магчыма, яны маюць рацыю. Лагер наш — гэта і ёсць арганізацыя. Людзі клапоцяцца самі пра сябе. Струнны аркестр у нас найлепшы ў акрузе. Тым, хто галадае, адкрылі ў краме невялікі крэдыт. Пяць даляраў — на такую суму можаш узяць харчу, і лагер за цябе ў адказе перад крамнікам. З уладамі ў нас непрыемнасцей ніякіх не было. Відаць, гэта і палохае багатых фермераў. Не могуць засадзіць нас за краты — вось і страшна ім. Яны, пэўна, думаюць: тыя, што могуць самі сабой кіраваць, здольныя і на іншыя справы.

Том адышоўся ад канавы і выцер пот, які заліваў яму вочы.

— Вы чулі, што напісана ў газеце пра агітатараў у лагеры на поўнач ад Бейкерсфілда?

— Чулі, не глухія, — адказаў Уілкі. — Такое ўжо не першы раз.

— Дык вось, я адтуль. Ніякіх агітатараў там не было. Людзей, якіх яны называюць чырвонымі. І наогул, што гэта за людзі такія — чырвоныя?

Цімаці зрэзаў рыдлёўкай невялікі грудок на дне канавы. Белае шчацінне ў ягонай барадзе паблісквала на сонцы.

— Шмат хто цікавіцца чырвонымі, — усміхнуўся Цімаці. — І вось адзін тут у нас дазнаўся. — Ён прыпляскаў рыдлёўкай насыпаную на край канавы зямлю. — Ёсць тут у нас такі Гайнс. У яго ледзь не трыццаць тысяч акраў зямлі: персікі і вінаград — кансервавы завод і вінаробня. Дык ад яго толькі і чуеш пра чырвоных: «Гэтыя праклятыя чырвоныя давядуць краіну да пагібелі» і «Трэба гнаць адсюль гэтых чырвоных вырадкаў». А тут адзін хлапец, навічок у нас, аднаго дня слухаў, слухаў, пачухаў патыліцу ды кажа: «Містэр Гайнс, я ў гэтых краях нядаўна. Хто яны, тыя праклятыя чырвоныя?» А Гайнс адказвае: «Чырвоны — гэта той сукін сын, які патрабуе трыццаць цэнтаў у гадзіну, калі мы плацім дваццаць пяць». Хлопец падумаў, падумаў, зноў паскроб патыліцу і кажа: «Але ж, містэр Гайнс, я не сукін сын, а калі чырвоныя вось такія… дык я таксама хачу атрымліваць трыццаць цэнтаў у гадзіну. Кожны хацеў бы. Мы, містэр Гайнс, усе чырвоныя, каб на яго ліха». — Цімаці падраўнаваў рыдлёўкай дно канавы, і цвёрдая зямля заблішчала на зрэзе.

Том засмяяўся:

— І я б не ад таго. — Яго кірка высока ўзляцела і апусцілася, і грунт даў трэшчыну. Пот заліваў яму лоб, сцякаў каля носа і пабліскваў кроплямі на шыі. — А, чорт, — сказаў ён, — кірка — добрая рэч — ух! калі ты з ёю ў ладах — ух! А прыладзішся — ух! — і разам з ёю праца спорыцца — ух!

Яны ішлі адзін за адным, і канава паступова расла ў даўжыню, а сонца, усё вышэй падымаючыся ў ранішнім небе, абдавала іх спёкай.

Калі Том пайшоў, Руці яшчэ крыху паглядзела праз адчыненыя дзверы ў санітарны блок. Без Уінфілда, перад якім можна было павыхваляцца, храбрасць яе звяла. Яна ступіла босай нагой на цэментавую падлогу, але праз момант адхапіла нагу назад. З палаткі ў далёкім канцы праходу выйшла жанчына і пачала распальваць паходную жалезную печку. Руці зрабіла некалькі крокаў да яе, але свая палатка пацягнула яе назад. Яна ціхенька падкралася да яе і зазірнула пад брызент. Збоку, проста на зямлі, ляжаў дзядзька Джон, рот у яго быў адкрыты, з горла вырываўся булькатлівы, захлёбісты храп. Маці і бацька спалі, укрытыя коўдрай з галавой, — ад святла. Эл ляжаў у процілеглым ад дзядзькі Джона баку палаткі, прыкрыўшы вочы сагнутай у локці рукой. Каля пярэдняй сценкі палаткі ляжалі Ружа Сарона і Ўінфілд, а месца побач з Уінфілдам было пустое — месца Руці. Яна прысела на кукішкі і пачала ўзірацца. Позірк яе спыніўся на кудзелістай галоўцы Ўінфілда, і, адчуўшы яго, хлопчык расплюшчыў павекі і глянуў на сястру сур'ёзнымі вачамі. Руці прыклала палец да вуснаў і паманіла яго рукой. Уінфілд пакасіўся на Ружу Сарона. Яе расчырванелы твар быў зусім побач, яна дыхала, крыху растуліўшы губы. Уінфілд асцярожна прыўзняў коўдру і вышмыгнуў з-пад яе. Потым ціхенька вылез з палаткі да Руці.

— Ты даўно ўстала? — шэптам запытаўся ён.

Руці бясшумна, з асцярогай азіраючыся, павяла яго ад палаткі і, калі адышліся на бяспечную адлегласць, сказала:

— Я і не клалася. Усю ноч на нагах.

— Няпраўда, — сказаў Уінфілд. — Ты манюка.

— Няхай так, — адказала Руці. — Толькі калі я манюка, дык нічога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалі, а потым прытупаў мядзведзь і звалок дзіцяня. А я табе пра гэта не раскажу.

— Ніякага мядзведзя не было, — няўпэўнена запярэчыў Уінфілд. Ён прыгладзіў валасы пальцамі і адцягнуў штаны ў кроку.

Поделиться с друзьями: