Гронкі гневу
Шрифт:
— У вас пральня ёсць… і водаправод?
— А як жа.
— Слава табе, госпадзі! — вырвалася ў маці.
Том вёў грузавік у цемры паўз доўгі шэраг палатак. У санітарным блоку гарэў няяркі агонь.
— Сюды вось кіруй, — сказаў вартаўнік. — Месца добрае. Адсюль толькі што выехалі.
Том спыніў машыну.
— Тут?
— Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты ідзі са мной, я запішу вас. І кладзіцеся спаць. Раніцай да вас прыйдзе лагерная камісія і ўсё вам растлумачыць.
Том апусціў вочы долу.
— Фараоны? — запытаўся ён.
Вартаўнік засмяяўся:
— Палісменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзі самі выбіраюць. Хадзем.
Эл саскочыў з грузавіка і падышоў да іх.
— Тут застаёмся?
— Застаёмся, — адказаў Том. — Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.
— Толькі цішэй, — папярэдзіў вартаўнік. — Шмат хто ўжо спіць.
Том пакрочыў услед за вартаўніком па цёмным лагеры і падняўся па прыступках у маленечкі пакойчык, дзе стаялі стары пісьмовы стол і крэсла. Вартаўнік сеў да стала і дастаў з шуфляды чысты бланк.
— Зваць як?
— Том Джоўд.
— Стары — гэта твой бацька?
— Ага.
— Як яго зваць?
— Таксама Том Джоўд.
Пытанні сыпаліся адно за адным. Адкуль прыехалі, колькі ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалі. Вартаўнік падняў галаву і глянуў на Тома:
— Я не з цікаўнасці. У нас так заведзена.
— Зразумела, — сказаў Том.
— Ну, а грошы ёсць?
— Трохі ёсць.
— Можа, вы зусім без сродкаў?
— Не, трохі ёсць. А што?
— А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць — вываз смецця, прыбіранне лагера… ну рознае такое.
— Мы адпрацуем.
— Заўтра да вас прыйдзе камісія. Раскажуць вам, як тут усім карыстацца, і растлумачаць правілы, якія тут у нас заведзены.
Том сказаў:
— Слухай, а што гэта такое? Што за камісія такая?
Вартаўнік адкінуўся на спінку крэсла:
— Яна добра працуе. У лагеры пяць санітарных аддзяленняў. З кожнага выбіраюць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральную камісію. Яна тут усім распараджаецца. Яе слова — закон.
— А калі хто з іх вельмі крута загне?
— Ну што ж, адклікаць яго можна таксама лёгка, як і абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнікаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут — пропаведзі чытаюць і бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважыліся яны і сюды пранікнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў іх паслухаць. Слова за цэнтральнай камісіяй. Склікалі сход і вырашылі так: «Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсім. Збіраць ахвяраванні не дазваляецца нікому». Старыя нашы зажурыліся, бо з таго дня ніводзін прапаведнік тут больш носа не паказвае.
Том засмяяўся і спытаў:
— Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут і жывуць?
— Ну так. І гэта толькі на карысць справе.
— А яшчэ ты гаварыў пра палісменаў…
— Цэнтральная камісія сочыць, каб быў парадак, і ўводзіць правілы. А яшчэ ёсць жаночая камісія. Заўтра яны зойдуць да тваёй маці. Яны за дзецьмі наглядаюць і сочаць за чысцінёй у санітарных блоках. Калі маці твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькі ходзяць на працу, а калі яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца іншыя. Жанчыны і шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзіць, вучыць іх. Заняткі ёсць розныя.
— Дык што, у вас зусім фараонаў няма?
— Няма, сэр. Без ордэра на арышт палісмен сюды не паткнецца.
— Ну, а калі хто наскандаліць ці нап'ецца і кулакі ў ход пусціць, што тады?
Вартаўнік праткнуў алоўкам прамакатку:
— Пасля першага разу цэнтральная камісія папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга — выганяюць з лагера.
— Госпадзі, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскія памагатыя і гэтыя малойчыкі ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкі спалілі.
— Да нас яны не ходзяць, — сказаў вартаўнік. — Іншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асабліва калі ў нас тут танцы вечарам у суботу.
— Кожную суботу танцы? Божачка літасцівы!
— Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.
— Вось яно як! Чаму нідзе больш такіх лагераў няма?
Вартаўнік насупіўся:
— Давядзецца табе самому дадумацца. Ідзі паспі трохі.
— Добрай ночы, — сказаў Том. — Маці маёй тут вельмі спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзіліся.
— Добрай ночы, — адказаў вартаўнік. — Кладзіся спаць. У нас тут рана ўстаюць.
Том ішоў па праходзе між двума радамі палатак. Вочы яго ўжо прывыклі бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя і што смецця каля іх няма. Зямля між імі падмецена і апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том ішоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санітарнага блока нумар чатыры і з цікавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нізенькі і груба скіданы, пад паветкай — некалькі радоў балеяў мыць бялізну. Непадалёк ён убачыў свой грузавік і ціхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад ім не чулася ні гуку. Падышоўшы бліжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавіка, аддзялілася нечая постаць і пасунулася ў яго бок. Гэта была маці. Яна ціха запыталася:
— Гэта ты, Том?
— Я.
— Ш-ш!.. — прашаптала яна. — Усе спяць. Вельмі знясілелі.
— Табе таксама не шкодзіла б паспаць.
— Я цябе чакала. Усё добра?
— Парадак, — адказаў Том. — Але нічога расказваць не буду. Раніцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?
Маці зноў прашаптала:
— Кажуць, у іх тут гарачая вада ёсць.
— Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзіся. Я ўжо не прыпомню, калі ты апошні раз спала.
Але маці дапытвалася:
— А што ты такое не хочаш мне расказаць?
— Ды нічога. Ідзі спаць.
І тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкі:
— А як я засну, калі ўвесь час толькі і думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.
— А ты не думай, — сказаў Том. — Раніцай, як устанеш, надзень свежую сукенку і… тады сама пра ўсё даведаешся.
— Не, я з такімі думкамі заснуць не змагу.
— А трэба. — Том весела хмыкнуў. — Трэба паспаць.
— Добрай ночы, — ціха прамовіла маці, прыгнулася і юркнула ў цемру пад брызент.
Том залез цераз задні борт на машыну. Ён лёг дагары на драўляную платформу і, падклаўшы сплеценыя рукі пад галаву, прыціснуў локці да вушэй. Ноч рабілася халаднейшай. Том зашпіліў пінжак на грудзях і зноў закінуў рукі за галаву. Над ім ззялі яркія, колкія зоркі.
Том прачнуўся яшчэ зацемна. Яго пабудзіла нягучнае бразганне. Ён прыслухаўся і зноў пачуў ціхі ляск жалеза аб жалеза. Ён расправіў зацёклыя рукі і ногі і зябка пакурчыўся. Лагер яшчэ спаў. Том прыўзняўся і стаў глядзець цераз борт грузавіка. Горы на ўсходзе былі сінявата-чорныя, але за імі, на вачах у яго, занялося кволае святло, кранула абрысы гор бледнай чырванню і, расцякаючыся па небе, рабілася ўсё халаднейшым, шарэла і меркла, пакуль зусім не злілося з непрагляднай ноччу над заходнім гарызонтам. А ўнізе, у даліне, зямлю завалакло лілаватае перадсвітальнае сутонне. Зноў нешта бразнула. Том правёў позіркам уздоўж шэрагу палатак, крыху святлейшых за шэрань зямлі. Каля адной з іх бліснуў чырванавата-жоўты агеньчык, які прабіваўся праз шчыліны прапаленай бляшанай печкі. Над куртатай трубой віўся шэры дымок.