ЖАНРЫ

Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ты… гэна… што гэта? — спытаў Піліп.

— А евангелле пра нас… Трэба ж камусьці.

— Добра табе, пісьменны.

Усім было добра. У галаве прыемны туман. Шум. Сядзіць са шлюхай манах-дамініканец. Смяюцца чагосьці. А унь у куце п'е кампанія шляхціцаў. Адзін ужо ляжыць галавою ў місе… Самы сярод іх паджылы, з пасечаным тварам і пачварнымі сівымі вусамі, бурчыць:

— Не, не тое ўжо, што было. Чорт яго ведае, куды коціцца свет! А бывала… Ой, бывала!.. Бывала, ежа была лёгкая. Паеў — праз гадзіну зноў есці хочацца… А жанчыны якія былі! Дваццаць узапар цалаваў бы. А цяпер? І на адну не глядзеў бы… Вы ўсе тут шчанюкі. Бывала, віно, дык гэта віно — усе б, як вось ён, ляжалі б… І вечная слава ў людзей цягну-у-лася, цягнулася. А сёння — то-олькі аб'явілі вечную славу — бац, памёр; бац, заўтра ніхто ні храна яго не помніць.

Паступова, аднак, карчма пусцела, і яны засталіся адны. Нават карчмар пайшоў да сябе. Сёй-той ужо драмаў, паклаўшы галаву на стол, або на падлозе, на сене. Не спаў з Хрыстом Пятро. Было душна, і Юрась адчыніў акно. І вось тады, адчыніўшы, яшчэ далёка пачуў ён у перадранішняй цішыні, прыглушаны адлегласцю, тупат шматлікіх капытоў.

— Здаецца, дасціглі, — сказаў ён. — Ну вось, маеш, Пятро.

З'явіліся агні паходняў.

— Хлопцы, пагоня!!! — крыкнуў Хрыстос.

Усе замітусіліся па карчме. Толькі адзін Іуда, здаецца, нікуды не спяшаўся. Некаторыя скочылі за дзверы. Андрэй пачаў ліхаманкава ціснуцца ў падпечча.

…Іліяш, выскачыўшы, пабег гародам, капуснымі градкамі, блытаючыся ў гарбузінні, якое, здаецца, лавіла яго за ногі.

…Хрыстос уздзеў рукі:

— Петрэ-Петрэ, набліжаецца ўжо да мяне келіх мой. Маем праз цябе ўзяці. — І раптам выставіў акно, скеміў: — Хіба што пакуту акном адсюль вымкнуць?

Пятро кінуўся за Братчыкам, які ўжо ціскаўся ў акно:

— І я, пане, па сіле маёй не адпушчу цябе. Але дзе ты будзеш, і я за табою пайду. Куды ты, Божа, туды і я.

Яны ўцяклі акном і пабеглі гародамі. І тут за іхнімі спінамі пачуўся звон шкла і крыкі — коннікі ўварваліся ў карчму.

За стойкаю гасцінна стаяў Раввуні:

— Можа, яснавяльможныя паны выпілі б? Такіх каплуноў, такога мёду!

— Дзе махляры, карчмар?! — зароў муж.

— Якія махляры?… Э-э… Ну… тут, разумееце, я, а ў бакоўцы — жонка, а ў падпечку, разумееце, куры.

— К-куры?

— Я ж не кажу, што львы.

Андрэй у падпечку пачаў квахтаць, раздзімаючы тоўстую морду. Гроб салому і квахтаў, нібы яйка знёс. Вельмі натуральна.

— На двор, — сказаў муж. — Там яны! Н-ну, мы ім!

Магдаліна паднялася ад печкі і выйшла за імі ў сенцы.

— Слухай, — сказала яна мужу. — Ты ведаеш, што на гэтых людзях?

— Здохнуць, каб яшчэ не ведаць?… Заб'ю падлаў!

— На гэтых людзях справа і прэнг самога кардынала. Іх вось-вось павінны ўзяць. Уцяміў?

Шляхцюк атарапеў.

— Д-добра, — урэшце сказаў ён. — Забіваць не буду. Але ўжо д-дам-дам! За мной, хлопцы!

…Апосталы ўцякалі як маглі. А за імі адусюль, даганяючы, валілі коннікі і пешыя з кіёвым крапілам.

Іліяш — Сымон, на шчасце, паспеў схавацца ў вадзе ля бабровай хаты ды сядзеў там, пускаючы бурбалкі.

Коннікі гналіся за Тумашам. Ён круціўся з шабляй, адганяючы ўсіх, хакаў, а пасля з кашэчым спрытам амаль узбег на бярозу. Бярозу пачалі трэсці.

— Я дваранін! — крычаў ён зверху.

Астатнія ж спаўна выпілі келіх свой. За імі гналіся да шляху самога і яшчэ далей і, трэплючы, пыталі:

— Прарокі, прарокуйце, у каторым лесе тыя кіі раслі?

Яны, нічога на тое не адпавядаючы, з усёй сілы ўцякалі ад небяспскі.

Слова ад летапісца

«…пакуль жывата свайго паправілі, паўтаралі частакрот тыя словы: цяжка нам пакуту панскую і апостальскія даручэнні на целе сваім насіць. Валеем так у сваёй скуры хадзіці, проста жыці на свеце без вымыслаў круцельскіх, бо гэта нам першы раз заплацілі, бо нам зась не казна другі раз прарокаваць. І там жылі ў спакоі».

Слова ад двух сведкаў

«І зноў зманіў летапісец… І Бельскі напісаў так… А было не так. Не жылі мы і надалей у спакоі. Не кінулі масак сваіх на шчасце для людзей, на гора для нас».

Раздзел XXІІ. Уздых Іосіфа Арымафейскага

І, высунуўшы язык, ён закруціў вачыма, як паміраючая каза.

Рабле

Калі яны ўздыхалі — сцены хат надзімаліся, як бычыны пузыр… Такіх цяпер няма. Вывеліся.

Казка

Пі, але закусвай.

Старажытная народная мудрасць

Сядзелі яны ля карчмы, і большасць лічыла сінякі.

— Плач і скрогат зубоўны, — сказаў жанчынападобны Ян. — Не наследуй злу, але дабру.

— Калі вока тваё спакушае цябе, — мацаў здаровы ліхтар Пятро.

А Тадэй выняў з рота зуб і сказаў сумна:

— Фокусы можна было б паказваць.

Пятро ўзарваўся:

— Што ж гэта, кожны раз нас так біць будуць? Куды ж такая работа?!

— Сказана бо: «Будуць біць вас у сінагогах», — сказаў Мацей.

— Пры чым тут сінагога, казёл?! — узлямантаваў Раввуні.

— Не, — усё яшчэ не мог супакоіцца Пятро, — як так далей жыць?! Ты, Езус! Ану, давай нам грошы і ежу, раз вучняў набраў! Хоць нарадзі, хоць з калена выламі, а дай.

— Гандляваць трэба, — сказаў Баўтрамей. — Унь царква індульгенцыямі гандлюе, зноў жа, мошчамі, і ніхто іх не б'е.

— А дарэмна, — сказаў Хрыстос.

— Ну? Дык што? Што?!

— Чакайце, — стомлена сказаў Ісус. — Ёсць план.

…Праз некаторы час прыйшлі яны ў Наваградак і там, не плацячы наперад, бо не мелі грошай, але спадзяваліся іх здабыць, размясціліся ў гасцёўні, што ў парафіі святой Тройцы. Ляглі з малітваю аб удачы замест вячэры.

Магдаліна ж, паказаўшы каму трэба пярсцёнак, дабілася вернага слугі і перадала з ім Ратму, што стаіць у гасцёўні. Яна вельмі спадзявалася, што ён з'явіцца адразу, і не памылілася ў сваіх спадзяваннях.

Ратма прыйшоў і цяпер стаяў у гэтым пакоі, румяны ад хвалявання. Глядзеў на вартую жалю мэблю, на скупое святло свечкі. Гэта была святая сціпласць. І, аднак, ён бачыў, што перад ім знатная дама. Магдаліна паспела выцягнуць з сакваў парчовае пакрывала, распяцце слановай косці і ружанец з рубінаў.

Яго здзіўляла такая сціпласць. Ён быў ад яе без памяці. Гэта была не Ганорыя з Валевічаў.

— Вы… прыйшлі. Вы абяцалі мне… і не падманулі.

— Я не падманваю ніколі… І асабліва такіх людзей… Прашу прабачэння, я нават не магу паднесці вам келіх віна. Я тры дні пасцілася, і вось мы спазніліся сюды, хаця пост мой скончыўся з захадам сонца. Крамы на замках, рынак пусты, у корчмах згас агонь. Міжволі мне давядзецца аддаць Богу і гэтую ноч. Я збіраюся не спаць. Добра, што вы падзеліце неспаннё са мной.

Поделиться с друзьями: