Хрыстос прызямліўся ў Гародні. Евангелле ад Іуды
Шрифт:
Магдаліна магла яшчэ выцягнуь знак, ладанку, дадзеную Лотрам. Але пры ўсіх гэтага нельга было рабіць. Смерць без суда. Чаму яна загадзя не паказала яе дамініканцам?
Яна зразумела, што гэта ўсё. Цяпер нішто не ўратуе. Пасля, на трупе, знойдуць той знак; клірыка за выкрыванне і забойства асабліва даверанай асобы, той, што можа загадваць ад імя царквы ўсім, аддадуць службе і знішчаць. Ці лягчэй ёй будзе ад гэтага? Яна склала рукі і адступіла.
— Распусніца! — узвыў народ.
— Бі яе!
— Дзеўкі, у камяні!!!
Камень ударыў Магдаліну вышэй скроні.
…І тут, пачуўшы гвалт, Раввуні штурнуў Хрыста.
— Глядзі!
— Што такое?
— Магдаліну, здаецца, б'юць, — прабасіў Тумаш.
Збялелы Юрась кінуўся да натоўпу. А гурма ўжо лезла наперад, ціскалася, выла. Лезлі ледзь не па галовах, каб дабрацца наперад, вішчалі. Недзе дурным голасам екатала апантаная бесам. Юрась штурхаў баб, адцягваў за валасы клікуш — і амаль дарэмна.
Але Тумаш добра разумеў, што такое азвярэлы натоўп, а асабліва жаночы. Ён выдзер аднекуль кол і арудаваў ім. Тут было не да ягонага «рыцарства да дамаў». Кол, прынамсі, цверазіў, прымушаў хапацца за выцятае і менш думаць аб ахвяры, а больш аб тым, як знікнуць.
Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.
Яшчэ адзін камень ударыў яе ў грудзі. Пасля трэці — па галаве… Павісла рука. Зямля пад яе нагамі штохвілінна гусцей пакрывалася плямамі. Яна заплюшчыла вочы, убачыўшы, як здаравенны манах узнёс доўбню. І тут нехта прыціснуўся да яе грудзей спіною, закрыў.
…Юрась перахапіў доўбню, з сілаю, выкручваючы ворагу рукі, выдраў яе і шпурнуў пад ногі наступаючым. Там заенчылі.
— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!
— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!
— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!
Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.
Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.
Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.
— Адступі!
Фанатычкі замерлі.
— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!
Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:
— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!
Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.
— Пісанне чытаеце?! А там што сказана? Хто без граху — першы кінь у яе камень… Хто кіне?… Ты?… Ты?…
Камні пачалі падаць з рук. Ляскалі па каменных плітах часцей і часцей.
— А цяпер пакажыце ж і вы сваю ўладу, мужыкі! Бярыце іх, хто за што здолее, ды ганіце дадому, а каго — у касцёл, бо там іхні дом, і спяць яны, відаць па іх, са статуямі. Гэх, дурніцы! Не з вашай галавою ў словах папоўскіх разбірацца. З вашай галавою — у гароху толькі сядзець!
Мужыкі патроху пачалі разганяць гурму. Дзе віцамі, а дзе і хапаючы. Віск, гвалт, тупат. Некаторых — па ўсім відаць, тых, што схапіліся за голавы — мужы вялі за касу і штурхаючы пад бакі. Чакала іх горкая чаша.
Хутка вуліца апусцела.
— Устань, жанчына, — сказаў Юрась, бо Магдаліна ад слабасці ўпала на калені. — Ніхто не кране. Хадзем у гасцёўню.
Са скроняй, па якой сплывалі кроплі крыві, з апушчанымі рукамі (у адной з іх была клетка), яна пайшла за ім. Апосталы зноў расселіся на прыступках і сталі сачыць за гаротным Баўтрамеем.
Намачыўшы губку ва ўчарашнім віне, ён абмываў ёй галаву. На акне, у праменнях сонца, вуркаталі галубы.
— Ну, на галаве толькі моцны сіняк… А тут, ля скроні, скуру рассекла. Нічога. Вось і кроў спыняецца. Смолкай залепім — і ўсё…
Тая раптам заплакала.
— Во, дурына! Кінь. І шнар будзе пад валасамі. Будзеш гэткая самая прыгожая. Вельмі прыгожая. Прыгажэйшая за ўсіх. Што яшчэ?
— Грудзі. Дыхаць цяжка.
— Ці не рабрыну зламалі?
— Н-не ведаю.
Ён пачухаў патыліцу:
— Раздзявайся.
— Ты што?
— Ладна, кінь дурэць. Часу мне няма. Іначай уся гэтая апостальская банда зноў галодная ляжа. А ў жыхароў цыганіць нельга.
Яна раздзелася. Ён пачаў абмацваць бок жанчыны. Проста і натуральна, нібы рабіў гэта Тумашу або Іудзе.
— Цэлая, — урэшце сказаў ён. — Хіба, можа, маленькая трэшчынка. Сёння дастанем насілы — будзем цябе дні два несці. Пойдзем, відаць, на Вільню. Уцякаць трэба.
— Адкуль насілы?
— Гэта не твой розум. Адзявайся.
Пасля ён пагладзіў яе па плячы.
— Па галаве не рызыкую. Вось ужо як зажыве. За што ў вас там бойка была — не мая справа. Але разумніца, дзяўчынка. Смелая. Так ужо іх трапала! Ну, ляж, ачуняй. І супакойся. Мы іх, у выпадку чаго…
Ён пайшоў. Некаторы час яна сядзела моўчкі. Гучна завуркаталі галубы. Ім было добра ў праменнях сонца, якое яна сёння ледзь не ўбачыла ў апошні раз. Нічога. Усё абышлося. Цяпер трэба ўбачыць Ратму.
Яна дзейнічала машынальна, як заўсёды. З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і «велля», і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча… Галубы… Значыць, запіска. Яна дастала маленькі скрутак танюткай паперы, ачыненае вераб'інае перайка, інкаўст [98] у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі:
«Эядянмяэлсчюпялёэасўтўсокмфсяегнчёэгмэяілаўшфупяэйспбфшямоыўняэчшярсб…»
Гэта была «літарэя за адной пячаткай», старажытны беларускі тайнапіс [99] . Магдаліна пісала ім спрытна і хутка. Машынальна рухалася рука. Думак не было. Нібы нейкая запруда стаяла перад імі. Нібы кій трапіў у кола і застопарыў яго.
98
Чарніла.
99
Літарэя-тайнапіс, калі да кожнай літары падбіраюць пару і пушуць замест адной літары другую. «Пячатак» было да сямі. «Літарэя з адной пячаткай» — найпрасцейшая. Яна не патрабавала шыфру. Словы пісаліся злітна. Тут напісана (для зручнасці чытача, вядома, сучаснай моваю): «Ваша правялебнасць, вялікі Лотр. Злачынец вырваўся. Ідзе на Вільню. З дарогі паведамлю».
І раптам яна ўспомніла цеплыню чалавечай спіны на сваіх грудзях. Спачатку толькі яе. Яна была непадобная на ўсе іншыя цёплыя спіны. А яна памятала іх шмат.
Яна ашчаперыла пальцамі галаву і, нягледзячы на боль, сядзела так некаторы час. Пасля ўдарылася лобам аб падвоканне. І яшчэ. Яшчэ. Адзіная вялікая кропля крыві ўпала на пергамент. Жанчына скамячыла яго.
Лілася кроў. На палях, у катоўнях, на вуліцы. Шмат крыві.
Жанчына думала яшчэ некаторы час. Пасля адчыніла клетку, звыкла — лапкі між пальцаў, вялікі палец на крылах — вынула аднаго голуба і падкінула ў неба. Той затрапятаў крыламі ў блакіце, пакружыў і памкнуў на паўночны захад.