Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хвоі гавораць

Чорны Кузьма

Шрифт:

Дзядзька Язэп сягоння зусім маўчыць, скажа толькі некалькі слоў, калі трэба, аб труне ды дошках; ён паволі тупае вялікімі ботамі, сагнуўся нейк шырокаю спіною, і на вусах яго пілавіны - былі яны на рукаве, а рукавом ён разгладжваў вусы.

Сягоння я забыў трохі пра дзядзьку Язэпа і ўпікаю сябе гэтым, зусім не думаю і аб Міхале; у мяне ў галаве, па жылах тупа стукае кроў, галава трохі баліць, і думкі неяк атупелі - некуды згінула з самай ночы вастрата, задрамалі мае ўсякія развагі. Упарта і без патугі думаецца толькі аб адным - аб маленькай смуглявай Досі. Салодкі смутак апаноўвае мяне.

Астап Варывончык, як заўсёды, вясёлы, падморгвае мне хітрымі вузкімі вочкамі і раз-поразу аблізвае губы.

– Чаго ты мне падморгваеш?

– Чаго ты так звяў сягоння?

– Не выспаўся.

– Ну, пэўна ж, што гэта не ад лішняга сну.

Я маўчу.

– Я, як быў малодшым, дык чорт яго калі і спаў - бабы спакою не давалі. Але я быў за цябе мацнейшы, вялым ніколі не быў.

Я зноў маўчу.

– Ты што, бабу маеш?

У мяне з'яўляецца патрэба пачухаць каля вушэй.

– Пот, - гавару я.

Астап Варывончык хітра не спускае з мяне вачэй.

– Пот, - зноў гавару я.

І маўчу. У мяне злосць на Астапа Варывончыка. Чаго ён дапытвае мяне, чаго варушыць тое, ад чаго смутак мучыць мяне. Твар яго проста перада мною. Гэта круглы і рыжы твар, малады і сыты; толькі тонкія маршчынкі і сінія кругі пад вачыма, і галава пачынае лысець. Дзядзька Язэп глядзіць мне ў вочы з хвіліну, пасля, як бы аб чым дагадаўшыся, вызваляе мяне з майго становішча:

– Ідзі, Мікалай, мне тут у гэтай дошцы капт згаблюй - я збіваць пачну.

Цяпер я зусім упэўніваюся, што ён ведае, аб кім я думаю. І мне прыемна глядзець на яго сухую і моцную, прысадзістую постаць. Я іду да яго, а Астап Варывончык запускае руку ў белыя стружкі ў кутку - нядаўна прыходзіў да нас у гумно Тамаш, прынёс нам бутэльку гарэлкі і сухой кілбасы на закуску.

– Пеце, браткі, ды канчайце, - сказаў ён, - жонка хаты не мае.

– Няўжо злуе на цябе твая жонка за гэта?
– ухмыльнуўся Астап Варывончык. Маўчыць, хоць бы слова.

Мы прымецілі, што ён ужо паспеў выпіць... Да яго ў хату ідуць людзі - бабы ўсё найбольш. З мужчын адзін толькі стары Апанас Ярмаліцкі - дый той у хату не заходзіў - угледзеўшы нас у гумне, ён падышоў цераз агароды і пагаварыў з намі трохі аб пагодзе і спелых гарбузах.

Цяпер Астап Варывончык налівае з бутэлькі ў вышчарбленую шклянку і падносіць дзядзьку Язэпу. Той трохі выпівае і аддае назад.

– Чаму не ўсё?

– Не хачу.

– Цяпер ты, Мікалай, дапівай.

Ён яшчэ трохі падліў мне, і я выпіў. Сам Астап выцягнуў цэлую шклянку, і мы закусваем сухою кілбасою. Дзядзька Язэп паволі жуе, стоячы пасярод тока. Неўзабаве з'яўляецца Тамаш і прыносіць нам два селядцы - сяк-так аскрэбаныя і паклычаныя пальцамі.

– Хоць бы ты, сынку, піў, - гаворыць ён мне, - можа аслабеў, габлюючы, дык от выпі яшчэ чарку.

– Не пі, - абарочваецца да мяне дзядзька Язэп, -зашкодзіць.

І, як бы апраўдваючыся, звяртаецца да Варывончыка і Тамаша:

– Што ж з яго будзе за работнік, калі ён нап'ецца?

– Можа вам дошчак не хапае?
– клапоціцца Тамаш.

У гумно раптам з'яўляюцца двое - вяртлявы і маленькі Пятрусь Міхалінчык і доўгі, тонкі і пануры Яўхім Стрыгун, з вострым тварам, белымі валасамі і босы. Я гляджу на гэтую маўклівую і нейкую нясмелую постаць, і мяне апаноўваюць думкі, што гэта, мусіць, прырода стварыла яго такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Ён глядзіць на нашу работу, і на твары яго, поўным рабацення, застыла нясмешная ўсмешка. Пятрусь Міхалінчык весела садзіцца каля Астапа Варывончыка, ляпае яго рукою па калене і падае голас:

– Я нюхам чую, дзе п'юць. Яўхім мне памог: пацягнуў носам ды кажа - хадзем.

– Жартуеш, - апраўдаўся Яўхім.

– Я вам прынясу, хлопцы, другую шклянку, - па-гаспадарску клапоціцца Тамаш.

– Хопіць і гэтае.

І я не ўспеў агледзецца, як Пятрусь Міхалінчык ёмка выпіў, крактануў і ўзяў кусок селядца. Тамаш паднёс Яўхіму. Той спачатку адмовіўся, а пасля, бачачы, што яго больш не просяць, узяў і выпіў. Адламаў кусок кілбасы, агледзеў прытульную мясціну на дошках, каб спакойна было есці, сеў і пачаў паволі жаваць. Рэшту гарэлкі дапілі неяк раптоўна Варывончык з Міхалінчыкам і адразу сталі смешна-вясёлымі.

– Я вам, браткі, прынясу чаго паесці, - неяк радасна сказаў Тамаш; радасна, мусіць, затым, што ў яго гумне вясёлыя людзі.

Яму ніхто нічога не адказаў, і ён, пастаяўшы трохі, падаўся спярша ў бок Яўхіма, а пасля пайшоў у хату.

Астап Варывончык, скрывіўшы раптам набок дробны твар свой, заспяваў:

Охці мне, о-ох; На балоце мо-о-ох... Хлопец па дзяўчыне Сем гадоў со-о-о-ох!..

Пятрусь Міхалінчык уставіўся вачыма ў яго твар, сціснуў каля кішэнь портак кулакі, з нецярплівасцю чакаючы, пакуль той скончыць. Як скончыў, заспяваў раптам прыпеўку з другой песні:

Там хадзіла, там гуляла Дзеўка малада!..

Пасля падумаў трохі, махнуў рукою, змяніў раптам матыў песні на вясёлы і паўтарыў:

Там хадзіла, там гуляла Йэх!.. Дзеўка малада!..

Яўхім спакойна жаваў кілбасу.

Дзядзька Язэп стаў у варотах і глядзіць на пажоўклую траву перад гумном...

Ясна ад сонца і шырока ад першага подыху блізкай восені. Слаўна пахне з садоў бэрамі, блішчаць першыя ніці белага павуціння; скрыпяць на вуліцы вазы - возяць позні авёс, але ціха ад пажаўцеўшых клёнаў... Плюхае вада і спяваюць пеўні.

Стоячы, маўчыць дзядзька Язэп.

Астап і Пятрусь, палёгшы на мяккіх стружках, задумёна спяваюць:

Ой, за полем, полем ды за ўзгоркамі, Пры вадзе берагавой ды пад чаротамі Ды шумела асака...

Дзядзька Язэп выйшаў з гумна і пайшоў паволі, босы, па траве.

Ой, ды як жа асака ды шумлівая!.. Ой, шумела ж яна, як гаварлівая...

Яўхім узяў у рукі бутэльку, паглядзеў, што пустая, і палажыў назад, сеў і маўчаў, мусіць, слухаў:

А там беглі-грукацелі Залатыя-вараныя...

Яўхім адышоўся ўбок, прылёг каля сцяны на саломе і памог танклявым і доўгім голасам:

Эй вы, э-э-ай-э-эй!..

Дзядзькі Язэпа нідзе не відно.

Я выйшаў за вароты, глянуў на асеўшую сцяну пад жоўтыя клёны: на накошанай учора і прывяўшай за ноч палявой траве ляжаў ніцма дзядзька Язэп. Плечы яго трасліся, твар уехаў у траву, і з травою ж пераблыталіся чорна-сівыя валасы на галаве. Я падышоў да яго і сеў.

Поделиться с друзьями: