Хвоі гавораць
Шрифт:
Ён гаварыў, а я капаўся ў сваей душы з грозным загадам сабе:
«Маўчы, дзейнічай перад Досяю, а не перад ім, бо нават ён не мае права ў гэтай справе большага, чым бацькоўская парада... І якое ты маеш права злаваць на яе? Хто цябе паставіў на гэтую пасаду? І хто мае права ставіць каго над кім-небудзь?»
– Гляджу я на цябе - падабаешся ты мне, - гаворыць дзядзька Язэп, закурваючы ад газоўкі.
Але цяпер ужо гэтыя словы яго нічога глыбокага не кранулі ў мяне: тут усё ў Досі.
Але гавары, родны мой, блізкі дзядзька Язэп.
– Як твае справы?
Мае справы такія: канчаю разам з бацькам на полі ворыва, малачу і чакаю з горада паведамленне - ці залічаны я студэнтам. Чакаю ўжо доўга і думаю, што нічога з гэтага не будзе.
Аб гэтым я гавару дзядзьку Язэпу.
– А ведаеш што, - гаворыць ён мне, - здаецца мне, што няма ў табе нейкага спакою, мусіць, нешта мучыць цябе. От перажыў бы ты такое, як у мяне, смерць Міхала - у мяне ўжо мала гэтага будзе, у цябе многа яшчэ. А можа гэта ад таго ў цябе ўсё, што з такіх маладых год пачалося ў цябе ўсякае, падобнае да мае смерці Міхала? Ходзіш ты адзін, хто цябе ведае... Неспакойны ты...
Што мне адказаць яму?
Падумаўшы, я гавару, стараючыся, каб гэта выйшла жартаўліва:
– Сёння дык неспакойны я затым, што ў вас ёсць дзяўчына і завецца яна Дося.
– Што яна табе спабачылася, гэтая дзяўчына, - з адценнямі жарту сказаў ён, - дык я гэта даўно ведаю, адразу ўбачыў тады, як глянуў на цябе. А што ў цябе ад яе неспакой, дык хто ж табе вінават - зараз жа ідзі на вуліцу, бі па храпе каморніка, асадзі яго к чорту - і справе канец.
І ён зарагатаў, але, мусіць, лепш у яго выйшла б, каб ён толькі ціха засмяяўся.
У хаце чуць свяціла газоўка, старая спала каля печы на шырокай пасцелі. Пахла цыбуля з печы і табака...
Слаўны, пагодлівы дзень заўтра будзе...
Я пайшоў у папоўскі сад. Стары Гірш, як і заўсёды, спаў сабе ціха ў саламянай будцы, па садзе таксама хадзілі, абняўшыся, хлопцы з дзяўчатамі, праз адчыненыя вокны відаць было, як ідзе рэпетыцыя да спектакля. Каля стала стаяў настаўнік у ролі рэжысёра, махаў рукою і нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталі, а настаўнік злаваў.
За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, каціў поп па няроўнай зямлі пустую бочку...
І вакол кусты слухалі шэпты і былі маўклівымі сведкамі некаторых спраў.
Стары Гірш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямі, напоўніўся раптам злосцю да Досі... Прыйшлося пайсці ў чытальню і выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...
Слаўныя вечары!
Гэта восень дыхае вясною.
Падморгвалі зоры зямлі, і зямля маўчала - як бы адчувала яна дзяцінства ў маладосці і маладосць у старасці.
Каржакаватыя хвоі, чырвона-агнявыя асіны і жоўтыя бярозы, і пад імі шумяць кусты.
Шумяць... Шумяць!..
І ядлоўцам пахне над полем.
Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама смяюцца яму ясныя дні.
Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну, і журацца дні над свежай раллёю і над балотнай сухой асакою...
Мы выбіраем познюю бульбу.
З пахучых зямной вільгаццю загонаў мне відно, як за шыпшынавымі межамі клапоціцца дзядзька Язэп - нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамі на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, і яны заскрыпелі так, што пачуў і азірнуўся дзядзька Язэп.
– Пачакай!
– крычыць ён мне.
Я чакаю і гляджу, як ён грузна і шырока ступае вялізнымі ботамі і тузае лейцы. Пхае плячом у аглабіну, нейкая дзяўчына выводзіць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, і дзядзька Язэп весела камандуе:
– Па хвасце, па хвасце!..
Там паднімаецца рогат, а дзядзька Язэп выкіроўвас воз на дарогу...
І вось мы поплеч ідзем каля вазоў па вузенькай, каляіністай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохі аб восені і жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбіўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, і зазімаваў адзін на мёрзлых паплавах. І як пасля кончыўся з холаду за гумнамі.
– Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?
І, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:
«Што ў яго цяпер у галаве і на душы?»
Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго і нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: «Дык гэта ж я сам усё ўстанавіў...»
Дома мы ссыпалі бульбу - сперш яму, пасля мне.
Аднекуль з'явілася Дося, і, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:
– Хадзем, я памагу табе.
Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку і сказаў:
– Ды ў мяне там няма чаго рабіць.
– Дзе ты сёння вечарам будзеш?
– запытала тады яна.
У мяне зноў, як і тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакінула стукаць. Тады якая тут мая роля?
Гэта былі разважанні, і з'явіліся яны трохі пасля, тады ж я сказаў:
– Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.
– Які ты слаўны і дагадлівы...
І яна пабегла ў сенцы.
«Слаўна жыць на свеце, - думаў я, едучы на поле.
– Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскідаецца, а мне на нейкі час адкінуць усё гэтае, разам з усякімі разважаннямі...»
Так я адчуваў і вечарам.
Чорненькая, маленькая і гарачая сядзела Дося, прыціснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылі, і я не думаў нічога... Дзядзька Язэп выйшаў на вуліцу, пыхнуў папяросаю і хацеў сесці на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў і запытаў мяне:
– Бацька твой дома?
– Дома.
– Пайду да яго, пакуру.
І пайшоў. А я падумаў:
«Стары Гірш спіць недзе ў сваёй саламянай будцы - нудная і дрэнная работа. Страшна мець сівую бараду і думаць толькі аб яблыках ды аб саламянай будцы...»
Дзядзька Язэп бараду голіць і саламяных будак не любіць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...
«Міхал, братка мой дарагі, Міхал!»
Зоры свецяць, залатыя асіны шумяць, зямля вее размахам і воляй. Недзе людзі спяваюць, недзе зыкі бягуць...
«Братка Міхал, родны мой!»