I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
Мацi з сястрой жалi - прыйшлi з сярпамi. Бацька з двара ўвайшоў у хату, зiрнуў на мяне, але нiчога не сказаў, лёг адпачыць. Мацi з сястрой узялiся за сваю жаночую працу. А мне - сорамна, нiякавата. Пайду заўтра на працу касiць.
Мацi высыпала на стол - зварылася ўжо - з чыгунка бульбу. Пасыпала ўкропам. Ядзiм з кiслым малаком - смачна. Гэта i ўсё - нанач наядацца нельга.
Не пасьпелi вылезьцi з-за стала, як прыбег Вяркееў - ведаю, будзе запрашаць мяне некуды пайсьцi з iм на вечар.
– Лявонавiч (гэта ён да майго бацькi), намахалiся-ж за дзень касою, дык па аднэй не зашкодзiць, косьцi памякчэюць, - i дастаў з кiшэнi паўлiтра.
– Можа-б яно й не зашкодзiла, Сямёнавiч, ды нечым закусiць - цыбулька толькi.
Мацi засаромiлася: як бацька мог сказаць такое пры настаўнiку?
– Ды можа-ж знойдзецца што й да цыбулькi, - сказала яна.
Пасьпешна пачала прыбiраць на стол, запрашаючы Вяркеева садзiцца. Мацi ведала - бацька хоча выпiць. Гэта-ж рэдкi для яго дар. Калi такое зноў надарыцца? Купляць самому - купiла няма. Гарэлка стала дарагою ў капэрацiве. Бацька па гарэлцы не сумаваў - ня пiў. Толькi калi да якого сьвята гнаў яе, i ўжо тады, у кампанii, любiў выпiць i засьпяваць якую-небудзь, абавязкова сумную песьню. Маўклiвы, рабiўся гаваркiм i вясёлым. З бяды, ня гледзячы на свой страўнiк, бацька мог, што называецца, i запiць. Тады ён бунтаваўся, быў нязгодным, аж пакуль, ап'янелы, не расслабляўся сьлязьмi.
Вяркееў разьлiў свой паўлiтэрак на нас траiх (мацi нiколi нават на губы ня брала гарэлкi). Выпiлi. Я рады, што бацька загаманiў - мяне мучыла ягоная маўклiня. Але Вяркееў рваўся ўжо з хаты, увесь час сыгналiзаваў мне сваiмi вiрлiвымi вачыма.
– Ну, ваша дзела маладое. Iдзеце, гуляйце!
Невядома было, цi гэта тычылася толькi Вяркеева, цi й мяне. Мы выйшлi. Мацi толькi й пасьпела сказаць:
– Надта-ж не пазьнiся.
Пра сваю гутарку з упаўнаважаным я не сказаў Вяркееву, хоць, дапушчаю, ён ведае пра яе. Я нiчога не гаварыў пра гэтую гутарку i ў хаце.
– Ну, куды сьвiсьнем?
– пытаецца ў мяне Вяркееў.
Я, канешне, i ня думаў заходзiць да Вусьцiна, каб ён завёў мяне да той, што "доўга не ламаецца", i адказаў Вяркееву:
– Куды хочаш сьвiшчы, я нiкуды не пайду. Глядзi, якая прыгожая ноч! А месяц! Такога болей нiколi ня будзе! Пойдзем да ветрака, адтуль, з вышынi, ты пабачыш, якое прыгожае ў месячным сьвятле Макранскае навакольле! Ты жывеш тут ужо колькi гадоў, а тутэйшага хараства i не прыкмячаеш. Гэта-ж проста зачараваны край, а ты ня можаш спазнаць яго. Хочаш пакiнуць гэты край.
Вяркееў, як-бы раззлаваўшыся:
– Табе ўсё высокая матэрыя, а мяне вабiць нiзкая матэрыя. Пройдзем на вёску, я адскочу на хвiлiнку, а ты пачакаеш.
– Што такое ў цябе?
– Ведаеш, калi на тое ўжо пайшло - прызнаюся табе - бяда. Папаўся. Але можа як яшчэ й абыдзецца.
I Вяркееў расказаў мне пра сваю Акулiну, маладую i, як ён сказаў "дзябёлую" дзеўку, прыбiральшчыцу ў школе. Напачатку Акулiна прыходзiла прыбiраць - мыць падлогу - разам з сваёю мацi, потым пачала ўпраўляцца сама. Прыходзiла Акулiна мыць падлогу ў суботы, калi ня было заняткаў. Вяркееў нiколi не зьвяртаў на яе нейкай асаблiвай увагi - няпрыгожая, "грубая матэрыя". Мые ну й мые - нехта-ж мусiць мыць. Ды аднойчы выйшаў Вяркееў з свае кватэры - невялiкага пакойчыку - на карыдор. Зьдзiвiўся: у ягоны клас адчыненыя дзьверы. Стаў у пройме адчыненых дзьвярэй i пабачыў... упяршыню пабачыў - Акулiна, нагнуўшыся, шаруе анучай падлогу. Павернутая да яго задам, шпарка ходзiць - туды i сюды. Кароткая сукенка на ёй, задраўшыся, лезе на сьпiну, агаляе ейныя пругкiя iкры. Яна не прыкмячае настаўнiка - робiць сваё, а ў Вяркеева памутнелi вочы - такой спакусы ён яшчэ ня бачыў. Заманiў Акулiну ў свой пакойчык i сталася тое, чаго не магло ня стацца.
Школа цяпер пустуе - лета, няма заняткаў, i Акулiне нязручна заходзiць у школу бяз дзела, а Вяркеева яна хоча мець. Выйшла з хаты спаць на двор, у iмшанiк, куды цяпер i хоча на хвiлiнку "адскочыць" Вяркееў. Ён хацеў-бы i збавiцца ад яе, але ня можа - цягне, ды й яна горнецца да яго ўсёй душой, жаркая, лiпкая. Пастанаўляе ня йсьцi да яе, а наступiць вечар - ня можа ўстрымацца, бяжыць да яе. Пагатоў, што яна быццам ужо зацяжарыла, i яму ўжо не адчапiцца ад яе - ухлёпаўся. А мо яна толькi пужае яго? Можа яно як i пройдзе.
– Я хутка спраўлюся, - гаворыць Вяркееў.
А мне не па сабе: чаму я мушу яго чакаць, пакуль ён "справiцца"? Мiжволi мяне ахоплiвае ўяўленьне таго, што чакае Вяркеева ў Акулiны.
Мы ўжо на Акулiнiным панадворку. Месяц сьвецiць, як назнарок, зырка. Нiякага ценю - нас могуць пабачыць з вокнаў бацькi Акулiны. Як праз мiннае поле, праскочылi панадворак. Апынулiся ў садзе. Вяркееў цiхенька стукае ў сьцяну, за якою сьпiць Акулiна. Чуткая, яна саскоквае (чуваць было) з свайго ложку - чакала, ня спала. Адсоўвае завал у дзьвярох, i Вяркееў нырае ў тыя дзьверы, як у якую ямiну. Я толькi цяпер усьведамiў, у якiх дурнях я апынуўся. Хаваюся ў цень разложыстай грушы. Ды сад, увесь залiты месячным сьвятлом, здрадлiвы, выкрывае мяне. Мне трэба было пакiнуць Вяркеева, не чакаць яго пакуль ён "скончыць". Але мне ўявiлася ў гэты момант Акулiна - у кароткай ночнай сарочцы, i я стаю, ня йду, чакаю Вяркеева.
Вось Вяркееў ужо "справiўся", выходзiць ад Акулiны.
– Выбачай. Здаецца, я не забавiўся надта. Каб яна мяне хутчэй адпусьцiла, я сказаў, што ты ждэш мяне.
Мяне, як апякло - нашто ён сказаў, што я тут. Асыстую, цi што?
Пачулiся дзявочыя галасы - зацягнулi песьню, такую сумную i павольную, што, здавалася, некага недзе хаваюць.
– Сядзяць яшчэ, дуры. Ня йдуць спаць, - азваўся Вяркееў.
– Зайшоў-бы й ты да якой, а то глытаеш сьлiнькi.
Мяне гэта раззлавала, але я змоўчыў. А чаму "раззлавала"?
– запытацца-б. Сьлiнькi я-ткi глытаю. У яго ўсё проста, а ў мяне - складана.
Падыйшлi да дзяўчат. Яны, як i заўсёды, на сваiм мейсцы, пад хатаю дзеда Мельнiка. Мельнiк iх ня гонiць. З нашым прыходам дзяўчаты сьцiхлi - сумелiся.
– Дзеўкi, во яшчэ два жанiхi прыйшлi. Не зявайце. Запрашайце ў клець. Добрыя хлопцы.
Гэта жартуе Вусьцiн. Ён сядзiць памiж дзяўчат, шчыплiць iх, лезе з рукамi куды ня трэба. Абараняючыся, яны калоцяць яго кулакамi, невядома - напраўду, цi ўяўна.
– А можа яны ўжо былi ў клецi i другi раз можа не захочуць, - адказала Вусьцiну нейкая, вiдаць, самая баявiтая.
– Калi-б былi ў клецi, рана так-бы ня выйшлi.
– Зашмат ты ведаеш, мой ты Вусьцiнчык, - кпiла з Вусьцiна баявiтая i абнiмаючы яго, прыгаварвала:
– Дай я цябе, мiленькi, пацалую.
– Вытры перш свае лыпы... тады, - падняўся Вусьцiн i падыйшоў да мяне. Я насьцярожыўся - што ён скажа? Вусьцiн узяў мяне за плячо, адвёў у бок i цiха, каб не пачулi, прамармытаў:
– Пойдзем. Завяду. Да Агапкi. Яна хоча цябе.
А потым:
– Чаму ты не зайшоў да мяне?
– Вусьцiн, пакiнь мяне, прашу, - адказаў я ў злосцi i мяне пачулi дзяўчаты.
– Ня хоча!
– як адсек Вусьцiн.
Дзяўчаты выбухнулi сьмехам.
Абсьмяяныя, мы ня ведалi, як адыйсьцiся ад iх. Ды гонар загаварыў у нас i мы пайшлi.
– Узыйдзем да ветрака?
– запытаўся я.
– Не. Пайду спаць. Правядзi мяне да моста i я пайду. А ты йдзi да ветрака.
Я рады быў, што ён пайшоў. Але мне сумна аднаму. Мне не хапае некага. Некага, хто мог-бы быць разам са мною. Вяркееў ня быў са мною. Ён быў з сабою, далёкi мне. Я быў з iм, але мая душа адварочвалася ад яго, баранiлася. Вяркееў кажа, што я нерэальны, а я ня люблю яго, рэальнага.