I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
Рэчка памiж нашымi хатамi густа парасла вербалозам i дзецi, заседзеўшыся за зiму ў хаце, гуляюць тут вясною ў хованкi. Тут ёсьць вельмi ўтульныя, зарослыя травой, мясьцiны. На iх можна паляжаць, загарэць на сонцы.
З вакна бачу, як да Пiлiпа iдуць госьцi. Пасьвяточнаму ўбраныя - маладыя i старэйшыя. Нешта нясуць з сабою. Валяць як на кiрмаш. Але я знарок не сьпяшаюся, хоць мяне й цягне туды. Ды й сястра яшчэ не гатовая, усё прыстройвае - i ўсё ня можа - перад люстэркам прычоску.
Адазваўся гармонiк у Пiлiпавай хаце, вясёлае рэха пакацiлася па рэчцы значыць, прыйшлi скамарохi. Ударылi ў бубен i маё сэрца скалынулася ў салодкай трывозе.
Нарэшце, мы выбралiся з сястрой. Iдзём праз мост, сястра баiцца запылiць бацiнкi, ступае асьцярожна. Яна малая, прыгожая, стройная, з кветкамi ў руках. Iдзе як-бы ў царкву, сьцiплая, прыўзьнята-засяроджаная. Мне чамусьцi шкада яе. Шкада, што яна такая прыгожая i добрая. Я хацеў-бы, каб гэта было ейнае вясельле. Але мая сястра ня хоча выходзiць за абы каго. Сваталiся ўжо - не захацела, не пайшла. I ў першы раз, i ў другi.
Перад Пiлiпавай хатай чыста падмецена вулiца - тут, думаю, будуць танцаваць. Вынесены стол з двума крэсламi побач. Дзень - як таго хацелася: сонечны. Сонца ўжо на самай сваёй вышынi.
Уваходзiм у хату. Хiма адразу перахапiла нас, вядзе да стала на покуце. Сястра, паставiўшы кветкi на стол i прывiтаўшыся з Эмай i Ягорам, адыходзiць на дзявочую старану. Я саджуся за стол, як хацела Хiма - побач Ягора. З другога боку, побач мяне будзе сядзець - яго яшчэ няма - старшыня сельсавету. Гэта мне ня вельмi падабаецца. Ня вiдаць яшчэ i Вяркеева. Але ён казаў будзе. За сталом таксама фiнагент i капэратар, Ягорава радня - старыя i маладыя, мужчыны i жанчыны, незнаёмая для мяне маладая пара - усяго ўцiснулася тут чалавек пятнаццаць. Да стала прыстаўленыя, апрача крэслаў, услончыкi, розныя скрынкi. Шмат чаго з гэтага было прынесена гасьцьмi. Паўз сьцен стаялi яшчэ сталы. Пасярэдзiне-ж хаты стаяў даўжэзны стол, густа заселены i застаўлены бутэлькамi. З правага боку ад стала, што на покуце, сядзелi скамарохi з гармоняй, скрыпкай i бубнам.
Пiлiп хадзiў ад стала да стала, прывiтваў гасьцей, глядзеў, каму чаго не хапае, дапамагаў жонцы. Той ня было супыну - падавала на стол ежу, талеркi, нажы, вiдэльцы, прыймала гасьцей, што ўсё яшчэ напаўнялi i так ужо перапоўненую хату. Госьцi яшчэ ўстрымлiвалiся есьцi i пiць, гаманiлi, жартавалi, сьмяялiся, чакалi пакуль нехта павядзе рэй, падасьць каманду, але каманды той усё ня было, гаспадары былi паглынутыя сваiм жаданьнем дагадзiць гасьцям нагэтулькi, што забылiся знайсьцi распарадчыка, якi мог-бы весьцi вясельле, калi i не па старому звычаю, дык хоць надаваў-бы яму нейкi лад i зладжанасьць. Госьцi аглядвалiся, цi ня ўзьнiмецца хто на покуцi - пара-ж пачынаць. Маладыя пачувалiся няёмка, на iх была зьвернутая ўся ўвага. Нарэшце, вярнуўся да свайго стала на покуце Пiлiп, узяў напоўненую шклянку i, узьняўшы яе, акiнуў вачыма гасьцей. Тыя, угледзеўшы яго, сьцiхлi. Пiлiп пачаў:
– Ета я хачу сказаць, дарагiя госьцiчкi, што мы ета рады, што вы не пагрэбвалi намi i прышлi. Не абяссудзьце, калi што ня так. Дык ета пажылаем нашым маладым, - Хiма падыйдзi й ты!
– нашым дзецям сыгласнай i шчаслiвый сумесный жысьцi. Прашу ета ўсiх дружна выпiць за ета.
Хiма, стоячы побач мужа, дадала, хрысьцячыся на iконы ў покуце:
– Памажы iм, Божанька...
Яна нешта яшчэ шаптала, як малiтву. Госьцi весела i дружна, з пажаданьнямi шчасьця маладым, хто ўзьняўшыся, хто седзячы, радыя, што, нарэшце, быў дадзены ход справе, выпiлi за маладых, крыкнулi "Горка!" Ды Эма неяк упарцiлася, ня надта ахвотна цалавалася з Ягорам, калi той першым падстаўляў вусны.
– Што ета яна?
– не пасаромiўся нехта выгукнуць.
– Гарманiст, давай, братка!
Скамарохi адказалi дружнай, залiхвацкай музыкай. Пачалiся частыя тосты. Не разабраць, хто што гаворыць. Тлумна. Весела.
На парозе паказаўся старшыня сельсавету з Вяркеевым. Хiма, падляцеўшы да iх, павяла ўвайшоўшых да стала на покуце. Старшыня, iдучы, вiтаўся з усiмi, матляючы галавой направа i налева. Вяркееў iшоў сьледам за iм. Старшыня ўсеўся ля мяне, ня прывiтаўшыся са мною. Я ня надта рады быў ягонаму суседству. Вяркееву ня было месца, але бабы, ап'янеўшыя ўжо, уцiснулi яго мiж сабой.
Старшынi ўлiлi ў шклянку i ён - нi з бухты-барахты, - узьняўшыся, нацэлiўся гаварыць прамову. Госьцi прыцiхлi - будзе-ж гаварыць старшыня. I старшыня пачаў:
– Спiрва пыспасiбкаю ета Пiлiпу i Хiме, што й мяне нi прамiнулi. Быльшая чэсьць для мяне быць тут. Стыршыню нi любяць, но прiглашаюць (на хаце зарагаталi). Ета я знаю. Но Пiлiп чылавек наш, хырошый чалавек, пыддзержываець савецкую ўласьць на ўсiх яе крутых пываротах. Пiлiп первый пашоў у калгас, аддаў увесь свой скот. Нi шэпчыцца па завугольлю. Пiлiп савецкiй, хрiсцiянскiй чылавек. Пiлiп сямейсьцьвенный чылавек. Я ўжо не гаварю пра Хiму. Таварiшчы, Хiма залатэй чылавек - яны выгыдавалi дзяцей. Дык вып'ем ета за харошых бацькоў - Пiлiпа i Хiму.
Старшыня, асушыўшы, стукнуў дном парожняй шклянкi аб стол - паставiў.
– Таварiшчы, цяперь ета хачу прыздравiць нашых маладых. Харошая пара. Красiвая пара! Можна сказаць, смычка дзяреўнi з горадам (сьмех). Смычка крiсьцьянства з прылiтарiятам! Маладзец. Ягор! Нi павёў сваю к папу. Прывёў к нам, у сiльсавет, зарыгiстравацца. Так ета i нада! Пасавецкаму. А што-ж там! Ат чыстага серца ета прыздраўляю вас, Ягор i Эма, жылаю вам харошэй, шчасьлiвый, мiрный жысьцi (што-б нi бiлiся!). Любiце адзiн аднаго, дзяцей ныжывайце i нас нi забывайце. Вып'ем ета, пакуль яны не пайшлi ў клець, за маладажонаў!
Узьняўшы налiтую ўжо для яго шклянку, старшыня дыхам асушыў яе i высока ўзьнятай, ударыў ёю аб падлогу, - эфэкт быў поўны. Старшыня сеў i, заядаючы, зьвярнуўся да мяне:
– Ну, а ты чаго сядзiш куцьцёй - нi бэ, нi мэ? Тост быў, а ты й нi пiў? Не, так, таварiшч пiсацель, ня пойдзiць! Якей-жа ты пiсацiль, калi ня п'еш? Пiсацiлi п'юць. На тое-ж яны й пiсацiлi.
Налiў сабе i, ня пытаючыся, падлiў мне. Падагрэты, пад ягонай прынукай, я выпiў да дна поўную шклянку "пшанiчнай". (Гэтую гарэлку прынёс - некалькi бутэлек - капэратар.) Чую, як заклала вушы, цёплы струмень пайшоў па жылах, аж да самых пят. Да мяне даходзiць - як на вялiкай адлегласьцi - прыглушаны гуд на хаце i ўдар бубну. Мне лёгка, радасна, я ўжо не саромлюся, я ўжо не "куцьця", я ўжо нiчога не баюся. Я - п'яны. Я хачу гаварыць, але не з старшынёй, у маiм п'яным мазгу нядрэмны кантралёр падказвае мне не гаварыць з iм, высьцерагацца яго. Балазе ён ушчаў гаворку з Ягоравай цёткай, што сядзела насупраць яго. Эма падсоўвае мне талерку, каб я закусваў, але гэтага я добра ня ўспрымаю, дакрануся толькi да ежы i забываю - ня ем. Я хачу гаварыць, гаварыць, гаварыць. Мне сьмешна й добра. Бубен ня сьцiхае - б'е. Пэўна, я ўсё-ткi п'яны. Хачу вылезьцi з-за стала - мне дрэнна. Эма падае мне руку памагае вылезьцi. Гаворыць, якая ў мяне цёплая, далiкатная рука, у Ягора шурпатая, Ягор - ФЗУ. Хоча са мной танцаваць, а я ледзьве стаю на нагах. Нехта гаворыць: "Набраўся ўжо", "Зялёны яшчэ". А што мне тое, пра што яны гавораць. Няхай гавораць! Пашлi яны к чорту!
Ягор бярэ мяне ў ахапак, чую ягоныя "шурпатыя рукi". Хоча вынесьцi мяне ў сенцы, на прахалоду. Скулу! Не панясеш! Адштурхнуў яго. Набегла Хiма: "Штой-та вы, даражэнькiя?" Дае мне выпiць расолу. Я не бяру. Нашто мне расол? Я ўжо не п'яны. Iду к сталу на сваё месца. Налiваю сабе гарэлкi.
– Во цяперь ты пiсацiль, - узьнiмае сваю шклянку старшыня сельсавету. Хоча са мною чокнуцца, а я ўжо выпiў. Не хачу чокацца з iм. Эма дражнiць Ягора: кормiць мяне. I цяпер я слухаю яе - ем. Але - не! Я не хачу дражнiць Ягора! Мне не патрэбная ягоная Эма! Мне добра самому. Я хачу паказаць, што я не "зялёны", што я не "набраўся" - магу выпiць яшчэ болей. Налiваю сабе. П'ю. Слухаю Эму - ем. У мяне вялiкi апэтыт. П'ю i закусваю. Гарэлка мяне не бярэ. Магу танцаваць. Запрашаю Эму, але яе перахоплiвае Ягор. Стаю ў нерашучасьцi. Да мяне падбягае з кругу, пакiнуўшы сваю сяброўку, адна маладзiца, валачэ мяне, п'яная, танцаваць, i я пайшоў. Я танцую ня толькi з ёю - жартуючы, мяне адбiраюць ад яе, галоднай, iншыя - у крузе амаль што адны жанчыны. Мужчыны сядзяць за сталом - п'юць, гамоняць, сьпяваюць. Бабы, як ачмурэлыя, трэпяцца шмоцьцем у танцы, цiснуцца, цалуюцца, абнiмаюць адна адную. Адкуль у iх такая сiла? Скончыцца танец - цягнуць мяне за стол, даюць мне пiць, п'юць самi, падносяць мне закуску на кончыку нажа. Цягнуць зноў у танец. I мне добра з iмi. I сораму няма ў мяне. Танцую. Абнiмаюся. А што-ж там? Я - п'яны. Аж бачу - ля загнету стаiць з сваiмi таварышкамi Дуся. Глядзiць! Яна ўсё бачыла! Калi яна прыйшла? Адкуль? Як я ня ўгледзеў яе? Спрабую ўсьмiхнуцца ёй, хачу загаварыць, але мая няўрымсьлiвая маладзiца, абхапiўшы мяне двума рукамi на поясе i адкiнуўшы назад сваю галаву, кружыць мяне нясьцiханна, не адпушчае. Я зьбянтэжаны. Ня ведаю, што рабiць... Калi мы, кружымся, праходзiм па кругу паўз Дусi, яна адварочваецца, загаворвае з сваiмi таварышкамi. Косы ў яе iльсьняцца, бровы ўзьнятыя, пагляд кiдкi, строгi. У новым сьвяточным адзеньнi, яна нявымоўна прыгожая. Скончыўся танец, я вырываюся з рук мае маладзiцы, падыходжу да Дусi, а яна з сваiмi таварышкамi - за парог, на вулiцу! Там поўна моладзi - хлопцаў i дзяўчат. Танцуюць. Скамарохi сядзяць на лаўцы ў хаце памiж адчыненымi вокнамi i iхная музыка чутная як у хаце, гэтак i на вулiцы. Я хачу таксама iсьцi на вулiцу - мне душна. Але мая маладзiца ўчапiлася за мяне не на жарт.
– Ты ня хочаш мяне?
Цягне да стала. Цалуе. Бачу - вылазяць з-за стала старшыня i Вяркееў. Iдуць да выхаду паўз мяне. Мяне не зачапляюць. Чорт з iмi - няхай iдуць! Саджуся з маёй маладзiцай за ейны стол. Маё месца на покуце даўно страчана. Там сядзяць яшчэ фiнагент i капэратар. Яны не танцуюць - п'юць. Да iх прысеў i сам гаспадар. Хiма-ж усё глядзiць за гасьцьмi, ходзiць ля сталоў, выяўна мной не задаволеная - на мяне не глядзiць, як-бы не прыкмячае. Ёй, вiдаць, не падабаецца, што я сяджу з малодкай, танцую з ёй, дазваляю, каб мяне цалавалi. Мусiць яшчэ й таму, што не сяджу з Ягорам, не знаходжу з iм, колiшнiм таварышам, гаворкi.