ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— А хрыстосавацца загадзя — не грэх? — пытае Стафан.

Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.

— Кагосьці яшчэ няма, — глухім голасам сказаў Алесь.

— Мяне, — і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.

Алесь жартам узняў яе, — ого!

Янька глядеза на яго сур'ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.

На сцежцы пачуліся крокі.

— Хто гэта тут маю нявесту чапае? — прагучаў юначы прыемны голас.

— Мсціслаў, — віскнула Янька і кінулася да яго.

Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.

Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з'явілася ўсмешка:

— Вялікая ноч?

— Вялікая ноч, дружа.

І гэта гучала, як: "Па-ранейшаму?" — "Давай па-ранейшаму, дружа".

І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:

— То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?

— Бо тут Кагуты, — сказаў Алесь.

— Во шчасце якое, — наiўна сказала Янька. — А мы якараз хацелi ў Мiлае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.

Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.

Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.

Мсціслаў стаяў і смяяўся.

— Я гэта чаму, — з удаванай наіўнасцю сказаў ён. — Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну — няма. Я ў Мілае — няма. Куды, думаю, цяпер?

У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.

— Пачынаецца, — сказаў Андрэй.

Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.

— Ты малайчына, — сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. — Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.

І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.

— Зараз званы ўдзярбаняць, — сказаў Кандрат. — Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.

— Лухта якая! — скзаў Мсціслаў.

— Я і не кажу, што праўда.

— Людзі вераць, — сказаў Андрэй. — Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон — валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.

— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.

Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:

— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.

— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.

У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.

— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.

Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:

— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".

Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.

Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй з золатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.

— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.

І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.

…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.

Набліжалася Майка. Свечка ў тонкай руцэ злёгку нахілена — аплывае жаўтаваты воск. Вочы, як у бацькі, глядзяць паўзверх галоў, ці на белыя, як яе рукі, галіны бяроз, ці на агеньчыкі зор.

Маленькі рот зараз зусім не ганарысты, а добры і ласкавы.

"Майка. Майка. Майка".

Мінаюць. Зараз спыніць нязручна. Побач з ёю Стах. (Алесь не ведаў, што Стах узрадаваўся б.) Пераліваецца кранутая сям-там срэбрам белая кашміровая сукня.

— Шэсце жон-міраносіц, — сказаў ціха Кандрат.

І, забыўшыся, падтрымаў блюзнерства непапраўны Мсціслаў. Склаў бондачкай вусны і сказаў тонам старой ханжы-дзеўкі:

— Лідуша надзела парфірную сукню і пайшла ў царкву… Меланхолія!

І, сустрэўшы вочы Алеся, раптам зніякавеў:

— О… даруй, мілы!

Андрэй моцна схапіў Кандрата за плячо і павёў трохі далей.

— Патаўпешка, — сінія Андрэевы вочы звузіліся. — Дурное сяло. Ты што, не бачыш?

Яны спыніліся наводдаль. Кандрат пад позіркам брата апусціў галаву.

— Бачу, — нечакана сур'ёзна, з горыччу сказаў ён. — Не падабаецца мне гэта. Улюбіўся як чорт у сухую грушу.

— Не твая справа, — ціха сказаў Андрэй.

І раптам Кандрат ударыў нагою бярозавы ствол:

— Чорт. Ну, будзе яна яшчэ здзекавацца — спалю Раўбічы… Корчака знайду, і разам спалім.

— Тфу, — сказаў Андрэй, — дурны ты.

— А што?

— Каб усе хаты дзяўчатам палілі, калі тыя здзекуюцца… Гэта ж страшна падумаць, што было б… Па ўсёй зямлі попел з ветрам гуляў бы.

…Шэсце тым часам трэці раз абыходзіла царкву. Жаўцелі бясконцыя агеньчыкі, ліліся парча і буркацель, звінелі галасы.

Вось ідзе пан Яраш. Ідуць іншыя. Але нашто глядзець на іх, калі вось плыве за імі… Трохі адстала ад усіх. Ідзе. Попельныя, з няўлоўным залацістым адценнем валасы. Пад матавай скурай на шчоках глыбінны празрысты румянец. Добры рот і вочы, якія глядзяць на бярозы, на шапкі граковых гнёздаў, на цёплыя льдзінкі зор.

Поделиться с друзьями: