ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вежа ўскінуў галаву.

— У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі… Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія і такі можа есці нават аўсяную салому. "Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…" Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі… І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей яна чужая нам… Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.

Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.

— Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна — у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою [9] . Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці — народу.

9

Капа — сярэдневяковая грамадская зборня на Беларусі. Разбірала ўнутраныя пытанні абшчыны.

Алесь узняў келіх:

— Я п'ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.

Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым — спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней загучалі воплескі.

…Прамова спадабалася. Трохі па-маладому гарачая, але гэта нічога. Малады ёсць малады. Алеся прынялі аднагалосна, хаця некаторыя доўга раздумвалі. І ўсё ж аддалі шары і яны. Збаяліся агульнай думкі. Прамова была крамольная, і таму, калі б чуткі аб ёй дайшлі да старонніх, да адміністрацыі перш за ўсё западозрылі б тых, хто не кінуў шара. А гэта было небяспечна.

Агульнае асуджэнне было бязмернае, і таму нават самы подлы, самы разгневаны не рызыкаваў ісці на данос. Толькі гэтым і можна было растлумачыць, што за дзесяць год, што былі перад паўстаннем, з многіх тысяч удзельнікаў змовы не быў арыштаваны ніхто.

У размовах пасля прыёму шмат хто не хаваў свайго раздражнення на маладога Загорскага. Былі спрэчкі. Была і лаянка.

Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка:

— А Загорскага сынок… Чулі? Якабі-інец.

"Якабінец" тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць "права першага". Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.

— Давайце!

Браты пачалi ляпаць яго па плячах, раўцi мядзведжымi галасамi, што смелы быў, як леў, што так i трэба.

Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя "пад мароз", па драўляных размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.

— Васпана напаіць трэба, ракатаў пышнавусы круглы Іван. — Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку… А палыновая!

— Я не п'ю… Амаль не п'ю.

— Амаль — гэта вобмаль, — павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар.

…Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.

— Сохнуць, — сказаў Тодар. — Некаторыя па шэсць-восем год. Хоць ты скрыпкі рабі… Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.

— Кінь, грукатаў Іван. Няма чаго гнявіць бога.

Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.

Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.

Наступны пакой сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.

Селі за стол.

— Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі… Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі… Рыжычкамі… Бач якія, з капеечку кожны. І не больш…

Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.

Урэшце ўсе наеліся.

— Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, — сказаў Алесь.

І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.

— Я мяркую, — сказаў Алесь, — вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. І растлумачыў: Я толькі малодшы гаспадар, панове.

Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.

— Добра, — сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. — Карты на стол.

Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.

— У нас ёсць пляменніца, — густа сказаў Іван. — Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.

Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: "Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год". Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.

— Ясна, — сказаў ён. — Што залежыць ад мяне?

— Мы хочам арандаваць у пана Юрыя тую вялікую пустку, каля нас. Грошы гатоўкаю, хай не турбуецца, грэх крыўдзіць бедную сірату.

— Але?…

— Але і нам ужо досыць абрыдла апекавацца. Ёй час гаспадарыць самой. Мы купілі тыя кліны, што ля пусткі. У Браніборскага. Улічыце, за свае грошы.

— Ведаю, — сказаў Алесь. — Зямля благая. Танная.

Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.

— Мяркую, пустка патрэбна вам пад нейкую забудову.

— Бровар, — сказаў кіслы Тодар.

— І зямля вам патрэбна як гарантыйны фонд! Пад жыты і бульбу. Пакуль бровар не прыдбае сталых, заўсёдных пастаўшчыкоў сыравіны?

— Але, — трохі збянтэжана сказаў Тодар.

Алесь думаў. Браты з некаторай ніякавасцю глядзелі на яго.

— Зямля тая пустуе, — сказаў урэшце юнак. — Я думаю, што прывязу бацьку выгадную здзелку. Аб суме арэнды і тэрміне яе зложыце пагадненне з панам Юрыем. Браты ўздыхнулі з плёгкаю.

Але радавацца было ранавата. Алесь раптам сказаў:

Поделиться с друзьями: