ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Н-не разумею вас, — сказаў Ісленьеў. — Адкараскацца, адкруціцца захацелі ад сваіх мужыкоў, — сказаў Вежа. — У голад кінуць… Мне, граф, вядома, не хочацца, дзеля ўнука, каб прыгон адмянілі… Але каб вырашылі сумленна адмяніць — я першы аформіў бы. Грэшная, злая справа. Састарэлая. Непатрэбная.

Вусны ягоныя былі горкія.

— Як бабу… цалавалі, дык завушніцы абяцалі, а як баба раджаць, дык яны ўцякаць… Было: яны нашы, таму што зямля наша. А тут выходзіць, усё наша: і грошы за заклад, і зямля, — толькі яны не нашы. Нашто яны нам з голым пузам? Хай у старцы ідуць. Хай самі за сябе плацяць нядоімкі, якія дагэтуль за іх плацілі мы. А нядоімак у гэтых вось гаспадароў набралася ледзь не ад часоў цара Гароха… Людзі галодныя — дзе ім плаціць? Урад ішоў на некаторую адтэрміноўку, каб апошняй шкуры з мужыка не злупіць. А вы спытайцеся ў гаспадароў — ці забылі яны хаця адзін год мужыка пастрыгчы? Вось… Вось яно і ёсць.

— Што б вы прапанавалі?

— Пачуеце, — сказаў Вежа. — Яны ў мяне павінны спытаць. І я адкажу.

Галас усё нарастаў.

— Вырадкі! — крычаў Кроер. — Сацыялісты!

— Кроер, я абарву вам вушы, — сказаў Раткевіч. — Я мяркую, вы яшчэ не заклалі ў карчме вашай шпагі?

Кроер зароў. І тут перад ім раптоўна стала Надзея Клейна.

— Ну, — сказала яна. — Ну! Што ты збіраешся рабіць, аспід, дай я гляну.

— Жанчына, адыдзі!

І тут Клейна спрытна, як кошка, схапіла яго пухлай ручкай за вуха.

— Не торгайся, бацюхна… Я табе цяпер не жанчына. Я на зборні. Такая, як усе. Сядзь, бацюхна. Сядзь ціхутка. І слухай, што разумныя людзі гавораць.

Зала рагатала. І рогат зрабіў тое, чаго не зрабілі б аголеныя шпагі. Кроер сеў.

І адразу ўдарыў у гонг Басак-Яроцкі.

— Я полагаю, лучше всего решить этот вопрос, ввиду расходившихся страстей и резкого размежевания собравшихся, путем баллотировки. Но раньше, думается мне, надо опросить нескольких, известных своим состоянием, возрастом или умом, дворян.

— Але, — загулі галасы.

— Тады я пачынаю, — сказаў Яроцкі. — Пан граф Хаданскі.

Хаданскі ўстаў. Паблажлівая завучаная ўсмешачка нерухома ляжала на яго вуснах.

— Не разумею прычыны спрэчкі, — сказаў ён па-французску. — Сярод Янак пакуль што не заўважана ні Лавуазье, ні Мармантэляў. Пан Раткевіч, вядома, выступае за народ, а не за сваю кішэню. Ён сам казаў, што ён робіць гэта не праз выгаду.

— Дурань, — ціха сказаў Вежа. — Заўсёды думаў, што Хаданскі дурань. І злосны. Чалавека хоча зганьбіць.

— Дык вось, — казаў далей Хаданскі, — я заступіўся б за пана Раткевіча, але нашто мне заступацца за мужыка, які не адчувае аніякай патрэбы ў змене свайго становішча? Ён яшчэ не дарос да волі. Яму яшчэ трыста год будзе патрэбен сатрап з бузуном. Калі пакінем яго мы, культурныя, ён знойдзе на сябе іншага жорава. Горшага. — Ён схіліў галаву. — Я заклікаю ўсіх дваран, якія хочуць араць зямлю, хочуць, каб у крэслах гэтай зборні сядзелі Зохары і Яўхімы, а на месцы маршалка — крывавы кат… я заклікаю ўсіх гэтых дваран класці белы шар за мужыцкую волю.

І сеў. Частка залы ўхвальна зашумела.

— Ясна, — сказаў Яроцкі. — Пані Клейна.

— Не ведаю, бацюхна, — сказала старая. — Па-старому мне зручней. Але як падумаю, што на зборах замест буяна Кроера будзе сядзець мой дзед Зохар, як тое зараз паабяцаў Хаданскі, дык мне аж адразу весялей робіцца.

Махнула рукой:

— Белы шар.

Усе маўчалі. Потым Яроцкі ўздыхнуў:

— Пане Раўбіч.

Раўбіч глядзеў на Загорскага. І Загорскі, асцерагаючы яго, адмоўна паківаў галавою.

— Я адкажу балаціроўкай, — глуха сказаў Раўбіч.

Загорскі кіўнуў.

— Ваша справа, — сказаў Яроцкі. — Пане маршалак.

— Волю, — сказаў пан Юры. — Я з Раткевічам.

— Пане Ваневіч.

— Волю.

— І, нарэшце, самы ўплывовы з дваран губерні — князь Загорскі-Вежа.

Загорскi ўстаў.

— Волю, — сказаў ён. — Волю ў тых маёнтках, на якіх няма нядоімак і дзе заплочаны працэнты па закладных.

Словы ўпалі ў насцярожаную цішыню залы, як карцеч. Тыя, у якіх трапіла, зашумелі. Прыблізна трэцяя частка залы, у тым баку, дзе сядзеў Браніборскі.

— Чаму вы крычыцё, панове? — звузіўшы вочы, спытаў Вежа. — Хіба я сказаў нешта нечаканае, нешта такое, аб чым вы не думалі?

— Лухта! — крыкнуў Іван Таркайла. — Я даю мужыкам пазыкі, я адказваю за нядоімкі, за неплацеж падаткаў, што ляжаць на мужыках. Яны не вартыя таго самі, вось што.

— Сядзьце, хрысціянін Таркайла, — грэбліва сказаў Вежа.

— Што б вы прапанавалі? — вонкава спакойна спытаў Браніборскі.

— Прадайце прадметы раскошы, — сказаў Вежа. — Заплаціце закладныя. Заплаціце нядоімкі: разам нажывалі іх, разам і адказвайце. А там, чыстыя, будзеце думаць.

Суровыя бровы старога разышліся:

— Згаленне? Магчыма. Але ж вы жылі з іхняй працы на вашай зямлі. Дык вось, калі вы ўсе будзеце чыстыя — вызваліце іх. Аддайце ім палову зямлі, і, вольныя, яны пойдуць і на вашу зямлю таксама. За грошы. І гэтая палова вашай зямлі дасць вам утрая больш, чым цяпер уся.

Было ціха. Потым нехта з асяроддзя Кроера паспрабаваў свіснуць.

— Чаму ж вы так? — спытаў Вежа. — Я ж, здаецца, не за адмену стаю? Я ж прапаную пакінуць на год усё, як яно ёсць.

І тут край Браніборскага і Кроера выбухнуў выгукамі:

— Сацыяліста! Гверыльера!

Вежа з удаваным непаразуменнем паціснуў плячыма.

— Карбанарый! Кінжальшчык! Лувель! Якабінец!

Яроцкі дарэмна біў у гонг. І тады Вежа, зрабіўшы яму знак спыніцца, падаўся наперад.

— Ну, — амаль шапнуў ён.

Ён абводзіў рады вачыма, і выгляд у старога быў такі, што тыя, па кім прабягаў яго позірк, адразу змаўкалі. Запанавала цішыня.

— Вось так лепей, — сказаў Вежа і дадаў: — А для сябе… для сябе я стаю за белы шар.

І рэзка кінуў:

— Воля!

Сядзеў, адразу страціўшы ўсялякую цікавасць да таго, што адбываецца ў зале. Ён разлічыў правільна, ён зразумеў іх і таму здолеў сутыкнуць ілбамі. А-адна сволач! Што ж, цяпер асталося толькі апусціць свой белы шар і ехаць дадому, да ўнука.

Добра, што хлопчык не сярод гэтых пачвар, што ён не бачыць разгулу нізкіх чалавечых страсцей.

— "На основании сто десятой статьи устава о службе по выборам, — чытаў Пятро Яроцкі, — третий том, и сто двадцать восьмой статьи девятого тома свода законов Российской империи (издание сорок второго года) — постановления дворянства производятся посредством баллотировки и признаются обязательными, если они приняты единогласно или не менее как двумя третями голосов всех присутствующих дворян".

Поделиться с друзьями: