ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…У Загоршчыне хлопца сустрэлі радасна, нават з гордасцю, што ён змог заваяваць сэрца старога. Сінія вочы бацькі ззялі цеплынёй, маці ўсміхалася сыну пяшчотна і сумна, як заўсёды.

Маці прачытала аповесць і засмуцілася. Потым яна сядзела ў загоршчынскім архіве і нешта шукала па "Прывілею", "Аксамітнай кнізе", "Срэбнай кнізе Загорскіх" і па граматах і з'явілася на вячэру трошкі заспакоеная, быццам зразумеўшы нешта…

— Загубiлi генiя, — сказала яна.

Алесь маўчаў.

— Нават калі вернецца, дык вернецца знявечаны, — сказала матуля. — Што ж гэта за подлы век?! Чалавек такой уражлівасці — хіба ён вытрымае?

Яна адышла да балюстрады і пачада глядзець у цёмны парк.

— Загубілі не толькі генія, — сказала яна ўрэшце, — загубілі чалавека адной крыві з намі і нашага далёкага сваяка.

— Сваяка? — Алесь ускінуўся. — Як сваяка? Усе казалі, што ён сын лекара.

— 3 нашых, — сказала маці. — Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат — Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад. Яны — ад "сына кахання" аднаго з Загорскіх, малодшая, бакавая галіна наша. А герб іхні — "Радван".

— Не можа быць.

— Глядзі, — маці разгарнула аркуш з выпіскамі. — Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне "Радвана". Глядзі: 1607 год — працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч… Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 — Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 — селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску…

— Ал-ле, — сказаў Алесь.

— Значыць, канец "Радвана". Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі.

…Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.

Весялосці было — хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.

Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя — дзіва! I мова ягоная — лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.

Гналі і настойвалі "тройчы дзевяць" [60] , варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п'яны — проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.

60

Гарэлка, настоеная на дваццацi сямi карысных травах.

Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі — пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан — крыгай.

Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.

Гэта была воля!

I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?

Думка была такая нечаканая, і ён — як вырас, нарадзіўшы яе.

…Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.

Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія… тулавы.

Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:

— Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.

Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.

— Дзядзечкі, перавязіце!

Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.

— Нельга, дзеўкі, — сказаў Стафан. — Бачыце, душагубкi.

Салдацкая удава хмыкнула:

— А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?

— Раней бы… — сказаў Стафан. — Цяпер… позна.

— Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.

— А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?

— Утопімся, дзеўкі, — разважліва сказаў Стафан.

— Не ўтопiцца, хто вiсець маець, — сказала ўдава.

Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.

— А то перавёз бы, — сказала Уладзька. — Пад дубам пасядзелі б… Жолуд адшукалі.

— Што я, свіння? — знайшоўся Стафан.

— Свіння не свіння, а так, падсвінак, — сказала ўдава.

— Насвінак, — сунуў свае тры грошы Кандрат.

— Ты ўжо маўчы, — адказала Уладзька. — Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.

На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.

— А якія ж усе ўдалыя хлопцы… Бацькавічы… Асабліва гэты, з падковай на лобе…

— Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, — скаліў зубы Кандрат.

— Дужа ты каму патрэбен, Копша [61] .

61

Магiльны дух або далакон.

— Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.

— Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, — сказала Уладзька. — Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы…

— Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.

Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.

— Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.

Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.

Поделиться с друзьями: