Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.
Пыл так і курэў над месцам бойкі.
Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.
— Атрымаў? — спытаў хлопец.
— Дый ты атрымаў.
У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.
— Ну і што? — спытаў хлопец.
— А тое, што дурань, — ужо не так злосна сказаў Алесь.
Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.
— Гэта ты дурань, — сказаў хлопец. — Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.
— А паперак няма? — буркнуў Алесь.
— Не ў старцоў, ёлуп хвашчоўскі.
Алесь разумеў, што хлопец кажа праўду, але вуха пякло, а незнаёмы яшчэ і лаяўся. Варожасць зноў пачала нарастаць.
— Ты хто такі? — не вельмі ветліва спытаў ён.
— А табе што?
— Ну хто? Паляк? Мазур?
І тут ён пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення.
— Беларус, — спакойна сказаў хлопец.
— Што-о?
Алесь не мог зразумець, адкуль гэтаму хлопцу стала вядома яго таямніца, ягонае адкрыццё. Але хлопец, відаць, зразумеў пытанне як выгук пагарды.
Алесь не стрымаўся.
— Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я — беларус.
— Адзін Гаўрыла ў Полацку, — усміхнуўся хлопец. — Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ — Капернік.
— Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…
Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага.
А хлопец раптам сказаў:
— Я шкадую, што цябе стукнуў.
— І я таксама шкадую, — Алесь падаў хлопцу руку.
Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.
— Ты адкуль такі? — спытаў хлопец.
— З Дняпра. А ты?
— Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.
— Твой бацька купец?
— Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.
— Значыць, вы небагатыя?
— Небагатыя. У нас вялікая сям'я. Адных дзяцей лічыш-лічыш ды саб'ешся.
— Ты вучышся дзе?
— Тут і вучуся, — сказаў хлопец, — у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?
— Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.
— Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. — Уздыхнуў. — Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб'юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.
Дакрануўся да распухлай губы.
— Б'ешся ты здорава, — засмяяўся ён. — Прыклаў руку, дык не раўнуючы як станавы прыстаў… Давай знаёміцца, ці што?
Алесь падаў яму руку.
— Давай. Я Алесь Загорскі.
— Кастусь Каліноўскі, — сказаў хлопец.
Яны стаялі і разглядалі адзін аднаго.
— Давай уцячом, ці што, — сказаў хлопец. — Пакуль крамы бацькаў тавар бяруць, паходзім, паслухаем.
— Давай… Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Хай помніць, як мы біліся тут ды мірыліся.
— Вядома, — сказаў Кастусь.
Памянялі грошы, усыпалі старому ў шапку цэлую жменю медзі і пайшлі ў людскі натоўп.
— Чаго гэта ты, братка, так на мяне насыпаўся? — спытаў Алесь.
— Ды стаіць, гляджу, такі павіч, толькі што хваста веерам не распускае. Стаіць і цераз грыб плюе: срэбра яму не шкада беднаму чалавеку.
— Ну і што?
— Каб ты ведаў, як страшна б'юць гэтых людзей, ты б так лёгка не глядзеў на гэта. Тым больш лірнікаў. Гэтых кожная сытая храпа лічыць за нязлоўленых злодзеяў і злачынцаў.
— За што?
— Падазроныя людзі. Прыедзе аднекуль з Піцера мардастая поскудзь. Такі ўжо магнат, такі нобіль — хвігаю носа не дастанеш: "Дзікуны брудныя, тубыльцы". Па кірмашы ідзе, як чума, ты скажы, ідзе — бязлюдзее кірмаш. А старцы — яны ж сляпыя. Падыдзе, слухае, слухае. "Гэт-то што ж ты, па-дла, спяваеш? Які гэта турэцкі цар?! Намьок!!! На якой гэт-то саб-бачай гаворцы, пр-ра якога гэта Ваську Вашчылу?! Пр-ра якога гэта свінскага Міхася Крычаўскага?!" Ну, стары апраўдваецца: "Ён, паночак, цішайшаму цару спрыяў, Аляксею…" — "Што?! Паганец, быдла, чарвяк мог цару спрыяць?!" Ды старому — у вуха. А на ліру — нагою.
— Ліру нашто?
— Кніг пазбавілі — хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.
Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.
— Ведаеш, — сказаў Алесь, — я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек — і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.
— Але ж і яны, — рука хлопцава зрабіла круг у паветры, — таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.
І паўтарыў, відаць, чужыя словы:
— Безгалосае мора.
— Як гэта яны такія? — спытаў Алесь. — Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.
— Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней — і таму яны арыстакраты. Мае — пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.
— Дваране нашы цару таксама небяспечныя.
— Ёсць і такія.
— Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.
— Мы таксама з такіх, — з нейкім выклікам сказаў Кастусь.
— То і вы аднадворцы?
— Але. Сенат не зацвердзіў.
— Дзед казаў, гэта яны назнарок, — сказаў Алесь. — Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.
Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.
— Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак — будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва — гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу — і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.