Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю — дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар'еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом.
Начальства заўсёды мела рацыю. А калі падначаленым і не вельмі салодка пад ягонай грознаю дланню — тым горш для падначаленых. Значыць, трэба ўзвысіцца, каб не пакутаваць ад рукапрыкладства. Трэба стаць незаменным, і тады сам атрымаеш права біць, сам прымусіш іншых баяцца і цягнуцца струной.
Такія былі яго няхітрыя разважанні. Такія самыя, як і ва ўсёй пароды кар'ерыстаў, якой яна была і якой яна будзе.
Нервовы і жоўчны ў душы, але вонкава дысцыплінаваны і разважлівы, Мікалай Буланцоў зразумеў, што Мусатаў бярэцца за справу не з таго канца. Трэба было дакладна ведаць, дзе бывае бандыт, а ганяцца — справа апошняя.
І ён успомніў аб споведзі, аб таямніцы споведзі. А паколькі ніводзін поп, які паважае сябе, не выдасць гэтай таямніцы, ён падумаў, што поп напэўна можа падзяліцца цікавай навіной з дыяканам сваёй царквы. А ў дыякана, вядома, ёсць жонка, якой няма рэзону трымацца асабліва за чужы сакрэт. Гэта, вядома, не датычылася звычайных плётак, але магло датычыцца сур'ёзных выпадкаў.
Усе цэрквы, акрамя царквы ў Раўбічах і Загоршчыне, былі зачынены загадам старога Вежы.
Служылі толькі ў царкве ў Мілым. І там Буланцову пашанцавала. Яму ўдалося ўцерціся ў давер дыяканісе і атрымаць весткі, што Война памагае грашыма сялянам глухой вёскі Янушполе і часам аднаўляе там запасы аўса для свайго каня.
З губерні і з павятовай паліцыі выклікалі людзей, з псярні Кроера ўзялі сабак і непрыкметна атачылі вёску.
Война нарваўся на дванаццатыя суткі. Выйшаў з пушчы проста пад кулі. Тут бы счакаць і браць яго, але пагарачыліся земскія і адкрылі страляніну, калі да сцярожкага чалавека было яшчэ сажняў сорак. Збаяліся падпусціць яго бліжэй.
Паранены Война ўцёк. За ім гналіся тры гадзіны і, ужо ўначы, загналі яго ў балота, залітае вадой. Мокнуць нікому не хацелася, тым больш што ішлі па крывавых слядах, якія цягнуў Война па расянцы і сіўцы. Таму рэквізавалі тры пласкадонкі і з паходнямі рушылі за ім. Верхам паехаў толькі Мусатаў на сваім дэрашы.
Прачасалі ўсё — і дарэмна: ці то не ўбачылі ў цемры, ці то чалавек захлынуўся, ці паспеў вышмыгнуць з балота ў лес, на шчасце, не такі ўжо і вялікі.
Буланцоў па загаду Мусатава ачапіў лясны востраў. Сам Мусатаў астаўся ля балота, ведаючы, што воўк заўсёды кідаецца ад загоншчыкаў туды, дзе, як яму здаецца, нікога няма і дзе яго чакае паляўнічы.
Ён думаў — і ўвогуле рэзонна, — што Война спяшаецца як мага аддаліцца ад балота. Ён не мог уявіць, што рана занадта цяжкая, каб далёка ўцякаць, што яна ў нагу, што толькі апошнімі намаганнямі, з апошніх сіл уцякаў ад іх так доўга чалавек, які вышэй за ўсё ставіў волю.
І Мусатаў астаўся. Злез з каня і прысеў на купіну, ведаючы, што чакаць яму ніяк не менш за гадзіну.
Война бачыў гэта. Ён ляжаў на тым самым месцы, дзе знайшоў яго Алесь, сажняў за трыццаць ад Мусатава. А паколькі для Войны гэта быў адзіны шлях да ўратавання, ён дзейнічаў больш асцярожна і чуйна, чым яго вораг.
Ён папоўз. Папоўз не спяшаючыся, ведаючы, што кожны паспешлівы рух — гэта яго, Войнава, смерць.
Яму пашанцавала. Жандар азірнуўся толькі два разы. Ён ведаў, звер ніколі не бяжыць з лежкі, пакуль не пачуе галасу загоншчыкаў.
Война не хацеў забіваць. Шум да дабра не вядзе. Акрамя таго, яму патрэбен быў спакой на тых пару тыдняў, пакуль ён адлежыцца і ачуняе. Ён ведаў, калі заб'е — улады нагоняць у наваколле столькі сышчыкаў, што гэта будзе канец.
Ён поўз да каня. І калі да дэраша асталося нейкія тры крокі, ён рэзка ўстаў і з апошніх сіл абхапіў каня за шыю. Конь пырхнуў і падаўся трохі ўбок. Мусатаў пачуў пырханне і павярнуўся.
Заслонены конскім целам, стаяў, зусім непадалёку ад яго, той, за кім яны гналіся. І пісталеты былі ў абедзвюх руках Войны. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага.
Гэты не схібіць. Мусатаў, на жаль, занадта добра ведаў ягоны спрыт.
— Мусатаў, — сказаў Война, — пакажы свае козыры.
Зеленаватыя вочы жандара не бегалі. Яны з поўным усведамленнем смяртэльнай небяспекі глядзелі на Войну. Мусатаў у першае ж імгненне цвяроза ацаніў становішча, зразумеў, што Война страляць не будзе, калі не стрэліць ён, Мусатаў, і значыць — не давядзецца плаціць за гульню жыццём.
Таму што ён адразу зразумеў: пройгрыш.
І ён з цвёрдай усмешкай паклаў руку на рукаяць пісталета.
— Казырны кароль, — сказаў ён.
— У мяне туз і дама, — сказаў Война. — Кідай карты.
— Я ведаю, — сказаў Мусатаў. — У цябе дзве бiткi, у мяне — адна.
— На шчасце, — сказаў Война.
— На жаль, — сказаў Мусатаў.
— Кідай, — сказаў Война.
— Зараз, — сказаў Мусатаў.
— Вывінці крамень.
— Чаму не, калі ласкавы пан просіць?
Рукі Мусатава вывінцілі крамень і адкінулі яго. Война ведаў цяпер: каб паставіць новы — трэба дзве хвіліны, і пакуль ён не рушыць, Мусатаў не пачне. Значыць, сама менш сто восемдзесят сажняў.
Скрыгочучы зубамі, ён паспрабаваў сесці, сарваўся, адчуваючы, як са скроняў сцякае халодны пот, і зноў, амаль аднымі толькі рукамі, ускінуў у сядло сваё збалелае цяжкае цела.
І адразу ўзяў у шалёны намёт, проста па вадзе, што залівала поплаў, туды, да далёкіх грыў, у пырсках і ўзлётах кропель, у пене.
Цяпер яму, Войну, анiяк нельга было прайграць.
Упадзе ад стрэлу, зваліцца на гэтай роўнядзі — возьмуць голымі рукамі. Так далёка! Так яшчэ далёка да грыў, да выратавальных старыкоў за імі, да плаўняў, зарослых высокімі сітнягамі, да берагоў, зарослых непралазнай крушынай і абвітых хмелем, да Дняпра, за якім яры і лясы!
Стрэл грымнуў далёка за спіной. Мусатаў справіўся за нейкія паўтары хвіліны, нават менш. Усё адно: паміж ім і пісталетам добрых сто шэсцьдзесят сажняў. Ён недасягальны.
У душы Война даў сабе слова ніколі больш не жартаваць. Варта было дэрашу спатыкнуцца — і ў Сухадол прывезці б на гнойных драбінах "труп вядомага бандыта".
Але ў душы ён ганарыўся, бо ведаў: з Мусатава будуць рагатаць нават ворагі. Таму што ён, слабы і цяжка паранены, абвёў дваццаць загоншчыкаў і вырваўся з кола на кані іхняга начальніка, таго, хто яшчэ некалькі хвілін назад быў упэўнены ў перамозе.
Дэраш вынес конніка на грэбень грады, і адтуль, з вышыні, Война ўбачыў за сабой заліты луг, парушынкі людзей на другім яго краі, а перад сабою зарасці і далёкую-далёкую стужку Дняпра.
XXV
Гэта быў страшны і цяжкі час.
Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія.