ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.

– Зачыншчыкі! – сказаў аконам. – Ясна.

I дастаў з кішэні кніжку і аловак.

– Не дамо пісаць! Не дамо! – захваляваўся натоўп. – Чорт яго ведае што ён там напіша... A потым пячаць ляпнуць – і прападай душа.

Абураныя людзі купчыліся вакол старога Губы.

Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:

– Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.

– Нядобра робіш, аконам, – сказаў Корчак. – Глядзі, каб не рыгнулася.

Дык вось як? – пыхнуў аконам. – Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і... тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся... Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.

Губа здзекліва глядзеў на яго.

– Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца...

– Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары... Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, – сказаў аконам.

Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.

Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.

I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі г'aблі [45] і шпурнулі іх y аконама.

45

Вілы.

Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.

A на яго ўжо насоўваўся натоўп.

– Гані адсюль!

– Паражняк адмяніў, поскудзь!

– Трэ-э-эці дзень!!!

– Плаці за згон!

– Рунь канямі топча, конаўка дурная!

Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.

A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна – чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.

– Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?

– Каб захацеў, дык пацэліў бы, – збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. – Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?

– Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа... Згон дарма рабілі. A цяпер голад!

I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.

– Слё-озачкі, – загаласіла нейкая баба. – Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!

– У старца кій адабралі!

– У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалі!

Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.

Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:

– Спаліць Кроеравы сцірты... Хай ведае.

Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.

– Не нам, дык і не яму!

– Палі!

З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме... I дзіўна – ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.

– Хай ведае!

– Носам наторкаць!..

...Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

...Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек – што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.

Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся – людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку – паручніка Мусатава.

Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.

Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека – глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:

– Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты выпраўляй... Колькі вартаўнікоў y маёнтку?

– Дзесяць.

– Давай іх сюды... A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы... Хай не марудзяць.

Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. “Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы”, зробіць усё без іх... Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.

– Як жа вы? – з жахам спытаў аконам.

– Служба, – адказаў Мусатаў.

– Блаславі вас бог, – з расчуленым захапленнем сказаў аконам.

– Э, кіньце... Спяшайцеся лепей... Усё ж іх чатыры сотні адных мужыкоў...

– I вы не баіцёся?

– Баюся. Але іду... – Ён стрымана перахрысціўся і сказаў падначаленым: – Рушай, браткі.

...I вось цяпер атрад уступаў y Півошчы, і, чым больш ён пасоўваўся наперад, вырастаў y памерах брудна-белы, маўклівы натоўп пад дубам. Калі да яго засталося якіх крокаў сорак, Мусатаў спыніў сваіх людзей, a сам ад’ехаў ад іх да натоўпу на даўжыню корпуса каня, не больш. Ён ведаў, што набліжацца больш нельга: сцягнуць з каня, і тады падначаленыя не паспеюць памагчы, збаяцца страляць і, магчыма, пабягуць.

Маглі нават проста натаўчы карак – гэта страшней за смерць...

Нельга было быць смешным. Ён абмацваў сваімі зеленаватымі, як y рысі, вачыма маўклівы натоўп, a яго рукі, учэпістыя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі, ляжалі на сядзельнай луцэ.

Пакрысе ён разумеў: небяспека ёсць, але вельмі маленькая. I гэта ўзбадзёрыла яго.

– Што тут здарылася? – спытаў ён.

У адказ – маўчанне.

– Чые мэндлікі гарэлі?

Зноў маўчанне.

– Маўчыцё, сук-іны сыны... Віламі кідаецеся... Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?

Поделиться с друзьями: