ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.

– A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія “серафімскія крылы”.

Усміхнулася:

– Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам...

– Ды які я яму хросны? – зарагатаў бацька.

– A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна... A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.

– Прыгоннага.

– Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.

I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.

– A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?

– Дык хто пойдзе?

– Уce пойдуць, – сказала старая. – Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б... A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п’янюгі ды сабакары, – прабач, бацюхна.

Памаўчала, падціснуўшы вусны.

– A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.

I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:

– Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка... квадратамі... Га?

– Такія не будуць.

– Ну то тады і добра... Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

– Гэты, – пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. – Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

– I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы... Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту... Ну, давай пацалуемся, Антаніда... A вы, дзеці, марш гуляць... I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб’ёў, сыпанулі па сходах.

– Karo яшчэ няма, Georges? – спытала матухна.

– Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

– Добра. Хай ідуць дзеці, – уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.

– Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? – спытаў Алесь.

Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.

– Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты... Былі тры браты... Два загінулі на вайне... Адзін – хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя... I сабак.

Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.

– Мы не будзем злыя, – сказаў Алесь. – Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.

– Сапраўдныя коні? – спытала малая Клейна.

– Анягож.

Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.

– Ну a ты, Янка? – спытаў Алесь.

– Я зусім як яна, – вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. – Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.

– Так зусім і не ведаеш? – спытаў Мсціслаў.

– Помню... Слаба... Помню агні... Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу... I зусім не помню бацькоў... Толькі аднаго Кемізі... Напэўна, ён быў мне брат... Не ведаю... I яшчэ помню жаночыя рукі... Нічога больш – адны рукі... Аднойчы з’явіліся крылатыя чаўны... Людзі казалі – “даў” [33] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі... Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску... У Кемізі тырчала ў грудзях палка... Потым нас везлі морам... Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані [34] , a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве... Потым я згубіў сваіх, іх не стала... Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі... I прывезлі сюды.

33

Судна гандляроў рабамі.

34

Астравок ля заходняга берага Афрыкі. База арабаў – гандляроў рабамі.

– Янка, – падаў голас Мсціслаў. – Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?

– Я мыюся, – уздыхнуў Янка. – Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.

– Ну і чорт з ім, – сказаў Алесь. – Падумаеш, бяда вялікая.

Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.

Прыехаў нехта, – з неахвотай падняўся Алесь. – Трэба ісці.

– Сядзі-і, – сказаў Мсціслаў.

– Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.

– Дзеду тройчы стралялі б... Гэта або Раўбічы, або Кроер.

– Усё адно. Трэба ісці.

Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.

Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.

Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.

Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу – адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.

Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.

Поделиться с друзьями: