ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Не можа быць.

– Глядзі, – маці разгарнула аркуш з выпіскамі. – Занадта знаёмае прозвішча. Глядзі: шаснаццатае стагоддзе, адгалінаванне “Радвана”. Глядзі: 1607 год – працэс Марыны Дастаеўскай-Карловіч... Глядзі: вось яе брат Яраш сядзіць у Мазыры. 1630 – Дастоева мае ўжо трох гаспадароў. У тым самым годзе суддзя Пятро Дастаеўскі разбірае справу аб чарадзействе. 1649 – селянін на копным судзе прызнаўся ў рабунку, учыненым над маентнасцю Рамана Дастаеўскага. А вось сакавік тысяча шэсцьсот шасцідзесятага года, справа аб прапажы рэчаў, закапаных у зямлю падчас нашэсця ворага. Падпісаўся Ян Дастаеўскі. Першы і адзіны подпіс па-польску...

Ал-ле, – сказаў Алесь.

– Значыць, канец “Радвана”. Абсёкся род. Колькі ўжо іх, адсечаных галін. Ды хіба сякера шкадуе? А малады чалавек быў бы светач людскі.

...Спакой у Загоршчыне перарваўся толькі вяселлем старэйшага сына Кагутоў, Стафана. Маці за два дні да вяселля адпусціла Алеся ў Азярышча.

Весялосці было – хоць захлыніся. Усе былі рады Алесю. Зноў жартаваў Кандрат, зноў ласкавымі, трошкі жаноцкімі вачыма глядзеў Андрэй. Міхал і Марыля дыхнуць баяліся на хлопца. Паўлюк, гаспадарлівы Паўлюк, паказаў яму ўсё, што ён прыдбаў за той час, калі яны не бачыліся: сапраўдную скураную прашчу, ласіны чэрап з рагамі і пячору, якую ён адшукаў у яры, на беразе Дняпра. Яня хацела сядзець толькі на ягоных каленях. Юрась паказаў яму дзве найлепшыя грыбныя мясціны.

Гэта была простая, непатрабавальная любоў. I ён акунуўся ў яе, сам плацячы тым самым, як акунуўся з удзячнасцю ў песні, якім яго пачаў вучыць дзед Даніла Кагут. Таксама Даніла, як і той. Ды і ў чым, урэшце, розніца? Гэты дзед не родны, але блізкі і просты. А песні ягоныя – дзіва! I мова ягоная – лёгкая, звыклая. Стары Вежа часам гаварыў па-мужыцку, але як складана гэта было! А тут было проста, як дымная асець, проста, як зоркі праз дзіравую страху адрыны.

Гналі і настойвалі “тройчы дзевяць” [61] , варылі піва, збіралі грыбы на вясельны квасны боршч. Янька хадзіла ўся ў муцэ і папраўляла хустачку тыльным бокам далоні, як маці. Кандрат лізнуў яшчэ цёплага піва і рабіў выгляд, што ён такі п'яны – проста жах, не ведае, дзе ў яго што, і ўсё хацеў сесці на галаву, як гэта робяць зусім дурныя шчанюкі.

61

Гарэлка, настоеная на дваццацi сямi карысных травах.

Напярэдадні вяселля вырашылі паехаць на рыбу, каб і рыба была на вясельным стале. Юрась і Паўлюк павінны былі лавіць вудамі, блізнюкі – пазычанай у Лапатаў таптухай, Алесь і Стафан – крыгай.

Душагубак напазычалі ў суседзяў аж пяць штук (Паўлюк і Юрась павінны былі ехаць у адной) і адправіліся лавіць у зарожак ля Лысай Гары.

Гэта была воля!

I хіба ён сам, Алесь, не быў усе гэтыя дні вольны сярод вольных? Хіба не мог ён адказаць такой самай песняй на песню, якую спяваў нехта ў лугах, на беразе старыцы? Хіба не было і ў ім нечага ад гэтай ракі, ад палёту буслоў?

Думка была такая нечаканая, і ён – як вырас, нарадзіўшы яе.

...Чаўны плылі пад самым берагам. А на беразе стаялі дзяўчаты. Не, не ўсе дзяўчаты: у адной на галаве паверх хусткі быў жаночы белы нагалоўнік, што ляжыць цюрбанам і спускаецца на плечы і шыю, пакідаючы вольным толькi аблічча.

Алесь нечакана здзівіўся, такія яны ўсе былі гожыя і чамусьці не такія, як заўсёды. Сёння ён не мог бы запхнуць камусьці з іх хрушча за каўнер, каб паслухаць, як вішчыць. Ён бачыў іх нейкімі новьмі вачыма. Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія... тулавы.

Паўлюк, які веславаў з Алесем, сказаў ціха:

– Азярышчанская толькі адна. А то вітахмоўскія. Відаць, на фэст ідуць у Мілае. А то з імі Уладзька, салдацкая ўдава. Пэўна, да парома не хочуць ісці.

Дзяўчаты сапраўды махалі рукамі.

– Дзядзечкі, перавязіце!

Кандрат, які веславаў першы, пачаў аграбацца, прапускаючы наперад Стафана. Зубы ў вясёлага блізнюка ззялі: прадчуваў жарты.

– Нельга, дзеўкі, – сказаў Стафан. – Бачыце, душагубкi.

Салдацкая удава хмыкнула:

– А можа, я і хацела б з табою душу загубіць, саколік?

– Раней бы... – сказаў Стафан. – Цяпер... позна.

– Ну і сокал ты. Позна яму, гаротнаму.

– А дзядзечкі, перавязіце. Ці ж нам пад кручай начаваць?

– Утопімся, дзеўкі, – разважліва сказаў Стафан.

Не ўтопіцца, хто вісець маець, – сказала ўдава.

Няспрытны на язык Стафан толькі галавою пакруціў.

– А то перавёз бы, – сказала Уладзька. – Пад дубам пасядзелі б... Жолуд адшукалі.

– Што я, свіння? – знайшоўся Стафан.

– Свіння не свіння, а так, падсвінак, – сказала ўдава.

– Насвінак, – сунуў свае тры грошы Кандрат.

– Ты ўжо маўчы, – адказала Уладзька. – Варушыцца там у сваёй таптусе, як верабейка ў веніках.

На Кандрата пасыпаўся град нязлосных здзекаў.

– А якія ж усе ўдалыя хлопцы... Бацькавічы... Асабліва гэты, з падковай на лобе...

– Гэта, дзеўкі, каб ведалі, за каго ў цемры б'ецеся, – скаліў зубы Кандрат.

– Дужа ты каму патрэбен, Копша [62] .

62

Магiльны дух або далакон.

– Ад Копшы яшчэ ніхто не ўцёк, ні каралева, ні святая дзева.

– Не, дзеўкі, вы на яго дарэмна, – сказала Уладзька. – Глядзіце, які гожанькі. Галоўка, як макаўка. Праўду кажуць, на дурня і бог ласкавы...

– Ласкавы бог, ды табе не памог. Са мною звёў. Добрая пара: ён гол, як біч, ды васцёр, як меч, а ў яе вочы па яблыку, а галава з арэх.

Дзяўчаты ўбачылі, што хлопцы зацяліся.

Кінь ты, Уладзька, няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не глядзіць.

Ды і пайшлі на ўзгорак. Іхнія каляровыя цені гайдаліся ў вадзе ля самых чаўноў.

– Дык не перавязеце, мужыкі? – спытала Уладзька.

Не. Сама бачыш, – сказаў ужо здалёк Стафан.

Уладзька раззлавалася.

Эх вы! Дык спаймаць вам таго язя, што кудысь лазе.

Ніхто нічога не зразумеў, акрамя старэйшых. Затое Кандрат зарагатаў так, што адкінуўся ўбок. I тут – душагубка вільнула і cтала дагары дном, а Кандрат юкнуў пад яе, проста галавою ў ваду.

Хлопцы рагаталі цяпер усе. Рагатаў і Кандрат, вынырнуўшы. Рагаталі дзеўкі на адхоне... Мокрага Кандрата пасадзілі зноў у доўбленку, паплылі далей.

Андрэй ехаў апошні і заўважыў, што не ўсе дзеўкі ўзняліся на адхон. Адна стаіць на тым самым месцы, велікавокая, сціплая, Кахнова Галіна.

– Чаго ж ты стаіш? – ласкава ўсміхнуўся Андрэй.

Не хачу на паром. Там, пэўна, Лапатаў Янук.

Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек.

– Што ж, так і будзеш стаяць?

– Можа, нехта паедзе, – уздыхнула яна. – Шкада, што ў вас душагубкі.

Андрэй усміхнуўся. Гожая галава, апушчаная, як кветка “сну”, трошкі ўбок, прыўзнялася.

Поделиться с друзьями: