Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Клубень “залатога шара” невядомым чынам трапіў пад грушу і, дасягнуўшы дакуль мог, выкінуў пышны букет жоўтых кветак, сярод якіх віселі сакавітыя румяныя плады. Здалёк здавалася, што гэта груша расквітнела казачнымі залатымі агнямі. I ён не здзівіўся, бо ўсё было для яго, і гэта было толькі першьм здзяйсненнем немагчымага.
Грушы цвілі для яго залатымі агнямі.
XVIII
Восень была гожая і памяркоўна туманная. Быццам пад цёплай шэрай коўдрай ляжала кожную раніцу стомленая, ласкавая зямля. І толькі гадзіны за дзве да поўдня першы прамень белага, няяркага сонца прабіваў покрыва і радасна падаў у пажоўклую траву. Тады паўсюль пачыналася панаванне вясёлак: мігцела павуцінне на траве, на платах, укрытых падвескамі кропель, на ваўчках у перакапаных гародах, на бліскучых баках гарбузоў у падстрэшках.
Гэта былі маленькія вясёлкі. А вялікія ззялі вышэй: між хмызоў, між прыдарожных вербаў, між самых высокіх дрэў над ляснымі сцежкамі. І кожная красавалася, з трохі сумнай радасцю паказваючы, як яна падобна на маленькае сонечнае гало. А гаспадары “вясёлак” лавілі ў іх апошніх асенніх мушак – на радасць сабе – і залацістыя вузкія лісцікі вербаў – на радасць кожнаму, хто меў ахвоту спыніцца і паглядзець, на радасць усім добрым людзям.
Пазней сонца разганяла туман, і свет тады ляжаў перад вачыма далёкі, пакорлівы, няяркі – таксама паказваючы, якая ў ім можа быць далячынь, які абшар.
“Паглядзі, чалавек. Бачыш сухі палын на дальняй мяжы? Дык да яго роўна паўтары вярсты. А тое, шэранькае, бачыш? Ну, там, дзе яшчэ рыжыя коні на ржышчы? Такія рыжыя-рыжыя на жоўтым-жоўтым. Дык гэта Вітахмо. Ніколі ты яго не ўбачыш, акрамя гэтага дня, які я шчодра даў табе. Глядзі. Дыхай!”
...У адзін з такіх дзён Алесь прачнуўся, убачыў цёплы туман за акном, парадзелую лістоту італьянскай таполі і зразумеў, што сёння паляванне будзе абавязкова. Хто будзе сядзець у такі дзень дома?
І праўда, не паспеў ён апрануцца, як бацька прайшоў калідорам да паляўнічага пакоя, грукнуў у Алесевы дзверы і пайшоў далей, спяваючы свежым пасля сну голасам:
Та-та-ці, та-та-ці, Рог спявае на пуці, Ра-ным ра-на Збор ля ракіты, Саквы зваляны, Карбачы падвіты, Падві-ты, Падві-i-ты.Гэта было, сапраўды, так падобна на спеў рога, дураслівы спеў бадзёрага рога ў тумане, што Алесь засмяяўся.
У кожнага паляўнічага былі такія прыпеўкі, пад спеў рога і на кожны выпадак паляўнічага шчасця. Хто век цэлы вершаў не бачыў, і той павінен быў прыдумваць такое для сябе, блага ці добра. А астатняе залежала ўжо ад здольнасці і страсці. У бацькі прыпеўкі былі добрыя. Трэба было яшчэ і сабе прыдумаць... Значыць, мяркуючы па песні, сёння за ўзятую стрэльбу будуць біць, а то яшчэ і зламаюць зброю, каб не ўчыняў ганьбы і не ламаў звычаю. Толькі псы і карбачы, падвітыя на канцы свінцом... Добра. Божа, які доўгі і шчаслівы чакае дзень! Яшчэ толькі пяць гадзін раніцы!
...Выехалі з двара “малым паляваннем”: толькі бацька, Алесь, непарушны даўгазубы Крэбс, а са слуг – спакойны Логвін, змрачнаваты старэйшы даязджачы Карп, карычневы і абкураны, як пенкавая люлька, пяць псароў ды Халімон Кірдун.
Алесь быў на Урзе, Крэбс – на Б’янцы (выехаў выганяць яе), пан Юры на грудастым і лёгкім вогненным Дубе, псары – на розных конях.
З сабою ўзялі двох хартоў, якіх моцна трымалі на шворцы, пакуль не выедуць на вялікія роўныя палі, – звер зацяты, можа і разбіцца; ды пяцёх ганчакоў: Знайду, Сціная, Анчара, Стрэлку і Змейку. На трох астатніх псароў былі тры сабакі – п’яўкі, калі, можа, выганяць з Банадыковых Крыніц адзінца [62] .
62
Магiльны дух або далакон.
Кірдуну не далі нічога – абы толькі з каня не ўпаў.
Ехалі ў ранішнім тумане, маўчалі. Не бразгала падагнаная збруя, толькі конь часам трапляў капытом у вымачыну, і тады аддавалася, адразу глохнучы ў тумане, гучнае чвяканне. Коннікі здаваліся ў тумане велізарнымі, кожны ледзь не з дрэва ростам.
Алесь ехаў побач з Логвінам, амаль стрэмя ў стрэмя, бачыў спіну Карпа, абцягнутую зялёнай, бляклай ад імглы, венгеркай, бачыў рулю стрэльбы – зброю ўсё ж узялі, меліся заўтра, пасля начлегу ў нейкага суседа, паспрабаваць абкласці аленя, а падчас сённяшняга палявання пакінуць яе недзе пад стогам і пад доглядам Кірдуна.
Бацька азірнуўся – Алесь убачыў ягоныя вочы, вельмі сінія і прастадушна-хітрыя.
– Крэбс замест карбача лёсачку ўзяў, – шапнуў ён. – Толькі воўк на яго, а ён яго лёсачкай па зяпе – плясь-плясь. “О но, містэр воўк. Но-но! Англічан нельга”.
– Но, – зусім нечакана сказаў Крэбс (а ехаў жа, здаецца, далёка). – Англічан можна. Нельга глюпых і злых жартаўнікоў, якія лічаць англічан дур-ны-мі. Ад іх у ваўка бр-рум у жываце.
Бацька жартам уцягнуў галаву ў плечы.
– Заспелі, брат, нас з табою ў гароху, – сказаў ён.
Алесь засмяяўся. Зноў цішыня, глухія крокі ды зрэдку, бадзёрае ў свежым тумане, пырханне каня.
...Ехалі садам. Наплывалі нечакана і знікалі за спіной вільготныя яблыні. Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Заўважыў суровы позірк Карпа, працягнуў палавінку яму.
– Не трэба, паніч, – сказаў Карп сваім звонкім і трошкі сіпаватым даязджачым голасам. – Ешце ўжо на здароўечка. Гэта – не бульба.
Яблыка было сцюдзёнае, у халодных дажджавых кроплях, і ён адкусіў з хрумстам і праглынуў, як самое здароўе праглынуў.
Вёска адкрылася за садам верхавінамі вочапаў, якія плавалі над туманам і часам знікалі ў ім, каб зноў вынырнуць, з глухім бразганнем нябачнага ў тумане вядра.
– Панскае паляванне, – сказаў нечы нерэальны, бы праз дрымоту, голас. – Вала з’ядуць, а зайцам закусяць.
Потым нешта насунулася з абодвух бакоў: па грыбным водары прэлай лістоты можна было здагадацца – лес. Вільготным здаровым холадам прабірала да касцей.
Над сцежкай віселі чырвоныя плахты рабін.
Лес стаў радзець. Травы, галіны, свежыя распасцёртыя хмызы плакалі чыстай росіцай. І колеры ўсяго вакол – мухамораў, пунсовых клёнаў і барвяных маладых асін – былі няяркія ў тумане, але затое больш глыбокія, ад вільгаці.
А калі яны пакінулі лес і ўз’ехалі на вяршыню грады – перад іхнімі вачыма, уся ў белым малочным сонцы, адкрылася зямля.
Яна ляжала як сягнуць вокам, яшчэ няяркая, але пакрысе быццам набіралася ад сонца фарбаў, колераў, адценняў. Ружовай рабілася раса, вясёлкавым – верас. І ў небе, яшчэ бялёсым, як сабранае малако, усё яснеў празрысты блакітны колер.
І тут нечакана заспяваў Карпаў рог:
Сон-ца, сон-ца, Ўста-вай, ста-вай, З донца, з дон-ца, з дон-ца Тум-ман выл-лівай. Звяроў, Звя-роў давай, Ваў-коў, Дзі-коў Да-а-вай.Гэта быў сігнал пераставіць карабіны шворак “на рыўца”, калі зграя вызваляецца адным рухам рукі. Звер мог ускінуцца ледзь не з-пад самых капытоў.
Рушылі далей, па шорсткім іржышчы. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. І Алесю раптам стала так радасна, што ён няголасна, і таксама на матыў і голас рога, сам сабою праспяваў:
Гуськом яны едуць у ранняй імгле, І сонца гуляе на кожным ствале.