ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

...Дровы ў каміне часам успыхвалі, і тады на кнігі, асветленыя свечкамі, падала лёгкая барва.

– Дзеду, – сказаў Алесь, – я вось тут хацеў спытаць у цябе аб царскім тытуле.

– А нашто гэта табе яшчэ? – іранічна спытаў Вежа. – Плюнь. Чытай тое, што пра нас.

Алесь загарнуў вялізны том і пачаў глядзець у агонь. Праз парк, праз голыя шаты, праз непагоду даляцеў бой гадзінніка “гатычнай капліцы”. Дзевяць гадзін.

– Ішоў бы ты спаць, Алесь.

– Пачакай, дзеду, пагрэюся.

Дзед паварушыў дровы і сказаў:

– Дык што гэта ты там хацеў спытаць пра тытул гэтага падонка? Не кажучы, вядома, уголас і пры чужых.

Алесь зноў разгарнуў кнігу:

– Разумееш, нашто такі вялізны і незразумелы тытул?

– Для паважнасці. Каб ведалі, колькі зямлі гасудар нарабаваў. А што там табе незразумела?

– Ну вось: “самодержец всероссийский… царь польский… великий князь финляндский”… Гэта ўсё зразумела... А чаму ў старым тытуле такія дзівосныя словы – “всея Великие и Малые и… Белыя Руси”? Гэта яшчэ што за глупства? Чаму не “зялёныя”? Не “шырокія”?

– Гэта назвы такія.

– Чаго назвы? Ну, “Вялікая Русь” – гэта зразумела. Імперыя сапраўды вялікая.

– Не туды гнеш, – сказаў стары. – Вялікая Русь – гэта ўсё, што ад вытокаў Дняпра і Сожа і аж да ўсходняга месца, да пустынь, да гор... Малая...

– Гэта яшчэ хто?

– Жыве на поўдні такі народ. Гэта там, дзе Кіеў, і Палтава, і Міргарад. Як я ездзіў да Кіева з імператрыцай, то наглядзеўся. Народ цікавы, на нашы вочы – нязвыклы, але харошы.

– А “Белая” – гэта што?

– А гэта Прыдняпроўе, Палессе, Міншчына – усё, аж па самае Падляшша.

Алесь пакусваў пяро:

– Што ж, тады выходзіць, то мы жыхары Белай Русі?

– Яшчэ чаго. Мы – прыдняпроўцы. А слова гэтае “Белая Русь” – канчаткова састарэлае, вельмі даўняе слова, якога ніхто не помніць. Зараз яно і наогул пад забаронай, шмат год нідзе ты яго не сустрэнеш.

– Ну, а чаму ж так?

– А таму, што нікому да гэтага клопату няма. Пра іншае трэба думаць.

– Пра што?

– Ну хоць бы пра тое, што прыдняпроўскія дваране сталі халуі, што няма больш у Прыдняпроўі ні сілы, ні розуму, ні гонару. Што мы выміраем.

– Што ты, бацюхна, – жахнулася Глебавічна. – Есці нам хіба няма чаго? Ды крый божа!

– Памаўчы хвілінку, – мякка сказаў стары князь. – Выміраем, Алесь. Гэта – праўда. Не дай бог толькі дажыць. Ні табе, майму ўнуку, ні твайму ўнуку. Вазьмі ты Магілёў. Быў багаты вялікі горад. Вазьмі Полацк... Загорск стаў вялікай вёскай. Друцк – маленькай і жабрачай. У Сухадолле два гады таму назад было мужчын дзве тысячы без дзвюхсот, жанчын – паўтары тысячы ды сотня. Першая адзнака! І ў гэтым годзе нарадзілася сто пяцьдзесят дзевяць чалавек, а памерла дзвесце семдзесят сем. На сто васемнаццаць чалавек стала меней. І так амаль кожны год. З году ў год, сыне...

Паварушыў шчыпцамі. Сноп іскраў ірвануўся ўгору.

Алесь маўчаў, гледзячы ў зыркае полымя. Ён цяжка, не па-дзіцячаму, думаў.

Барва трапятала на яго абліччы, і таму твар, здавалася, быў абліты густой крывёй.

– Я не разумею, – сказаў ён нарэшце глухім голасам. – Не разумею, чаму так казаў у магільні бацька: “У іншых ёсць імя – у нас няма нічога, акрамя магіл”? – Вузкая рука зламала пяро. – Ды не, не. Ёсць імя. Не адны магілы. Імя таксама ёсць, забытае, састарэлае. Але ж ёсць.

– Магчыма, – сказаў дзед. – Толькі ўсё гэта не тое. Ідзі лепей спаць, унучак. Позна табе тут сядзець і думаць.

Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам.

...Я спускаўся з верхавіны Святой Гары. Было позна, і сонца даўно села за горы. Ломячы дубняк, ступаючы на жорсткія падушкі каменяломкі, я ішоў ніжэй і ніжэй, туды, дзе над бухтай гарэлі неверагодна сінія агні.

Пайшла сухая горная трава. Справа ад мяне, на строме, узносіўся ў неба Чортаў Капыт.

Я выбраўся на дарогу і шпарка пакрочыў уніз.

Паўзлі па схілах шэрыя плямы, і прыглушана далятала адтуль “глок-глок” званочкаў авечых чарод.

Цяпер я спусціўся нізка, і вакол былі адны змаршчакаватыя горы.

Нешта цьмянае з’явілася абок мяне: слабы яшчэ, невыразны на шэрым цень. Мой цень. І я падумаў, якія яны былі бедныя, нягледзячы на багацце, тыя, што аджылі пад маім пяром. Якія вартыя жалю! Як цень.

А цень з’явіўся і цяпер усё гусцеў і гусцеў, бо месяц, уздымаючыся над светам, ярчэў і наліваўся святлом.

У лагчыне пусцелі каменныя каробкі нейкіх нізкіх будынін, што зараслі шыпшынай і калючкамі. І гэта было як на Марсе, дзе пяскі заносяць руіны старых гарадоў. А месяц нараджаў у будынінах цені і рабіў змаршчакаватую глебу ўзгор’яў зусім блакітнай.

І раптам вялікае шчасце нарадзілася ў сэрцы. Я жыў і я ішоў паміж руін, пад гэтым блакітным месяцам, я прадзіраўся праз калючкі, што аж парыпвалі пад ветрам ад мёртвай сухасці. І я ішоў насустрач таму, аб чым ведаў у гэтай цясніне адзін я. Толькі адзін.

Я мінуў цясніну, і пасля водару сухой зямлі, калючак і палыну цёплы, раскошны, бязмежны водар мора, яго няспынны шум напоўніў мне вушы і сэрца.

Мора гарэла месячным агнём між сухіх скал.

...І ўсе гэтыя дні і ночы я жыў ім, нават калі не бачыў яго.

Жыў у скалах, жыў у стэпах, жыў сярод цяснін.

І часам, прачнуўшыся ўначы і бяссонна лежачы з расплюшчанымі вачыма, або познім вечарам, пішучы за сваім сталом, я ўздрыгваў ад нечаканага адчування холаду і дзікай асенняй самоты.

Таму што за вокнамі стаяў глухі шум, які бывае ў нас толькі позняй восенню, калі парывы ветру бягуць па голых верхавінах няўтульных дрэў.

А потым мне адразу рабілася цёпла, і я ўспамінаў і ўсміхаўся сам сабе ў цемры, бо гэта было – Мора!

XXI

Каляды адзначыў свежы і пушысты снег. Снег быў на ўсім: на слупах платоў, на стрэхах, на дрэвах, на футры начнога вартаўніка і ў вёдрах з вадой – толькі пранесеных ад студні да хаты.

Поделиться с друзьями: