ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Канечне, ім. Бо Загоршчына амаль нічым не рызыкуе. На ўсё сухадольнае наваколле ён, Алесь, найлепшы стралок сярод маладых.

Нават калі б няўдача. Дакончыў бы пан Юры, таксама лепшы.

Вядома, помста. Але нашто? Нашто, калі ўсе яны – рабы кодэкса гонару. Дурасць. І ён таксама дужа разумны, ледзь не зрабіў так, як нейкі там дурны дзедзіц.

...Яго дагналі суровыя Мсціслаў і Кандрат. Пайшлі побач.

Кандрат радаваўся, што ён адзін стаяў тварам да Міхаліны і Алеся, што Галінка і Андрэй не бачылі нічога. Мсціслаў радаваўся, што бачыў усю брыдкую і незразумелую сцэну адзін ён. І кожны з іх імкнуўся трымаць сябе натуральна.

Алесь скоса зірнуў на бесклапотныя абліччы сяброў.

– Ану іх, абрыдла, – сказаў Кандрат.

– Папоўская дзікасць, – азваўся Мсціслаў. – Толькі і добрага, што паскі. Давайце, хлопцы, паспрабуем напіцца.

– Чаму не, – сказаў Алесь.

Здаецца, не бачылі. І гэта добра.

Ён ішоў і бачыў людзей. Мужыка, што стаяў як перад плахай, дзяўчыну ў сіняй з золатам хустцы, бабу ў намітцы, якая па дурасці і цямноце падпявае пеўчым замест “І сушчым ва грабех жывот дараваў” – “і сухі верабей заплот паламаў”, – усё гэтае мора, якое звалася яго народам.

...Сябры селі на коней. Мсціслаў кінуў Кандрату павады заводнага каня.

Кандрат узвіўся ў сядло апошні, і, калі паглядзеў на занадта простую постаць дзядзькавага брата, рукі ў яго самі сціснуліся на павадах: “Д-добра”.

З месца ўзялі ўгалоп. Проста ў ноч, пад зоры...

...Яны не бачылі сумятні, якая раптам пачалася сярод натоўпу, калі людзі сталі заходзіць у царкву.

Міхаліна Раўбіч упала непрытомная.

Палала смала. І проста пад высокія зоры ўзляталі галасы. Пяялі канон Дамаскіна “Уваскрэсення дзень”.

...Коні ляцелі ў ноч.

У гэту ноч сябры вельмі моцна выпілі ў самай захудалай, самай беднай прыдарожнай карчме... А раніцай пан Яраш, давёўшы, урэшце, дачку да памяці распытаўшы яе, якая была прычына млосці, пахаладзеў ад думкі, што на родзе цяпер можна ставіць крыж.

– Ты разумееш, што ты нарабіла? Нават ворагу... Гэта толькі абрад, дзяўчо ты!

Яна не сказала больш ніводнага слова. Два дні Раўбічы чакалі. Пасыльны з Загоршчыны так і не з’явіўся. Выкліку на дуэль не было.

І тады пан Яраш і Франс расцанілі гэта як “помсту пагардай” з боку Загорскіх і тое, што Алесь сапраўды быў вінаваты. Правіна не напалохала іх. Помста пагардай – вельмі. Ім трэба было маўчаць аб гэтым. Толькі ім двом, якія ведалі.

Прымірэнне было ўжо немагчымае. На землях, якія ляжалі побач, на водах, якія плылі побач, сядзелі цяпер смяротныя, непрымірымыя ворагі.

На радаўніцу ўсе ў наваколлі даведаліся, што Міхаліна Раўбіч заручылася з графам Іллёй Хаданскім.

V

Ніхто не ведаў, што, вырашыўшы да канца зняважыць сябе, Міхаліна назнарок дазваляе сабе не вельмі – а лепей сказаць – зусім невысакародныя выхадкі, знаходзячы нават у гэтым нейкую помслівую асалоду. Таму бадай што ўсе здзіўляліся з яе дзіўных учынкаў, якіх нельга было ні зразумець, ні растлумачыць.

Яна напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны:

– Будзеце трымаць корд жаніха, – ласкава схіліла галаву. – Або мой шлейф. І ў тым і ў другім выпадку – сябра дому... Назаўсёды... І потым, я ведаю, што лепшага сведкі такой важнай для мяне падзеі не будзе. Ён паўсюль будзе расказваць пра яе праўдзіва... поўна... цікава.

Мсціслаў глядзеў на прыўзняты ражок прыгожых вуснаў, на нявінныя вочы, на ўвесь воблік гэтай дзяўчыны, і яму рабілася страшна, што ён мог быць закаханы ў такую.

Ён, аднак, не даў зразумець сваіх пачуццяў. Схіліўся залацістай галавою і ветліва сказаў:

– Я ў такіх справах вам не сябра, Міхаліна Яраслаўна.

Назваў па бацьку, чаго Прыдняпроўе бадай не ведала. І ў голасе было такое прыхаванае глыбокае асуджэнне, што Майка апусціла вейкі. А таксама быў закаханы...

– Прыемна хаця, што ў вас засталіся сякія-такія рэшткі сораму за зробленае, – сказаў Мсціслаў. – Мяркую, яны вам яшчэ спатрэбяцца. Як і рэшткі пакут сумлення.

Яна ўскінула бровы. Спалохана.

– Хаця ад душы спадзяюся, што справа не зойдзе так далёка. Няма з-за чаго.

Пасля гэтай размовы Міхаліна раптам, упершыню за ўсе тыдні, падумала пра Алеся. Да гэтага яна карала і мучыла сябе, не думаючы пра іншых.

І толькі тут яна ўпершыню падумала, як жыць яму.

Алесь жыў. Іншым здавалася, нават спакойна. Ва ўсякім разе, замест прадчування страшнага прыйшоў спакой.

Спакойна распараджаўся ў дзедавых збожжавых магазінах, рыхтаваў коней на буславіцкі “бяссенны” кірмаш [13] . Даводзілася шмат выбракоўваць, бо аконамы намагаліся сапхнуць розную здыхляціну.

13

“Бяссеннымі” зваліся кірмашы канца красавіка – пачатку мая. Туды ішлі тыя, у каго конь здох узімку, або тыя, у каго не было насення.

Унук працаваў да знясілення, і пан Даніла радаваўся: менш дрэнных думак палезе ў галаву, і калі ўжо будзе тужыць, то ад сапраўднай тугі. І ўсё ж спакой Алеся палохаў яго.

Прыязджаў чырвоны ад ранняга загару, такі брудны, што ў каменнай ванне тройчы даводзілася мяняць ваду, еў што трапіцца і потым увесь вечар сядзеў ля агню, перакідваючыся з дзедам нязначнымі сказамі.

Еўфрасіння Глебавічна бачыла крывую ўсмешку, якая з’яўлялася на ягоных вуснах, калі глядзеў на жанчын. Больш маўчала, але крадком вызваліла ад усякай работы двух хлопцаў, каб начамі дзяжурылі ля Алесевай спальні: ”А раптам нешта зробіць з сабою, галубчык”.

Уставаў ён у тры гадзіны ночы, сядаў у ледзяную ванну, еў з людзьмі густа пасоленую бульбу з кіслым малаком і, не чакаючы кашы з баранінай, выязджаў на Касюньцы з двара.

Вежу падабаўся шчэпісты, гаспадарскі і ўсё ж ва ўсім добры ўнукаў розум. А каб і не падабаўся, ён згадзіўся б з усім, што б той ні прапанаваў, з усякім, нават самым бязглуздым учынкам, з усякай, нават самай недарэчнай прапановай.

Усё б раздаў, абы стаў ён здаровы і спакойны.

Пан Даніла здзіўляўся з самога сябе. Трыццаць восем год жыў у самоце, нічога не патрабуючы ад жыцця. Так, паблажлівы ад разумення людзей і велічы стары цынік і іраніст. Валтузяцца недзе наводдаль мурашкі – хай сабе валтузяцца. Мурашнік робяць, гліцу цягаюць – вельмі цікава.

І раптам з’явіўся камячок плоці, уладна ўзяў, запаланіў, прымусіў любіць нявестку, цікавіцца сынам, сустракацца з гэтымі самымі мурашкамі, лезці ў шумлівае, утомнае жыццё, пакутаваць і радавацца.

“Хто ён? Што мне ў ім, калі мне вось-вось ляж ды здохні, а за чорнай рысай – яма?

Але вось вырас, стаў гожы і моцны, і няўдала пакахаў. І так баліць за яго сэрца, як ніколі не балела за сябе.

Ды гэтага мала. Ну вырас, ну, вядома, зусім іншы, чым людзі майго пакалення. Ну і пакінь ты мяне ў спакоі такога, які я ёсць. Не, вучыць. З зямлёю не так, з людзьмі не так, з радзімай не так.

Поделиться с друзьями: