ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І тое, – сказаў Корчак. – Я сам казаць не хацеў. Падумалі б: з-за сябе. Згода, Кроер. Яшчэ хто?

Браніборскі, – сказаў Юллян Лапата.

Аўтух запыхкаў, як вожык.

– Нашто? Ён, кажуць, волю даць хацеў.

– А ты спытаў мужыкоў? – вочы Паківача бліснулі. – Не хочуць яны такой паганай волі, без зямлі.

– Нам, хлопцы, наогул цяжка будзе, – раптам сказаў Іван. – Час трохі не той, – ён сарамяжліва ўсміхнуўся. – Я не баюся, але проста... чуткі гэтыя, што вось-вось волю дадуць. З зямлёю. Каму ахвота, чакаючы на такое, галаву скручваць? Кожная грамада – як крушня каменная. Не зрушыш. Ляжыць на сваім лапіку поля і маўчыць.

Іван нібы выказаў думку кожнага. Бо ўсе тут баяліся і падсвядома ведалі: вялікай грамады цяпер не ўзняць. Але і чакаць было горш за смерць.

А Корчак ведаў усё лепш за іншых. Не ўзняць грамаду. Усе чакаюць. Не ўзняць. Хіба што потым, калі воля выйдзе нейкая не такая, якую чакалі.

Але яму было няўсцерп чакаць. Яшчэ і яшчэ чакаць. Як сем год ужо чакаў. Маўчаць. Хавацца і перахоўвацца. Мгчыма, зноў тры-чатыры-сем год.

Не трэба было выказваць ім сваіх думак. І ён з трохі ненатуральнай рашучасцю сказаў:

– Уздымем, не ўздымем. Гэта тады ясна будзе. Не ўздымем, то пачакаем. Пад намі не гарыць. А паспрабаваць трэба. Быдла ўжо мы, а не людзі – вось да чаго давялі. Кроер рабуе. Мусатаў страляе ў людзей... Абароны цёмнаму чалавеку няма. Прыйдзеш у суд – што давядзеш, калі гаворкі іхняй не разумееш?.. Ваўкі. А з ваўкамі – па-воўчы. – І перапыніў самога сябе: – Значыць, вырашылі: Браніборскага... Яшчэ каго?

Запанавала маўчанне.

– Раўбіча, – сказаў раптам Кандрат.

Ты што? – паспрабаваў быў спыніць брата Андрэй. Але Кандрат павярнуўся да яго і аднымі вуснамі кінуў:

Маўчы!

Аблічча было такое рэзкае і гнеўнае, што Андрэй змоўк.

Раўбіча, – паўтарыў Кандрат.

Нашто? – спытаў нехта.

Над чаўнамі павісла няёмкая маўчанка. Ніхто, акрамя Андрэя, не разумеў, чаму Кандрат Кагут аддае грамадзе, будучаму разгрому і агню, суровага звонку, але памяркоўнага пана Яраша.

Андрэй сядзеў і толькі маліўся сам сабе, каб ніхто не здагадаўся аб прычыне, аб ганьбе Загорскіх. Але ніхто, відаць, нічога не ведаў.

У Раўбіча можна разжыцца на зброю, – сказаў Кандрат. – Можна і ў іншых багатых радоў, але тыя сцерагуцца.

Несумленна, – сказаў Пятрок.

То і памры на сваім сумленні, як страляць пачнуць, – сказаў Кандрат.

А праўда, – сказаў Аўтух Лапата. – Я не чуў, каб Раўбіч... нешта такое... Але, пэўна, пад добрай скурай – дрэнь.

Гэта чаму? – спытаў Пятрок.

Куды дачку... аддае? – сказаў сонны Аўтух. – З кім... парадніцца хоча?

Андрэй пакутліва пачырванеў. Размова ўвесь час скакала вакол небяспечнага: Хаданскі – Раўбічы – прапановы дзядзькаванага брата... Вось-вось...

Ваўка да ваўка цягне, – змрочна сказаў Корчак. – Згода, пускаем агонь.

Аблічча Кандрата ззяла гнеўнай радасцю.

Раўбіча, – нібы не мог адарвацца ад гэтага прозвішча, паўтарыў ён. – Вужак ганяць сабраліся, а пра гадзюку ніхто не ўспомніў. Хаданскіх паліць трэба.

Хіба толькі паліць? – гэта сказаў усмешлівы Лявон з верхавіны дуба.

Вынішчыць, – сказаў стары Лапата.

Значыць так, – сказаў Корчак. – Як толькі тут супакояцца – хай нават праз год, – збіраемся і ідзём. Спачатку дзелімся на дзве гурмы. Адна – на Кроера. Другая – на Хаданскіх, адтуль...

На Раўбіча, – сказаў Кандрат.

...на Раўбіча, а потым, Браніборскага попелам пусціўшы, на дапамогу тым, што ў Кроераўшчыне.

Чаму так няроўна? – спытаў Янук.

Вельмі проста, хлопча, – сказаў Корчак. – Ты там не быў, а я меў шчасце. У яго гэтых сабутэльнікаў, загонавых прапойцаў, сотня, дый чаркесаў ён наўрад ці адпусціць. Ведае. Малой крывёю не абыдзецца. Так што адны абложаць, каб сарока не праляцела, падмогу не паклікала. А другія справы свае зробяць дый прыйдуць.

Сіняе мора повені ляжала вакол. Скакала па ім залатое рабацінне. З верхавіны дуба пачуўся раптам голас Лявона:

– Човен з гэтымі двума.

Людзі пачалі збірацца, адвязваць чаўны. Лявон спрытна, як куніца, спускаўся з дрэва.

Пагаварылі, – сказаў Корчак. – А шкада, нельга... Мужык побач. Падплысці б ды адправіць гэтага гарлачыкі расціць.

І тут Андрэй са здіўленнем убачыў, як страшна – ніколі ў жыцці такога не бачыў – змяніўся з аблічча брат.

Кандрат Кагут спрытна, як кошка, не абапіраючыся рукамі, устаў на ногі: душагубка амаль не загайдалася.

– Ты пашкадуеш, калі зачэпіш яго ці кагосьці з Загорскіх.

Корчак пачырванеў. І адразу на гэтым загарэлым абліччы выступілі два, крыж-накрыж, шнары: сляды Кроеравага карбача. Яны былі ледзь прыкметны, але здагадацца – хто ведаў – можна было.

Ого, – сказаў Корчак. – Ану.

Пад світкай, ля ног Паківача, варухнулася руля стрэльбы. Андрэй узяў у рукі свае восці.

Корчак абвёў натапыраных праціўнікаў вачыма і стрымаўся:

Тлумач.

Ён мой брат. І гэтага досыць.

Яно і відаць, што панскія лізунчыкі, – сказаў Янук. – Панскую зямлю панскімі коньмі араце. На панскія грошы Паўлюк з Юрасём школку скончылі...

Ён змоўк. Шырокі, белы ад вастрыні трызубец восцяў вісеў на ўзроўні яго вачэй.

Лізунчыкі... – сказаў Кандрат. – Мы, Янучок, не лізунчыкі, а дурні, калі з такой навалаччу, як ты, разам галовы складаць збіраемся. Не варта было б. А ты ж, пэўна, чуў, чыёй воляй тая дзеўка Хаданскіх зямлю ды свабоду атрымала? Не тваёй. І чыёй воляй паншчыны на гэтым лапіку амаль няма, таксама чуў. І што сам ты ні гвалту, ні згону не ведаеш... І на каго па гэтай прычыне суседзі зубы гостраць.

Размахнуўся восцямі. Андрэй, ведаючы брата, толькі ўздыхнуў: пранесла.

Ды табе гэтага, губа нясытная, мала. Ты не аб усіх дбаеш. Ты сам бы толькі ўсё, што вакол, пад зад згроб дый сядзеў бы, пакуль... аж да сэрца не згніў бы. Шэры князь, морда твая паскудная. – Задыхнуўся. – А той – просты. З намі, з усімі світачнікамі, як роўны. Каб табе ягоную сілу – мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі.

Павярнуўся да Корчака.

– Гінуць з табою згодны. Але гэтаму роду калі будзе нешта – Азярышча табе будзе вораг, Вітахмо – вораг, Загоршчына – вораг, Татарская Грэбля – вораг, Сцюдзёны Яр – вораг.

Поделиться с друзьями: