ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Андрэй таксама ўстаў.

Святое – вораг, – сказаў ён, нібы прабачэння прасіў. – І Ведрычы – вораг... І іншыя, лікам сорак вёсак – ворагі.

Кандрат крыва ўсміхнуўся.

– Хапаць ды выдаваць мы не будзем, – сказаў ён, – крый божа. Проста не будзе табе ні хлеба, ні страхі. Праз тыдзень сам да Мусатава прыпаўзеш, калі не возьмуць. Таму што імі, простымі, трымаецца кожны лясны брат... Імі, Корчак.

Корчак узняў руку:

Хопіць, Кандрат. – Зірнуў на Янука і на хаду сарваў злосць: – Праз твой язык, лайнік ты, звяга, справу маглі б заваліць. Больш ты мне языка не высалоплівай. – І зноў да Кандрата: – Кінь. З-за лухты мала не перасабачыліся, як гайня.

Гэта не лухта.

Добра. Ты супакойся. Веры ўва мне няма. Але, шануючы цябе, спрачацца не буду. Што б ні было – гэтыя людзі, і, вядома, твой брат, астануцца жывыя. Нават у цёмным лесе. Нават калі на наш табар з лесу вылезуць... Ну? Цяпер згода?

Згода, – астыў Кандрат.

Сябры?

Сябры.

То тады бывайце. Пакінем іх, хлопцы, дый самі развітаемся.

Зацурчала пад вёсламі вада. Тры чаўны пачалі паспешліва аддаляцца. Спачатку іх закрылі бліжэйшыя рэдкія хмызы, потым дальнія. Часцей і часцей.

Праз некалькі хвілін усе яны зніклі за шапкай вялікага дуба... Кагуты засталіся адны.

Ты, брат, бачу я, гара-ачы, – сказаў Андрэй.

Бывае.

А ты чаму не сказаў, што гэта Алесь карбач з Кроеравых рук выдраў?

Пашкодзіла б. Корчак ганарысты. Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. І раптам – н'a табе, панская ласка.

Кандрат зясмяяўся:

І так слова выдралі... Паплывем насустрач, ці што?

Замест адказу Андрэй моцна павярнуў човен. Кандрат пахіснуўся, але спрамогся сесці:

Здурэў, сяло дурное! Чаго ты?!

Проста хацеў паглядзець, як ты, такі доўгі, як конскі шчавук, пляснешся.

Сам такі, – сказаў Кандрат.

І тое праўда.

Човен павольна плыў між рэдкіх дубоў. Сляпучае сонца з вышыні глядзела ў ваду. Браты маўчалі.

Кандратка, – ціха сказаў Андрэй, – навошта ты гэта зрабіў... з Раўбічамі?

Ты ля царквы на Галінку глядзеў, – падкусіў Кандрат, – і Алесевага твару потым, у карчме, не бачыў... Ненавіжу я гэтае подлае племя, што яны з ім зрабілі... Не мае права ніхто такое рабіць ды на літасць спадзявацца. Аплявалі, а потым... тая... на вялікдзень.

Яна мне здавалася добрай дзеўкай.

Мне таксама... здавалася.

Ён дараваў.

Кандрат успыхнуў:

Ну, ведаеш!.. Маўчыць пан бог, ды не маўчаць людзі.

Цс-с, – сказаў Андрэй.

Наводдаль паказаўся човен з Алесем і Кірдуном.

Гэй! – гукнуў Алесь. – Бачыце?

І прыўзняў з чаўна вялікага лілаватага сома. Трымаў з напругай, бо галава рыбіны была на ўзроўні грудзей хлопца, а хвост згінаўся на дне чаўна.

Атаман, – сказаў Алесь.

Тванню будзе пахнуць, – сказаў Андрэй.

Вымачым, – сказаў Алесь. – Во атаман дык атаман.

Нешта ты, Кірдун, увесь час з хаты ўцякаеш, – прычапіўся да першай тэмы Кандрат. – Што, жонка не грэе?

Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.

Ды што... Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома... Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя... Лаяцца – сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.

І па дурасці ляпнуў:

Жанчыны гэтыя – ну іх да д‘ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.

Андрэй лыпнуў вачыма.

Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:

Праўда твая, Алесь, – атаман... Колькі яму год можа быць?

А чорт яго ведае. Многа.

Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.

З рыбамі гэтымі бяда, – заліваўся Кандрат. – З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?

Ну. Заіка?

– Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: “Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам”. Аж тая раптам – боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: “А туды т-т-т-т...”. І так да самага Сухадола.

Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.

Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы “з вернай аказіяй” ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.

Кастусь пісаў:

“Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы... Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?

У кастрычніку я стаў студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта, а праз адзінаццаць дзён мяне вызвалілі ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзівосы! Ва ўсякім разе, дзякуй ім. Магу жыць... Я наогул “шчасця балавень бязродны”. Атрымаў урок, які дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць.

Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме... Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна – чалавек без перакананняў, ці то з тымі “перакананнямі”, якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край – праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы – толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым – тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.

Татаршчына!

Алесь, я ведаю, гэта глупства – адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: “Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш”. Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, – я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.

І потым, мы і так занадта церпім, і так ідзём на кампрамісы, да яшчэ кожны з іх тлумачым необходнасцю. Я не хачу.

Сапраўдным людзям улада жыць не дае. Дае толькі такім, як мой генерал, тым, што “ўвайшлі ў розум”, то бо жаруць, п’юць, спяць з законнай жонкай ці з рабынямі, калі жонка не ведае, і не думаюць ні аб чым, акрамя прасоўвання па службе да ўласнай кішэні.

І яны жывуць, вернападданыя: плодзяць вырадкаў, падлюжаць, крадуць і ліжуць зад начальству і моляцца за “царствующую фамилию”.

Поделиться с друзьями: