Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
А ты ані-ні не пабялеў з таго часу? пацікавілася яна.
Не. Гэта ўжо назаўсёды. Такая ўедлівая штука.
Ну і кінь, суцяшала Анэля. Ну і што, што чорны? Ты ж добры. Ты цяпер дваранін. І дзеці такія будуць.
Яна ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Узвысіць простым і няпростым прызнаннем ягоных вартасцей.
Ты харошы... Вунь Хаданскі. Белы, а вочы б на яго не глядзелі.
А дзявочае кола?
Ды ты ж прыгожы. Па-адумаеш! Бескаляровыя, па-мойму, горш. Пра рыжых я ўжо і не кажу. А яны вясёлыя, і ў вус не дзьмуць. І ты будзь вясёлы.
Імчаліся коні. Нізка над зямлёю свяціў Сірыус.
...У санях ціха гаварылі Грыма і Ядвінька Клейна.
І Янку будзе шчасце, разгублена казала дзяўчына. Адна я, нібы сапраўды клейнай мечаная. Нават прозвішча прароцкае. Дзе ўжо тут добрага чакаць.
Грыма, з вялікай шкадобы, соп.
Кінь. Не пабівайся так. Падумаеш, свет сышоўся. Радасцей шмат.
Якія?
Навука. Кнігі. Каб усё на свеце помніць і быць мудрым.
Гэта для мужчын.
Што ты жанчын ганьбіш, прыглушана выбухаў Усяслаў Грыма. Для ўсіх, думаеш, мужчын мудрасць?
Жаласна, па-бабску, уздыхаў, касавурыўся на сумную, сінявокую і такую ўжо вялікую ляльку.
А ты Франса нашто пакрыўдзіла? Ён харошы.
Ведаю. Але не магу я пакуль што... не магу я Франса бачыць. Можа, месяц-два-тры пройдзе, тады.
Нацкуеш ты іх адзін на аднаго, бурчаў Грыма. Франс праз цябе на Алеся крыўдуе. Ілля праз Майку на яго ваўком глядзіць. Нацкуеш.
Дурнік ты, сумна казала яна. Алесь жа ні ў чым не вінаваты. Франс не можа гэтага не бачыць. А Ілля наогул... Нікога ён, акрамя сябе, не любіць. Гонар. Ён жа старэйшы, ён добраахвотна ў Севастопалі быў. У яго салдацкі крыж. А тут аддаюць перавагу амаль хлопчыку.
Коні зачапілі край сумёта. Мяккім пылком асеў на твары снег.
...У трэціх санях дурэў Загорскі junior [1] . Валтузіўся са Стасем і Наталяй. Фельдбаўх на козлах ужо некалькі разоў пагражаў пакінуць іх у снезе.
1
Малодшы (лац.).
Вацлаў са Стасем спусцілі ногі з санак і скародзілі імі снег. Пылок ляцеў проста ў вочы коням задняй тройкі. Наталля, смеючыся і закочваючы вочы, пляскала далонькамі і спявала:
...Памарозіў лапкі, Улез на палаткі. Сталі лапкі грэцца Недзе катку дзецца!Пры апошніх словах хлопцы падымалі ногі, і снег з іхніх валёнак сыпаўся проста ў сані, пад апону.
...Франс і Ілля ехалі моўчкі. Вытрыманае, нібы ветліва-абыякавае да ўсяго, аблічча малодшага Раўбіча скамянела. Ілля, скінуўшы шапку, падстаўляў рудаватую галаву пырскам снегу.
Недзе далёка наперадзе заліваліся дзіцячыя галасы:
Люлі, люлі, люлі, Пайшоў кот па дулі.Радуюцца, змрачнавата сказаў Іллля. Пайшоў кот па дулі. Ёсць чаму радавацца... Не трэба было нам з табою, брат, сюды ехаць.
Франс незалежна маўчаў. Толькі ражок вуснаў таргануўся на матава-бледным абліччы.
Я яго не цярплю, сказаў Ілля. Падумаеш, улюбёнец багоў. Не ведаю, ці баліць яму хаця
што-небудзь не свеце.
Малодшы Раўбіч варухнуў вуснамі, але нічога не сказаў. Ведаў, што сусед кажа несправядліва, але не мог запярэчыць. Ён маўчаў доўга і раптам, адчуўшы дзіўны, калючы халадок у каранях валасоў, са здзіўленнем падумаў, што ён, здаецца, пачынае ненавідзець маладога Загорскага. І, каб не даць пачуццю прарвацца, Франс спытаў з выхаванай ветлівасцю маладога прыдворнага:
Што вы думаеце пра імператара? Я маю на ўвазе яго словы аб тым, што цяперашні парадак уладання душамі не можа астацца нязменны.
Вы памятаеце, калі ён выступіў? спытаў Хаданскі. Прайшло дванаццаць дзён пасля падпісання Парыжскага міру. Ён сказаў гэтую прамову на касцях ветэранаў. На салдацкай крыві.
Яму здавалася, што ён сам ветэран, што гэта на ягонай, Іллі Хаданскага, крыві цар упершыню падумаў аб сялянскай рэформе. Яму здавалася таксама, што ён гаворыць свае думкі, у той час як гэта былі думкі Міхала Якубовіча і старога графа Мікіты...
Вы разумееце... я любіў яго, з пачуццем прагаварыў Ілля. Вельмі любіў... Гатовы быў аддаць за яго жыццё. Ды я і аддаваў. Няхай яго не было побач. Усё адно... За імперыю... На бастыёнах, пад ядрамі... Варта было змагацца... Побач са мной Мельгунову адарвала ногі... Ядро, другі раз, прабіла страху нашай мазанкі і трапіла ў ломберны стол...
Ён збялеў, зноў успомніўшы здарэнне.
Проста ў стол... паміж мною і паручнікам Ветэрнам. Вось як між вамі, Франс, і мною.
Ядро, вядома, не магло трапіць, “як між Франсам і ім”, таму што яны сядзелі плячом да пляча, але Хаданскі не падумаў пра гэта.
Як між вамі і мной... Каб мы толькі ведалі, які падарунак ён нам рыхтуе! Варта было ваяваць за такое?.. На крыві ветэранаў – такая здрада. Я яго любіў. Я ненавіджу яго цяпер. Калі ён толькі ўздумае рабіць гэта справай, а не словам – хай не спадзяецца ні на што, акрамя мяцяжу і бунту. І я сам, першы, пайду на бунт. Мне да крыві не звыкаць.
Франс безуважна, нібы гэта не ён гаварыў з Іллёю, глядзеў убок.
Коні імчаліся раўнінай. Ілля не ведаў, як яму ставіцца да халоднага тону суседа.
І, аднак, ён ліберал, у які ўжо раз сказаў Франс.
Лухта, сказаў Ілля.
А маніфест 26 жніўня? спытаў Франс.
Што? Вяртанне дзекабрыстаў? Звар’яцелыя старыя шаптуны. Іх там і варта было пакінуць. Нічога не ўмелі, нават ударыць.
Франс маўчаў. Прыгаломшаны гэтым, Ілля таксама змоўк.
Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус.
І толькі пад’язджаючы ўжо да Загоршчыны, Франс сказаў, нібы ўголас падумаў:
Я, здаецца, пачну яго ненавідзець.
Правільна, горача сказаў Ілля і асекся, бо неяк не звязаў у галаве, чаму Франс, які ўвесь час бараніў цара, цяпер збіраецца яго ненавідзець. Ён не ведаў, што Франс увесь вечар думаў аб іншым.
...Яны беглі заснежанай алейкай. Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор.
Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар.