Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II
Шрифт:
Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў.
Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.
Ён амаль дагнаў яе, але яна кінулася ўбок, на бакавую сцежку, да белай зімовай альтанкі-павільёна. Пакуль ён павярнуў за ёю, яна ўзбегла па прыступках і, пацягнуўшы на сябе дзверы, знікла за імі.
І ён адчуў нясмеласць перад гэтымі снежнымі сценамі і снежнай веліччу дрэў, міжвольна прыцішыў крокі.
У альтанцы было халаднавата і цёмна. Бледнаватыя, невыразнага колеру плямы ад шыбінак ляжалі на сценах і на падлозе. Чырвонае здавалася ледзь ружовым, сіняе – шэрым.
Алесь стаў пасярод павільёна. Азірнуўся вакол. Майка, відаць, нікуды не адыходзіла, бо апынулася за ягонай спіною і цяпер стаяла ў дзвярах, гатовая выскачыць з альтанкі і зноў бегчы. Ён зрабіў да яе крок, другі, трэці.
Яна вагалася.
Яшчэ, яшчэ адзін. Майка нібы варухнулася, але асталася на месцы. Алесь падышоў зусім блізка і ўзяў яе руку ў свае. Паспрабавала вызваліць.
Ціха, шапнуў ён. – Ціха.
Здалёк, з цішы заснежаных дрэў, з сіняй цішыні, пачалі далятаць ціхія галасы. Відаць, з вёскі прыйшлі славільшчыкі:
Святой ноччу, Святой ноччу ціхай, На мурожным сене, У божым Бетлеме, Ціхай ноччу...Снег ляжаў густымі белымі шатамі. Спявалі здалёк, ад палаца, і здавалася, што гэта звіняць снежныя чмялі.
Што гэта? – аднымі вуснамі спытала Майка. – Адкуль?
Алесь зрабіў яшчэ крок і паклаў далоні на яе плечы, прыцягнуў яе да сябе, прыціснуўся шчакою, схаваў усё аблічча ў яе цёплых валасах.
Прыпаўшы галавою да яго пляча, яна маўчала. І яго рукі абнялі пад футрачкам яе вузкія плечы, адчулі іх цеплыню, іх пакорліва-мяккае супраціўленне, а потым бездапаможнасць.
Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва-сінія іскры зор. Няпэўныя колеры на падлозе і белых сценах. Са снягоў, з ацяжэлых, як белыя мядзведзі, дрэў даляталі і звінелі галасы:
Лабыры-ягняткі, Белы казляняткі Сянца не елі, На хлапца глядзелі.Нехта павольна наблізіў да яго вачэй яе вочы. Вусны ласкава і жаласна варухнуліся пад яго вуснамі, прыціхлі.
Мама, ціха, жаласна і нібы разгублена сказала яна.
Зноў наблізіліся вочы. А праз снягі, праз сінія косы ўзвіваліся ў вышыню галасы, і ледзяны Сірыус гарэў у снягах.
Запалала зорка, Запалала, Трох цароў да немаўляці Праваджала. У шапках персіцкіх, Світках бурміцкіх, Срэбным табіне, Залатым сап’яне.Яе вусны дрыжалі. А ў снягах пад сінім Сірыусам лікавалі галасы:
З сакам [3] мёду, Свепетам [4] пчолак. Мёд – гэта праўда, Пчолкі – то людзі.Ён гладзіў бязважкімі рукамі яе плечы.
Зоры ў рознакаляровых вокнах раптам закруціліся і паплылі. Хутчэй і хутчэй. Каб не ўпасці, ён моцна прыціскаў яе да сябе. Цалаваў яе вочы, бровы, скроні.
Мілы, дарагі мой, шаптала яна. – Што ты? Што?
3
Лубок.
4
Пчаліны бортны рой.
Яе голас прымусіў зоркі застыць на сваіх ранейшых месцах.
І раптам рынулі, узляцелі яркія, як ёлачныя цацкі, малінавыя, зялёныя, сінія, жоўтыя агні. Гэта пускалі ракеты, але здавалася, што самі зоры, звар’яцеўшы ад шчасця і жаданай пяшчоты, пусціліся ў скокі над галінамі дрэў.
Дрэвы і цені ад іх кідаліся ў розныя бакі. Аблічча Майкі мяняла колеры і адценні. Блакітнае, залатое, ружовае, срэбнае.
Над рознакаляровымі снягамі ў шаленстве і буянстве агню пацьмянелі сапраўдныя зоркі.
Але зоркі былі вечныя.
Ракеты згасалі. Рассыпаючы залатыя іскры, памкнулася ўніз апошняя.
Усё стала на сваё месца. Блакітныя снягі, сінія цені, чорнае неба і на ім вострыя сінія зоркі. І цень у вачніцах і мілы рот, з якога ён не слыхам, а хутчэй пяшчотным дотыкам дыхання да яго вуснаў лавіў словы:
Мілы мой, мілы, што ты?
Яна хавалася ў яго руках, і ён з невыказнай радасцю адчуваў, якая яна: бязважкая, слабая, моцная. Уся як сама свежасць і моц. Сумная і пяшчотная, халодная і жывая, як падснежнік.
І, хутчэй не па сабе, а па тым, як ён глядзеў на яе, як дрыжалі яго рукі, яна здагадалася, што яна кахае гэтага хлопчыка.
Яна не ведала, яна ніколі не паверыла б, што пасля гэтага дня прыйдуць іншыя, калі яна не будзе верыць у гэты дзень і захоча забыць яго.
ІІ
Пачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.
Дваране з’ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе “паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян”.
Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.
Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.
Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.
Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты...
Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.
У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.
Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.