ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Т-так, – сказаў Корчак. – І сапраўды… Паміраць стоячы будзеш?

Але.

Нажыліся мы тут, хлопцы. Дзякуй трэба сказаць аднаму дабрадзею за параду.

Не трэба яму тваёй падзякі, – спакойна сказаў Брона. – Ён сказаў праўду. Ёсць у гэтага чалавека зброя. Ды толькі ўсё вы ўлічылі, акрамя яго.

Корчак глядзеў на Яраша. Потым выняў з похваў корд і старчма кінуў яго ў зямлю.

Ты не бойся, раўбіцкі пан. Удараць дакладна.

Я не баюся.

Брона пабег па штуцэр і прынёс яго.

Ух-х, які, – усміхаўся ён. – Аж рукі прыкіпелі. Вось гэта дык зброя. Ну, трымайцеся цяпер…

Раўбіч усміхнуўся. Выгляд у хлопца быў як у дзіцяці, што атрымала цацку.

Ну, дзякуй… Ты – нічога!.. Ты нават падумаць не пасмееш, я пастараюся ўжо, – спяшаўся Брона і нібы растлумачыў: – Жонку маю з дзецьмі Кроер некуды ў Расейшчыну прадаў за непаслухмянасць… А што яна там?

Я разумею, – проста сказаў Раўбіч.

Вядзіце коней, хлопцы, – сказаў Корчак. – Дом паліць не будзем. Хай удаве будзе дзе жыць. – І усміхнуўся: – Мо і для мяне нешта знойдзеш?

Раўбіч з жарсткаватай усмешкай пакруціў галавой.

Ды я жартую, – сказаў Корчак.

Людзі з коньмі сталі трохі ўбаку і не глядзелі на іх. Нікому не хацелася глядзець на забойства.

Брона выцягнуў з зямлі корд і стаў з левага боку і трошкі спераду ад Раўбіча. Глядзеў яму ў вочы спакойнымі і чужымі вачыма.

Маліся, – сказаў Корчак.

Пан Яраш узняў галаву і, гледзячы на языкі высокага полымя, пачаў чытаць апакрыфічную малітву паноў-латнікаў, супраць якой чатырыста год дарэмна змагалася царква. Беспаспяхова, бо чыталі яе адзін раз і потым не было каго караць.

Брона слухаў, як падалі словы. Маўчаў і глядзеў чужымі вачыма. І ляцелі, ляцелі ў неба языкі агню.

“ Воіны бога прыйшлі па мяне”, – спакойна чытаў Раўбіч.

Корчак адышоў да коней.

“Воіны бога прыйшлі па мяне… Яны прыйшлі – і не самусцілася сэрца маё. Яны прыйшлі – і не здрыгануліся калені мае… Цямноцце было вакол. І ў цемрыве гарэлі твары архангелаў…

…Як повень блізіліся яны… Як лава раслі яны… Як ураган раслі яны… Як сонца ў час смерці раслі яны”.

Дзіўны гук нарадзіўся недзе. Нібы пачынаўся абвал. Далёка-далёка. Брона не здзівіўся. Так яно і павінна было быць. Што ж, калі на чалавека ішлі воіны бога…

“Як чорны агонь былі вочы іх… Як сухая трава ў агні былі валасы іх… Як вежы ў пажар былі крылы іх… Як расплаўненая сталь былі мячы іх.

…І разверзлася неба – і пажар быў за спінамі іх.

Але не трапятала душа мая”.

Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Потым даляцелі два стрэлы, а праз хвіліну яшчэ два.

Што такое? – спытаў Корчак.

Вялікі атрад, – сказаў нехта.

Войска, – мармытнуў Юстын. – Наўцёкі, хлопцы!

Ці-ха! – сказаў Корчак.

Зямля грымела ўжо, нібы з жалеза была.

І праўда до, – сказаў Корчак і ўскінуўся ў сядло. – Заседзеліся… Брона, канчай ды даганяй.

Людзі кранулі коней. Абвал ужо грымеў на ўсю сілу.

Брона зрабіў крок і сустрэў вочы Раўбіча.

“Бо не баяўся я смерці дзяцей – ніжэ сваёй канчыны без канца і прычасці, без слёз і памяці…”

Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.

Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.

…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома – у іх білі сякерамі, – зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.

Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.

І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер – коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.

Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.

Пан Яраш! Пан Яраш!

…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.

Нічога, – рэзка сказаў ён. – Дзе салдаты?

Якія салдаты? Я адзін.

У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.

Няўдача, – сказаў Корчак. – Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.

Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:

Нічога. Аднаго такі каюкнулі.

Брона паціснуў плячыма.

Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.

Ты што?

Часу не было. Калі я ўдарыў яго – мне здалося… корд напаткаў жалеза.

Бран-за-лет, – пахаладзеў Корчак.

Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.

“Воіны бога прыйшлі па мяне”.

Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.

Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.

А салдаты?

Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.

Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.

“Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат”.

І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.

Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з’явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму “помсціў пагардай”. Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?

Поделиться с друзьями: