ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Дзядзькава бурка, на якую на ўсе вочы глядзелі хлапчукі наваколля, пахнула тытунём, як і парадны мундзір. Гэта была вопратка толькі на самыя важныя выпадкі жыцця.

Ладны і сівы, ён ехаў на сваім коніку проста, як ездзіў, напэўна, і пад кулямі. Алесь быў удзячны пастрыжному, які не дазволіў яму зайсці ў апусцелы палац. Усё разумеў стары. Сказаць часам не мог, але разумеў усё.

Дзіцячыя сінія вочы без прыжмуру проста глядзяць на неба.

Бачыш, жаўрук... Як на нітцы. Ты не ведаеш, Алесь, дзе яны начамі хаваюцца? Марозіць жа начамі. Я ляжанку кожны вечар палю на старыя косці. Люблю агонь... Здаецца, чым утапіцца, то лепей бы ў агні... То не ведаеш дзе?

Дастаў куртатую трубачку, капшук – і запіпчыў.

Тромб адварочваў храпу ад тытунёвага дыму і касіўся на Басак-Яроцкага разумным вокам: гаспадар не курыў.

Што за тытунь такі прыемны, дзядзька.

Ты што, лічыш, толькі багатыру прыемны тытунь курыць? – усміхнуўся дзядзька. – Выкручваемся і мы, ды яшчэ як. Дарагое жыццё, яно – у дурняў бывае.

Не, сапраўды.

Кгм... Тытунь харошы, гэта праўда, турэцкі... Але нават самы танны тытунь, які мы, бывала, курылі там, калі армянін не прыедзе, можна зрабіць – ого! – на твары ў Пятра была раскоша. – Да мяне, бывала, усе бягуць: “У Яроцкага запасы старога. Яроцкі зберажэ, хоць не скнара”. І не ведаюць, што я нават з карэньчыкаў магу табе такую “Кабу-Гавану” (ён так і сказаў) звярнуць, што тамтэйшыя індусы сем вёрст будуць за канём бегчы ды нюхаць.

Індзейцы, дзядзька.

Ну, індзейцы... А ўжо з сапраўдным тытунцом, то, я табе скажу, і Вежа такога не нюхаў, што я магу зрабіць.

Як?

А звычайна. Хатні тытунь, вядома, даглядзі як след. Гэта... кгм... грунт! А потым рыхтуйся “Кабу-Гавану” рабіць.

Яроцкі піпчыў, быццам ладан і смірну курыў невядомаму богу:

Чакай, пакуль зацвіце белы баркун. Не тая жоўтая падла, што ў засуш палі катуе, а ягоны белы брат. Сачы, каб пчолы палёталі сама больш дзень. Каб лішне не выпілі мёду... Збяры кветкі асцярожненька, ачысці і сушы не на сонцы – пад ветрыкам, але хутка. А высушаныя мяшай з тытунём... Спачатку нямнога, бо звыкнуць трэба, бо гэта курыць – як у кветках заснуць: і сон, і лёгкасць, і думкі прыходзяць адчайныя, нібы кожную хвіліну ты з персідскай царэўнай можаш ажаніцца ды пляваць на ўвесь свет.

Дурман?

Не. Проста бясшкодны мёд.

Так проста?

Хе-хе, – сказаў Яроцкі. – Бачыш, што ў капшуку на дне?

Ну, камяк нейкі.

Гэта вераснёвы жоўты антон, парэзаны ды ў сітаватую тканіну загорнуты. Панюхай.

З капшука павеяла харошым тытунём, мядовым летнім полем, асеннімі садамі і яшчэ чымсьці.

А гэта? – спытаў Алесь. – Якое прыемнае! Як запушчаны сад у чэрвені!

А гэта другое, аб чым хацеў сказаць. Ружы не ў кожнага ёсць, то шыпшыны ў поўнай квецені набяры, падсушы ды мяшэчак у скрынку з тытунцом і пакладзі.

Вы маг, дзядзька.

Я шмат такога ведаю... Дарэмна ты не прыязджаў. Простасць табе патрэбна чалавечая, хлопец... Звычайнае, шэрае, сваё... Хай неразумнае, парэпанае, але сваё... Як продкі жылі. Былі багатыя, а на мулкім спалі... Дый не чужы ты мне. Дзяцей у мяне няма... Усё вайнішча гэта. А нажніцы твае, пастыжныя, срэбныя, і дагэтуль на сценцы вісяць. Побач з лістом, з асабістай мне падзякай Ярмолава Аляксея Пятровіча. Мы тады, каптэнармус выпадковы, чатыры салдаты ды я, пяць дзён перавал супраць лезгінцаў трымалі. І назву ўжо таго перавалу забыў, а дагэтуль, як успомню – вішчаць ды галёкаюць, ну – сэрца падае, няма куды дзецца.

Вам колькі ж год, дзядзька!

Не так ужо і многа. Нарадзіўся я цераз тры гады пасля смерці імператара Паўла. Значыцца-а... Вось, пяцьдзесят пяць мне... А туды я трапіў маладзён шаснаццаці год. Афіцэры, бывала, піць ды ў карты. А мне матуля многа прыслаць не магла, ды прагуляўся б я, а з салдацкай казны пазычаць – гэта бога забыць трэба. Дый нецікава гэта мне. То я ў перса куплю... па-нашаму не ведаю, як табе і растлумачыць, але вязкая такая, дрыжыць, як наша студзіна, але не з мяса, а з дыннага, здаецца, соку ды цукрам абсыпаныя... словам, “рахат-лукум”... ды сяджу, ды зубы ў мяне, бы ў смале, вязнуць, а сам гляджу на горы... І здаецца мне, нібы зусім яны не з каменя, а з блакітнага вэлюму і лёгкія, аж пустыя знутры, як шатры... Вось-вось палятуць.

Пасуровеў злёгку.

– Толькі спачатку яны такія і былі.

Ну і як вы там?

Сем год быў у асобным каўказскім корпусе пры Аляксею Пятровічу, доўгія яму гады. Жывы яшчэ. Пакрыўдзілі яго, а мужык які быў! Леў! Баяліся яго вярхі. Чуткі сярод салдат хадзілі – “абы закалат, а мы ўжо яго на штыках данясем да трона”.

Як на штыках?

А так. Штыкі ў парусіну ды на плечы. А на парусіне генерал, каб вышэй. А вакол салдаты ды сцяганосец... Мяне ён помніў, хоць і не дужа адзначаў. Не цярпеў ён гэтых дрындушак ні на сабе, ні на іншых. І правільна. Ганарыцца тут няма чым. Прысяга, вядома, іначай кожнаму салдату праз дваццаць пяць год не чыстую, а галаву сячы б трэба... То Аляксей Пятровіч гэта разумеў. Не тое што Паскевіч. Той за Эрывань ды Арзурум мне таксама ліст ды зброю, кінжал ды асабістую шаблю, ды крыж. А я гэта ўсё ў скрыні трымаю.

Выбіў люльку, крэкнуў, нібы глынуўшы чарку.

– Пасля праваяваў я год лішнім з Паскевічам Іванам Фёдаравічам. Восем год было ўжо маёй службы. Адзначыў ён мяне, пасля таго як мы крэпасць бралі... Як бо яна?.. І гэта забыў! Але пакрыўдзіў ён мяне там моцна. “Шпуры, – кажа, – трэба весці ды ўзрываць”. А я яму: “Дазвольце сказаць, не трэба гэтага. Прыдатная крэпасць. Нам спатрэбіцца. Войска многа, пакіньце яе ў абцугах ды – зморам яе. Шкада крыві”. А ён: “Вы баіцёся, здаецца?” Графства дурное! За такія словы дурніла салдат, дзе і не трэба, на смерць ідзе.

Яроцкі казаў глуха і спакойна, нібы аб тым, як яны ўчора паабедалі.

Я пайшоў ды, пакуль яны там валтузіліся з падкопам, самавольна тую крэпасць узяў. Давялося яму на свечку папляваць, а порах здаць у цэйхгауз, на рабунок... Зразумеў, што пакрыўдзіў мяне. Як наведвае наш полк, то не абміне, каб не спытаць: “Як жывеш, зямляк?” Ды і па імю, па бацьку.

Усміхнуўся:

І вось хоць што кажы, хоць і наш, беларус, а не любіў я яго, нябожчыка. І тады, і цяпер. І не за палякаў, што ён з імі ўчыніў. Гэта – прысяга, і хто богу не вінаваты? А так проста. Слізкі быў чалавек. Царадворац. Душа, здаецца, наросхрыст, а сам хітры, як лін.

Коні ступалі па падсыхаючай зямлі. Жаўрук, як на гумцы, торгаўся між небам і зямлёй.

Тут матуля памерла. З’ездзіў сюды, абсадзіў магілку. Пуста, тужліва. І паловы водпуску не адбыў – назад... Тут трапіў я на лінію, па крэпасцях. Чачня. Дзевяць год на лініі. Быў я ўжо капітан... Трыццаць год мне было, і чатырнаццаць год я служыў, калі стаў над Дагестанам і Чачнёю Шаміль. Па-нашаму ці то цар, ці то мітрапаліт, па-іхняму – імам. “Імаць” нашых, значыцца, пастаўлены... Ну і тут пачалося... Бож-жа мой! Б’юцца людзі, паляць, рэжуць.

Сінія вочы Яроцкага пацямнелі. Хрыплаваты бас прыглухнуў.

– З генералам Галафеевым у Чачню хадзіў. Лік сутычкам згубіў. Крывішча лілася... У сорак дзевятым годзе было мне сорак пяць, а праслужыў я дваццаць дзевяць год; зранены ўвесь, як стары воўк – пайшоў я ўчыстую, з пенсіяй ды з чынам маёра. Хутка жылі людзі, хутка зношваліся. Дый я вырашыў: хопіць, трэба і пажыць... Выслужыць многа я больш не мог. Служылі з нашых адзінкі, сувязяў няма. Ведаў асаблівых таксама няма. Далей служыць не было сэнсу. А такіх армейцаў было там трыста беркаўцаў ды яшчэ напарстак.

Поделиться с друзьями: