ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!.. Калі Беларусь...

– Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, – сказаў Алесь.

Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.

Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

“Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise gr^ace sont les pires que l’on puisse faire” [63] .

63

Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі – найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.).

– Гэта ён мне? А кодэкс? – спытаў Загорскі.

– Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, – сказаў Мсціслаў.

– Усё адно гэта нікуды не варта, – паціснуў плячыма Алесь. – Зносіны, няхай і цераз секундантаў, з другім бокам.

Пан Адам крэкнуў:

– А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.

– Хто яго секунданты? – спытаў Алесь.

– Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч,– сказаў Выбіцкі.

Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.

– Ну,– сказаў урэшце Алесь.

– Без лекара, – сказаў жорстка Мсціслаў. – Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар’ерам – дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі – да смерці аднаго.

– Міла, – сказаў Алесь.

– Ты не пратэстуеш? – спытаў пан Адам.

– Нашто, – паціснуў плячыма Алесь.

– Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, – сказаў Маеўскі. – Жэрабя – гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.

Адам з’едліва і сумна ўсміхнуўся:

– Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.

Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.

Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну... Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер – дваццаць адзін.

Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так...

Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.

Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці – панам Маеўскаму і Каліноўскаму “на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі”. Адну шостую ўсяго – брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую – Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы – на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе – Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця... Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму,– на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.

Вось і ўсё. Душапрыказчыкі – Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.

Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.

Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.

Галуа [64] , якога так любіў “матэматычны Грыма”. Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.

Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя – і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.

I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.

64

Геніяльны французскі матэматык, забіты ў маладым узросце.

Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова “воля”, не будзе нават слова “праўда”, таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.

I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль – хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету – усё ж нуль.

Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.

Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.

I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?

Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.

Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць – але нашто?

Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу – ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму – Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.

Можна было з’ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.

Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.

Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.

Поделиться с друзьями: