ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга II

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

– Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: “Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский”. Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

– Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

– А ў цябе што? – заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

– Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная.

Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

– Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

– А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

– Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

– Давай, братка, на хвіліну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

– Невядома, калі сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

Дагератыпная майстэрня
М. М. Грынчыка

...У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

– Вось так нас катаваць будуць, – сказаў шэптам Кастусь.

– Цьфу на цябе... Цьфу, – засмяяўся Загорскі.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

– Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

– Два.

– То дзесяць хвілін, – з выглядам абыякавага інквізітара сказаў сумны жораў. – I не варушыцца, калі не хочаце атрымаць замест абліччаў фату-маргану.

– А калі не будзем – яна не атрымаецца? – спытаў Алесь.

– Я маю парыжскі медаль. Я прывёз дзівосную навіну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя “наватары” – на медных пласцінках. Яны б яшчэ паперу прыдумалі ці палатніну, як мастакі. Гэта ж дзіка! Чалавек робіць добры дагератып раз, многа – два ў жыцці. Ён павінен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якіх у вас, відаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

– Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

– Уявіце сабе – ён нас сапраўды цікавіць, – сказаў Кастусь.

– Тым лепш. Не міргайце.

Засычэў калільны ліхтар. Срэбная сетачка пачала ліць проста ў вочы нясцерпнае святло.

...Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

– Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

– Нічога, “для ўнукаў” сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. “Ванька” паспрачаўся за цану і павёз.

– Як Віктар? – спытаў Алесь.

– Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

– Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, – злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. – Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

– Бадай, твая праўда.

– Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

– Людвік Звяждоўскі дзе?

– У Вільні. Распачаў работу там.

– Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

“Ванька” цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

– А Валеры?

– Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

– Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

– Трэба і там камусьці быць.

– Дамброўскі як?

– Па-ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

...Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа...

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

– Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

– Ну, брат, суцешыў!

– Даўно гэта пачалося? – шэптам спытаў Сашка.

– Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

– Метады звычайныя, – сказаў Сашка. – Узяць гэтых vieilles ganaches [57] за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

Алесь ціха засмяяўся:

– Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка-байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.

– Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы... Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: “Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А тр'aвы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. На дойлідства – таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як...” Тут яго Мікола ў бок штурхае: “Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо-жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам за вамі”. Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы – да сонца. “Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі”. Вось яно як!

57

Старых тупіц (франц.).

Сашка Волгін нявесела засмяяўся:

– Горш за ўсё, што гэта праўда, Алесь.

– Вось так і жывём.

– Нічога, брат, нядоўга.

– Ты што робіш?

– У мяне, браце, рускі сектар. Найболей афіцэры. Ёсць і студэнты.

– Многа?

– Пакуль што нямнога. Пяцьдзесят два чалавекі [58] . Будзе больш.

– Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды, суцешыў, брат. Гэта ж хаўрусам і ў пекле добра.

– Стаіць адно пытанне, – сказаў Кастусь. – Што будзем рабіць далей? Колькі можна чакаць! Вось вы, з Магілёўшчыны, якое ў вас становішча з сялянскай справай?

58

Восенню наступнага года з разрозненых груп і асоб у Пецярбургу ўзнікла арганізацыя “Зямля і воля”, якая дзейнічала ў паўстанні побач з беларусамі, літоўцамі і палякамі. Хоць яна была нешматлікая, але мела вялікае значэнне як пачатак дэмакратычнага руху.

Поделиться с друзьями: