Калодзеж (на белорусском языке)
Шрифт:
Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.
– Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.
– Ну, - незадаволена выдыхнуў райсабешчык.
– Дык, можа, вы б i маю хату паглядзелi? Жыць нема як... страха цячэ, заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчынiўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: Другiм разам.
Калi машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца i накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплiвую сьлiну i са злосьцю прасiпеў: - Нямецкiх падсьцiлак дасьледуюць, а на нас х... паклалi, с-сукi.
I хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелi да вушэй i ачунялае было сэрца iзноў заныла i попельна-шэрая зямля паволi паплыла пад нагамi.
Ранейшым часам паседжаньнi Бюро райкама заўсёды пачыналiся са спазненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масыўны гадзiньнiк, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як гаспадар габiнэту падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пiнжак i непракерхана прамовiў:
– Таварышы!
У дальнiм канцы стала начальнiк дарожна-будаўнiчага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам i дрыжачымi рукамi разгарнуў блякнот.
– Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабiць нiякiх запiсаў, - прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапiўшы са стала блякнот, выпусьцiў яго з рук i зашоргаў нагамi, падганяючы блякнот блiжэй да крэсла: у мiнулы панядзелак Даўбешка завёз самасвал асвальту на лецiшча генэрала Карзо, быў схоплены абэкаэсьнiкамi* i цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.
* Супрацоўнiкi АБКС - аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялiстычнай уласьнасцi i спэкуляцыяй.
– Павiнен адразу сказаць, што справа, якую мы сёньня разглядаем, знаходзiцца на кантролi абласнога камiтэта партыi, таму i стаўленьне да яе мусiць быць адпаведным.
Даўбешка iзноў заварушыўся i старшыня райвыканкаму Кабяк пастукаў алоўкам па графiну.
– У двух словах сутнасьць справы можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскi журналiст.
Такую вестку прысутныя стрэлi шоргатам ног i дружнай кашлянiнай.
Гаспадар габiнэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў i працягваў: - Што сабой уяўляе шпрынгераўскi друк i ў якiм сьвятле падаецца там зьнешняя i нутраная палiтыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. I таму наша задача сёньня - выявiць палiтычную пiльнасць i паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволi складаная, бо заходнi госьць мерыцца наведаць калгас "Шлях камунiзму" - ня самы моцны ў раёне.
Прамоўца пашукаў вачыма Бамбiзу - старшыню памянёнага калгасу, у гэты момант дзьверы габiнэту прачынiлiся i з проймы вытыркнулася кудлатая жаночая галава.
– Мiрон Пятровiч!
– выгукнула сакратарка i прамоўца рушыў да тэлефону.
– Слухаю, Мiрон Пятровiч!
– гаспадар габiнэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кiўнуў галавой.
– У нас зараз партбюро па гэтым пытаньнi. Так, Мiрон Пятровiч, я iх папярэдзiў - поўная канфiдэнцыйнасьць...
– З абкаму званiлi, - патлумачыў гаспадар габiнэту, скончыўшы размову, i Кабяку iзноў давялося стукаць алоўкам па графiне, каб суняць бязладны шэпт i шоргат.
– А хто яго сюды запрашаў?
– гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.
Сябры Бюро iзноў загаманiлi i цяпер ужо гаспадару габiнэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графiне, а потым па стале, дамагаючыся цiшынi.
– Таварышы, вытрымка - перш за ўсё. Пытаньнi будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Iвану Пятровiчу Газiну - супрацоўнiку абласнога ўпраўленьня Камiтэта дзяржбясьпекi. Ён i распавядзе - што за гусь ляцiць на нашыя палеткi.
Iван Пятровiч Газiн, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкi таўшчэзнага нататнiку.
– Пачну без прэамбул, - прамовiў Iван Пятровiч, мелькам зiрнуў на прысутных i ў габiнэце запанавала мёртвая цiшыня.
– Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнiк крайне правай, бульварнай газэткi "Бiльд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цiкавiць пытаньне: "Навошта ён едзе i чаму менавiта ў вёску Бычкi?" Паводле афiцыйнай вэрсii гэты вiзытэр, нiбыта, хоча наведаць мясьцiны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялi адпаведныя дакумэнты i высьветлiлi, што яфрэйтар Бомбах i сапраўды знаходзiўся ў складзе 286-га ахоўнага палка i ў жнiўнi 43-га, падчас начнога бою, быў зьнiшчаны партызанскай групай атрада iмя Панамарэнкi. Па сьведчаньнi Зьмiцера Нiкандравiча Дзенiсенкi - былога камандзiра атрада, ён асабiста застрэлiў фашыста на ўскрайку вёскi Бычкi. Пра тое ж сьведчаць i паказаньнi здраднiка Радзiмы Рыгора Таўпiлы, якi бачыў труп забiтага фашыста.
Чэкiст на хвiлю перапынiўся i, лiзнуўшы палец, перагарнуў старонку.
– Узьнiкае яшчэ адно пытаньне: "Чаму гэта шпрынгераўскi пiсака сорак гадоў сядзеў у сваiм Гамбургу, а цяпер выправiўся ў Бычкi шукаць магiлку свайго бацькi? I цi ня ёсьць усё гэта прадуманай палiтычнай правакацыяй?" Мы высьветлiлi i гэта пытаньне i мусiм канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялiкi жаль, замяшаныя i нашыя савецкiя людзi. А менавiта: навучэнец 49-й ленiнградзкай вучэльнi мэталiстаў Аляксей Клячкiн. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткi, жыхаркi вёскi Бычкi Матроны Апалонiк, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забiтага немца i, прыехаўшы ў Ленiнград, занёс яго ў нямецкi кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабiў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такiя жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.
Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманiла, зарыпела крэсламi, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовiч ад хваляваньня нават укiнуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што iдзе паседжаньне Бюро, пiхнуў цыгарэту ў нагрудную кiшэнь.
– У размове з работнiкам кансуляту Аляксей Клячкiн паведамiў таксама, што ягоная цётка асабiста ведала забiтага немца i гэтую вэрсiю мы цяпер спраўджваем.
– А хто яму дазволiў цягацца па кансулятах?
– гукнуў з канца стала няўрымсьлiвы Даўбешка.
– Мы задалi гэтае пытаньне ленiнградзкiм таварышам... Як мы зразумелi з адказу, у паўночнай сталiцы ў гэтым пляне пануе лiбэралiзм. Калi б заходнегерманскi кансулят месьцiўся ў нас, розныя шпанюкi там бы не цягалiся.
Пасьля такiх слоў члены Бюро ўхвальна загаманiлi, Даўбешка - той быў узрадаваны, што яго не разьбiралi, таму i лез з пытаньнямi - гукнуў: - Што зь сябе ўяўляюць нямецкiя жэтоны?
– але чэкiст ня стаў адказваць, кiўнуў гаспадару габiнэта i гэтак жа павольна, як i ўставаў, апусьцiўся на крэсла.
Члены Бюро яшчэ пару хвiлiнаў перамаўлялася, потым суцiхлi i наставiлi вочы на гаспадара габiнэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома - колькi доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвiлiну, дзьве, а можа i ўсе тры. I вось, нарэшце, гаспадар габiнэту налёг грудзiнаю на стол i здушана прамовiў:
– Мы, таварышы, ня можам прымусiць заходняга вiзытэра напiсаць пра нашыя дасягненьнi. I, магчыма, плёнам ягонага вiзыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбiральнi на старонцы нямецкай газэты. I ўсё ж сустрэць госьця мы мусiм належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткi i шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камiтэта партыi, - прамоўца зрабiў кароткую паўзу i з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовiў: - Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровiч.
Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапiўся, правёў даланёй па плеху.