Калодзеж (на белорусском языке)
Шрифт:
– Каго там яшчэ прынесла?
Мужчыны доўга валтузiлiся ў прысенку, нарэшце ўвалiлiся на кухню i Матруна з жахам убачыла, як у сьвятлiцу, падчапiўшы квяцiстую фiранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.
– А божухна, - выдыхнула Матруна i ў той жа мiг ўгледзела барвовы твар карпачысiнага зяця: Казiк трымаў цяжкое бервяно i зморана аддзiмаўся.
– Прыйшлi, цётка Матруна, падлогу табе замацаваць, - засоплена i не зусiм цьвяроза прабубнеў "западэнец", прымасьцiўшы бервяно на калена, - так што выбачай - патурбоцiм.
Хлопцы - а разам з Казiкам у хату ўвалiлiся Васька Халiмонаў ды Пецька Траян - паклалi бервяно, зморана ўздыхнулi i ў хаце запахла гарэлкай.
– З раёну званiлi. Загадалi ўмацаваць падлогу, - патлумачыў Казiк.
– I ганак паправiць, - гукнуў праз Казiкава плячо Халiмонаў - немалады ўжо мужчына, якога летась пазбавiлi шофэрскiх правоў i перавялi ў цесьлi.
Казiк раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбiлася цешча.
– Вы што!
– гракнула Карпачыха ад парога, - зусiм ад гарэлкi пашалелi? Зь бервяном у хату лезуць!
– Старшыня паслаў, - уставiў слова Пецька Халiмонаў, - загадаў падлогу ўмацаваць, як ветэрану працы.
– Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам?
– не сунiмалася Карпачыха i зяць, адвёўшы вочы, плаксiва прамармытаў: - А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправiмся.
Цешча неяк дзiўна паглядзела на зяця i, цi не ўпершыню ў жыцьцi, пагадзiлася зь зяцевай прапановай.
– А й сапраўды, Iванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлi да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.
I Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.
Да сяброўчынай хаты iшлi моўчкi i гэтае маўчаньне муляла карпачысiну душу. Карпачыха ўвесь час мерылася штосьцi спытаць - керхала, набiрала ў грудзiну паветра, але тут жа стульвала вусны i з шумам аддзiмалася. Нарэшце, абмiнуўшы зялёную каровiну ляпеху, яна чародным разам керханула i запыталася:
– А што за чалавек да цябе прыяжджаў?
Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправiла хусцiнку на скронi.
– А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, не выпiўшы, дастаў нейкую кнiжачку i пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлiкi ўваччу. Так i самлела. Ачулася, а яго ўжо i ў хаце няма.
– Хто ж такi, гэты Бомбух?
– задуменна выдыхнула Карпачыха, - цi не траянавы гэта швагра, што летась краму абрабаваў?
Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвiшча траянава швагра i, не згадаўшы, стоена прашаптала:
– Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халiмонiха байкi баяла. Казала: пiльнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкi немец едзе - хоча ваду патруцiць.
Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная на кароткае iмгненьне вырвалася з грудзiны i адляцела ў мiнулае. I на Матруну iзноў зiрнуў малады немец i ў прысенку iзноў брудна вылаяўся Мiцька Дзенiсенка. I Матруна ўцямiла, нарэшце - хто едзе ў адведкi i бяскроўныя вусны бязгучна прашапталi: "Божухна, няўжо гэта ягоны сын?"
– Ты, Iванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, - засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянiлася з твару.
– Халiмонiха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкi мiцярыт звалiцца.
... За цэлы дзень Матруна не прамовiла нi слова - ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала i ад уздыхаў варушылася сiвая павуцiнка, што вiсела над галавой. Увечары сяброўка паставiла на стол чыгунок парнай бульбы, паклiкала есьцi i калi Матруна адмовiлася, сiлком зацягнула да стала.
– Паеш ты, далiбог, а то памрэш з галадухi.
Есьцi i сапраўды не хацелася: Матруна распалавiнiла бульбiну, каўтнула малака, наставiла на сяброўку сумныя вочы i сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркi, падхапiлася на ногi.
– Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе - адразу палягчэе.
Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.
– Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, - сяброўка тыцнула пальцам у пiковага караля i ўздыхнула - глыбака i трывожна.
– Чакаюць цябе нейкiя згрызоты, нейкiя размовы, а ўсё скончыцца...
– Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася i ў гэты момант праз парог - з глухой кашлянiнай i тупаценьнем - кульнуўся зяць Казiмер.
– Хату цi зачынiлi?
– запыталася цешча, i зяць, пачэрпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: - Зачынiлi...
– За вас дужа не бярыся, п'янтосы няшчасныя, - прамовiла Карпачыха i з такiм iмпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлiзнулi з рук i пасыпалiся на падлогу.
Наступным ранкам, а восьмай гадзiне, Казiмер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся i задыхана паведамiў: - Цётка Матруна! Там да вас прыехалi... Тэлевiзар прывезьлi, i ўсё такое...
– Якi целевiзе-ер, - усхвалявана прасьпявала Матруна i, апранаючыся, доўга не магла патрапiць у рукаво кацавейкi.
Яны выбеглi з Карпачыхай на падворак i ў канцы вулiцы ўгледзелi крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.
– Хто з вас Апалонiк?
– гукнуў незнаёмец, калi жанчыны падышлi блiжэй.
– Я-а, - дрогкiм голасам азвалася Матруна, зачапiўшы нагой сьвежую каровiну ляпеху.
– Расьпiшыцеся ў атрыманьнi...
– мужчына расправiў на жываце скамечаную паперку, - тэлевiзара, люстры, паласа i журнальнага столiка.
– А калi мне што-небудзь дадуць?
– пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык.
– Я, мiж iншым, ветэран вайны, маю тры баявых мэдалi.
– Наступным разам, дзед, - буркнуў мужчына i з кiслай мiнай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.
На ганак уласнай хаты Матруна ступiла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцiсты кiлiм на падлозе, маленькi стол на крывых нагах i чалавека, якi стаяў на стале i ўкручваў лямпачкi ў люстра, нават iкнула ад хваляваньня.
– Усё, цёткi, прымайце работу!
– чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнiкам i Карпачыха, што стаяла за сьпiнаю, зачаравана прашаптала: - Як у царкве.
Дзень згасаў ужо ад ранку i мяккi змрок, нiбыта дым ад бульбоўнiку, плыў у вокны, кволiўся ў вiсюлiнах казённай люстры, няроўным прастакутнiкам ляжаў на паверхнi журнальнага столiка i ў нетрах прастакутнiка цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна дробненькая, скурчаная, лядашчая i летуценна паглядала спачатку на грэйдзер, што сноўдаў па вясковай вулiцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.
"Сустракайце, Матрона Iванаўна, госьця. I не забывайце - пра што мы з вамi гаманiлi", - паведамiў учора мужчына ў капелюшы i душу Матрунiну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калi яны з Карпачыхаю мясiлi цеста для пiрагоў, Матруну пачалi бiць дрыжыкi, ноччу яе апанавала нэрвовая лiхаманка, але ранiцою iльдзiнка непакою ў душы растала i цела чарговым разам апанавала хваравiтая немач. Матруна прысела на хвiлю да вакна i, няздольная зварухнуць анiводнай сваёй цяглiцай, так i застыла ў няёмкай паставе, пазiраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвiтанак. Яна сядзела так гадзiну, а можа i дзьве, i калi неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньнi сталi нараджацца напаўзабытыя аблiччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Мiцькi Дзенiсенкi; таўпiлавы сын Мiкола сарамлiва пасьмiхаўся ёй, блытаючыся ў вецьцi; i сам Таўпiла, акалелы, пакрыты бухматым iнеем, наблiзiўся да вакна i тут жа растаў, зьлiўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджалiся напаўзабытыя галасы, гучалi няўцямныя зыкi: Мiцькава лаянка, сiплы таўпiлавы кашаль, вясёлы воклiк "Брава, Зонiа!", ад якога шумела ўвушшу i абуджалася прыспанае сэрца i, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцямiла - цi то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, цi тое ёй прымроiлася.