Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
Марыся. “Сядлай каня, з’язджай са двара...” Не твой гэта двор, не твая зямля. Не наша яна, зямля. Чужая. Чорт Савул яе забараніў. Чаго сохне, чаго вяне? Жаласная зязюля век гаруе. I траўка памірае, і сонейка за лес коціцца. Мёртвая зямля пад мёртвымі вішнямі. Пакуту нясе, красу дарма аддае. Жыве, а не будзе жыці. Свет ёй завязалі, як мне, маладой. Сама завязала.
Выйшаў за ёю Стафан Каляда з сякераю за поясам.
Стафан. Гэй, ды апамятайся. Ты, Марыся! Ды што, сапраўды свет завязаці праз гэтага прыдурка?
Марыся. Розум завязаці. Не памятаць. Не, не. Вось гэты. Шэры барон. Ручкі ў касцёле вяжа. Рэчкі паўсыхалі, землі паздыхалі, добрыя паўміралі. Няма абароны! Ваўкі!.. А вы... Як я мучыла вас?! Нічога, зараз МНЕ слязьмі расіць. Адна ў чыстым полі, і вакол ворагі.
Пайшла.
Хрыплы голас:
Хаджу каля Дунаю, Тапіціся думаю.Янка. Ну, Стафан? Бачыш. Мы яе гэтаму аддалі. Ты праз нясмеласць. Я – праз свае пустыя мары.
Стафан. Сагналі ўсё ж бацькоў. Казік, вірлавокі грыбазвон, не заступіўся. Расперазаўся яшчэ горш, гойсае па фальварках. А яна за ім. Ён зараз тут, і яна сюды. То нібы пасвятлее ў галаве, а тады яна сябе дакарае, і бог тады быццам злітуецца, зноў адбярэ ў яе розум.
Здалёк хмельная песня, і, нібы ў адказ ёй, вельмі далёкі голас:
Хаджу каля Дунаю, Тапіціся думаю. Ну, што рабіць, Яне?Янка. Ведаю адно: болей так нельга.
Стафан. Стой... Што там такое?
Наводдаль невыразны голас, выкрыкі. Прабягаюць паўз плот два мужыкі.
Янка. Што там галосяць?
Першы. А, дзеўка ў стаў укінулася.
Другі. Вар’ятка тая. Ды галавою аб камень.
Стафан памкнуўся быў за імі.
Янка. Не хадзі туды. Ну, убачыш абалонку без душы. Як яно і пры жыцці было ў апошнія месяцы. Аддавала душу не таму, каму трэба. I засталася без яе. Усё ясна.
Стафан. Так, усё ясна. Бацька забіў сябе – усё ясна. Я раб – усё ясна. Яе забілі – усё ясна. (Кладзе руку на сякеру.) Усё, урэшце, ясна.
Пайшоў. Праз некаторы час да плота падыходзіць маці.
Маці. Ну, вось. Вось і канец тваёй байцы. Ты ж ёй па шчырасці?
Янка. Па шчырасці. Ды што я мог ёй даць?
Маці.
А яшчар-паночак, Проша мне аддаць вяночак, Я па расе хадзіла, Па красачцы збірала.Пагубіла душу. I, можа, не толькі сваю.
Янка. Я пайду адсюль. У свет. (Упарта.) Яшчэ раз кажу: суджаны мне рубель – палова ваша. Суджана памерці ў астрозе ці пад плотам – ты даведаешся сэрцам. Усё адно жабракоў яны з нас зрабілі. Сорам, калі людзі твае, кроў твая – адно жабракі. Без славы, без слова, без гонару.
Маці (плача). Дык хто ім гэта верне? Ты? Бедны, як вавёрка вясной, недавучаны.
Янка. Лёс дапаможа мне. Боль іхні мяне спадобіць. Адбярэцца ў сільных сіла іхняя і дадзена будзе – нам. Сірым, гнаным, непісьменным, без хлеба... Не плач, маці. Нас гоняць, як ланяў, але мы не памрэм. Нас па пальцах можна пералічыць, але з намі наш край. 3 намі яна, вялікая Маці-Праўда.
Маці пайшла. Захад згасае, але робіцца нібы святлей, усходзіць месяц. I зноў гучыць аднекуль Голас:
Пад навалай крыўдаў многія сталецці Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця. Мы няслі – ўсё ныла, гінула памалу, Аж не нашай наша бацькаўшчына стала. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее, Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею, Ды таго не вырвуць, што напела маці Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.Зноў знікае некуды. Але нічога... Урэшце пачуе, і ты не знікнеш.
З’яўляецца Каляда. Кідае ля Янкі сякеру. Лязо цёмнае.
Янка. Гэта што?
Стафан. Кроў.
Янка. Чыя?
Стафан. Пакуль не мая... Можа, хаця нехта, калі не пасаромеецца, дык падумае, перш чым зачапіць праўду.
Янка (хутчэй сцвярджае). Казік.
Стафан. Хай яна будзе апошняй ягонай ахвярай. Украў ён у мяне бацьку, працу, страху над галавой. Ён украў у мяне мой гонар. За ім стаяла багацце. За ім стаяла царства. За мною – нікога. Больш ён не будзе ні ў каго красці. (Чырванее край неба.) Памятаеш, мы на гульні ў маёнтку глядзелі. Агні пацешныя ў небе. Хварварк. Вось ім, хе-хе, і хварварк і асвятленне.
Янка. Гэта што?
Стафан. Валахоўскае гняздо гарыць. I няма аніводнага іхняга птушаняці.
Янка. Ты? Адзін? Ці нейкі ў вас хаўрус?
Стафан (паказвае на агонь). Унь ён, мой хаўрус, мая, хм, кунпанія.
Янка. Згасяць.
Стафан. Яшчэ запалім.
Янка. Ссылка... Вісельня.
Стафан. І ў Сібіры зямля. А вісельня? Няма ў мяне нічога. Голаму дождж не страшны.
Янка (пасля паўзы). Лічы, што я з табой у таварыстве. Хай не з сякерай.
За сцэнай частыя крокі. Янка бярэ Стафанаву сякеру і кідае яе за плот, у копанку. Там плюхнула. Увагнаў у слуп адну са сваіх сякер.
Вось цяпер твая.
Уваходзяць стражнікі на чале з ураднікам Снулым.
Стражнік. Ну дык вось ён. I бегаць далёка не давялося.