Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Тут кравец хуценька выкраiў пояс, абмятаў яго i вышыў на iм вялiкiмi лiтарамi: "Паклаў семярых адным махам". "Ды што горад, - памеркаваў ён далей, - увесь свет павiнен пра тое даведацца!" - i сэрца краўцова, як той бараннi хвосцiк, затрапяталася ад непамернай радасцi.
Падперазаўся кравец поясам i сабраўся выправiцца ў белы свет, палiчыўшы, што кравецкая майстэрня занадта цесная для яго храбрасцi. Але перш чым выправiцца ў шлях-пуцявiну, ён пачаў шукаць па ўсiм доме, цi няма чаго такога, што можна было б з сабой прыхапiць, але нiчога не знайшоў, акрамя кавалка старога сыру, i ўзяў яго з сабой. Ля брамкi ён прыкмецiў птушку, якая нiяк не магла выбавiцца з густога голля; ён злавiў яе i разам з сырам сунуў у кiшэнь. А тады ўжо рушыў у дарогу. Быў ён хуткi i жвавы i стомы не адчуваў. Шлях неўзабаве прывёў яго да гары, i калi ён узабраўся на вяршыню, то ўбачыў там вялiзнага велiкана, якi сядзеў ды спакойна пазiраў вакол сябе. Кравец рашуча наблiзiўся да яго i гукнуў:
– Дзень добры, шаноўны, ты чаго тут рассеўся ды пазiраеш вакол? Я вось iду ў белы свет вандраваць, хачу шчасце знайсцi, можа, i ты са мною пойдзеш?
Велiкан пагардлiва глянуў на краўца i адказаў:
– Эх ты, нiкчэмны абарванец!
– Як бы не так!
– не пагадзiўся кравец, а тады расшпiлiў куртку i паказаў велiкану новы пояс, - вось, сам можаш прачытаць, што я за чалавек!
Велiкан прачытаў: "Пабiў семярых адным махам" - ды падумаў, што гаворка iдзе пра людзей, якiх забiў кравец, i адчуў да гэтага малога чалавека крыху павагi. Але яму перш захацелася праверыць яго. Ён узяў камень у руку i сцiснуў яго так, што з таго вада пацякла.
– Вось i ты паспрабуй гэтак, - сказаў велiкан, - калi сiлы ў цябе хопiць.
– I гэта ўсё?
– праўдзiва здзiвiўся кравец.
– Для мяне гэта нiчога не значыць!
– I ён засунуў у кiшэнь, выняў адтуль кавалак сыру, сцiснуў яго так, што ажно сок пацёк.
– Ну, што, - сказаў ён, - мабыць, лепш, чым у цябе, атрымалася?
Велiкан не ведаў, што i адказаць, - ад малога чалавека ён нiяк не чакаў такога. Падняў тады велiкан камень i шпурнуў угору, ды так высока, што той нават знiк з вачэй.
– А цяпер, качаня, ты паспрабуй.
– Ну, што ж, кiнуў няблага, - сказаў кравец, - але ж камень зноў на зямлю ўпаў; а я вось кiну, то назад не вернецца.
– I ён зноў засунуў руку ў кiшэнь, выняў птушку i падкiнуў яе ўгору. Птушка, адчуўшы свабоду, узрадавалася, узляцела, паднялася высока ў неба i назад ужо не вярнулася.
– Як табе, дружа, гэта падабаецца?
– спытаў кравец.
– Кiдаць ты ўмееш добра, - пачухаў патылiцу велiкан, - але, паглядзiм, цi зможаш ты панесцi вялiкi цяжар.
– I ён падвёў краўца да вялiзнага дуба, што ляжаў на зямлi, а пасля кажа: - Калi ты дужы, то дапамажы мне выцягнуць дрэва з лесу.
– Чаму ж не, - адказаў маленькi чалавек, - ты ўзвалi камель сабе на плечы, а я падыму i панясу галiны, - гэта куды цяжэй.
Велiкан ускiнуў камель на плечы, а кравец усеўся на адну галiну; давялося велiкану, якi анiяк не мог азiрнуцца назад, валачы ўсё дрэва, а ў дадатак i краўца. Ад гэтага маленькаму чалавеку зрабiлася весела i ён пачаў насвiстваць вясёлую песеньку: "Трое краўцоў пад'язджалi да крамы...", нiбыта цягнуць гэта вялiзнае дрэва для яго дзiцячая забава.
Працягнуў велiкан цяжкую ношу недалёка, стамiўся, задыхаўся i нарэшце знямогла выгукнуў:
– Паслухай, братка, а дрэва мне давядзецца кiнуць.
Тут кравец жвава саскочыў з галiны, абхапiў дрэва абедзвюма рукамi, быццам дагэтуль нёс яго, i адказаў волату:
– Ты гэткi вялiкi, а дрэва выцягнуць з лесу не змог.
Пайшлi яны далей разам. Iдуць каля высокай вiшнi, велiкан хапiў яе за вершалiну, дзе пунсавелi самыя спелыя i сакаўныя ягады, нагнуў унiз, перадаў яе краўцу i пачаў маленькага чалавека частаваць. Але кравец быў слабы ад прыроды, утрымаць вершалiну не змог, i, калi велiкан адпусцiў яе, дрэва паднялося i кравец узляцеў разам з галiнамi ў паветра. Ён упаў на зямлю, а велiкан тады яму i кажа:
– Што ж гэта ты, няўжо не хапiла сiлы, каб утрымаць галiну.
– Сiлы-то ў мяне хапiла, - адказаў кравец, - цi ты думаеш, што гэта цяжка чалавеку, хто пабiў семярых адным махам? А гэта я праз дрэва пераскочыў, бо знiзу паляўнiчыя страляюць па кустах. А вось ты скокнi гэтак, калi, вядома, зможаш.
Велiкан паспрабаваў, але праз дрэва пераскочыць не змог i павiснуў на галiнах, з чаго вынiкала, што i на гэты раз кравец меў верх.
Тады сказаў велiкан:
– Калi ты такi смелы, то пойдзем разам са мной у нашу пячору, там i заначуем.
Кравец згадзiўся i пакiраваў следам за велiканам. Наблiзiлiся яны да пячоры, глядзiць кравец - а там сядзяць ля вогнiшча яшчэ некалькi велiканаў, i кожны з iх трымае ў руках па смажанай авечцы, i кожны сiлкуецца, прыцмокваючы. Агледзеўся кравец i падумаў: "А тут больш прасторна, чым у маёй майстэрнi". Велiкан паказаў яму на ложак i сказаў, каб ён прылёг i як след выспаўся. Тая пасцель была для краўца задужа вялiкая, i ён прымасцiўся нанач з самага краю, забраўшыся ў вугал. Наблiзiлася ноч, i велiкан, падумаўшы, што кравец заснуў глыбокiм сном, узяў вялiзны жалезны лом i адным махам распалавiнiў ложак, толькi трэскi пасыпалiся. Вядома ж, падумаў, што гэту кузурку знiшчыў.
Ранiцай велiканы пайшлi ў лес, а пра краўца забылiся, i раптам ён выходзiць iм насустрач, вясёлы i бесклапотны. Тут велiканы перапалохалiся, падумалi, што ён усiх iх зараз пераб'е, а таму кiнулiся наўцёкi. А кравец пакiраваў далей куды вочы глядзяць. Доўга ён вандраваў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца i, адчуўшы, што стамiўся, прылёг на траву ды моцна заснуў. Пакуль ён спаў, падышлi людзi, пачалi яго з усiх бакоў разглядаць. Убачылi пояс i прачыталi на iм надпiс: "Пабiў семярых адным махам".
– Ого!
– падзiвiлiся яны, - i што ён хоча, гэты храбры воiн, тут, у мiрную пару? Мабыць, гэта дужа важны чалавек.
Яны пайшлi i паведамiлi пра вандроўнiка каралю, мяркуючы, што на выпадак вайны гэткi воiн будзе тут вельмi патрэбен. Такiя думкi каралю спадабалiся, i ён паслаў да краўца аднаго са сваiх прыдворных, каб той угаварыў прышэльца паступiць да караля на вайсковую службу.
Пасланец падышоў да краўца i пачаў цярплiва чакаць пакуль той не расплюшчыць вочы. А як прачнуўся, пераказаў каралеўскае даручэнне.
– Я для таго сюды i з'явiўся, - весела адказаў кравец.
– Што ж, я згодзен паступiць да караля на службу.
Яго прынялi з вялiкай павагай, выдзелiлi пакой для жылля. Але каралеўскiя воiны аднеслiся да краўца насцярожана i надумалi ад яго пазбавiцца. "Што ж з гэтага атрымаецца?
– меркавалi яны мiж сабой.
– Калi мы з iм выпадкова пасварымся, то ён, чаго добрага, на нас накiнецца i паб'е семярых адным махам. Тут нiхто з нас яго не адолее". I вось яны вырашылi пайсцi да караля ды прасiць у яго адстаўкi.