Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Неўзабаве яе знайшлi на падлозе i далучылi да трох iншых манетак, каб яны выконвалi свае абавязкi.
"Вось i цудоўна! Зноў пайду гуляць па свеце, пабачу новых людзей, новыя звычаi!" - падумала манетка.
– Што гэта за манета?
– раптам пачула яна.
– Гэта не наша манета! Ды яна фальшывая! Яна нiчога не вартая!
Вось тут, уласна кажучы, i пачынаецца гiсторыя манеткi, якую яна пасля сама расказвала.
– "Фальшывая! Нiкуды не вартая!" Пры гэтых словах я ажно скаланулася, расказвала манетка.
– Я ж ведала, што я з чыстага серабра, вельмi звонкая i цудоўнай чаканкi. Мабыць, гэтыя людзi памыляюцца, - думала я.
– Не можа быць, каб яны так казалi пра мяне! Але менавiта пра мяне яны i гаварылi. Яны называлi мяне фальшываю. На iхнюю думку, я была нiчога не вартая! "Трэба яе збыць каму-небудзь у прыцемку", - сказаў чалавек, да якога я трапiла. I збыў-такi. Але пры дзённым святле мяне зноў пачалi лаяць i зневажаць: "Фальшывая!", "Нiчога не вартая!", "Трэба яе хутчэй збыць з рук!" I я дрыжала ад сораму i страху кожны раз, калi мяне падсоўвалi каму-небудзь замест мясцовай манеты.
"Няшчасная я манета, - думала я тады.
– Якая з таго карысць, што я сярэбраная, звонкая, выдатнай чаканкi? Усяму гэтаму грош цана! У вачах усiх ты застаешся тою, за каго цябе лiчаць! I як, мусiць, жахлiва мець нячыстае сумленне, прабiвацца наперад падманам, ашуканствам, калi мне, нi ў чым не вiнаватай, гэтак цяжка пакутаваць толькi таму, што ў мяне аблiчча злачынкi!.." Пераходзячы ў новыя рукi, я кожны раз калацiлася, баючыся, што мяне пачнуць разглядаць, бо ведала, што мяне са злосцю шпурнуць на стол, нiбыта я якая-небудзь махлярка.
Аднойчы я трапiла да беднай жанчыны: ёй заплацiлi мною за цяжкую падзённую работу. Але ёй ужо нiяк не ўдавалася збыць мяне з рук - нiхто не хацеў браць мяне, i я была для небаракi сапраўдным няшчасцем. "Давядзецца мне каго-небудзь ашукаць, - сказала яна неяк раз.
– Я не такая багатая, каб трымаць у запасе фальшывыя грошы. Аддам гэтую манету багатаму булачнiку, ён не збяднее ад гэтага... Але ўсё ж нядобра так рабiць. Сама ведаю, што нядобра".
– Ну вось, цяпер я буду ляжаць на сумленнi ў беднай кабеты!
– уздыхнула я.
– Няўжо я гэтак змянiлася?
Жанчына пайшла да багатага булачнiка, але той вельмi добра разбiраўся ў манетах: булачнiк не паклаў мяне ў касу, а шпурнуў проста ў твар жанчыне. I, вядома, ёй не далi за мяне хлеба. Ах, як я засмуцiлася! "Няўжо, - думала я, мяне адчаканiлi на гора людзям?! Мяне, якая ў маладыя гады была такая смелая, упэўненая ў сабе. Так верыла ў сваю каштоўнасць i цудоўную чаканку!" I я затужыла, замаркоцiлася, як толькi можа тужыць-маркоцiцца манетка, якую нiхто не хоча браць. Але жанчына прынесла мяне назад дадому, лагодна-ласкава паглядзела на мяне i сказала: "Не хачу нiкога ашукваць! Я праб'ю ў табе дзiрачку, няхай кожны ведае, што ты фальшывая... Хаця... Пачакай, мне падумалася - можа, ты шчаслiвая манетка? Мне чамусьцi здаецца, што ты шчаслiвая. Я праб'ю ў табе дзiрачку, зацягну шнурок i павешу на шыю суседскай дзяўчынцы - няхай носiць на шчасце!"
I яна прабiла на мне дзiрачку. Канешне, не дужа прыемна, калi ў табе прабiваюць дзiрку, але дзеля добрай мэты, шмат што можна перацярпець. Праз дзiрачку працягнулi шнурок, i я зрабiлася падобнай на медальён. Тады мяне павесiлi на шыйку маленькай дзяўчынцы. Малая ўсмiхалася мне, цалавала мяне, i я ўсю ноч спачывала на цёпленькiх нявiнных дзiцячых грудзях.
Ранiцай мацi дзяўчынкi ўзяла мяне ў рукi, паглядзела на мяне i штосьцi задумала, - я адразу здагадалася! Яна дастала нажнiцы i перарэзала шнурок.
– Шчаслiвая манетка!
– сказала яна.
– Гэта трэба праверыць.
Яна паклала мяне ў кiслату, i я ўся пазелянела. Потым яна старанна замазала дзiрачку, крыху пачысцiла мяне i на змярканнi пайшла да прадаўца латарэйных бiлетаў, каб купiць на шчасце бiлецiк.
Ах, як цяжка было ў мяне на душы! Я ўся сцялася i, здавалася, вось-вось пераламлюся напалам. Я ж ведала, што мяне абзавуць фальшываю, зняславяць перад усiмi iншымi манетамi, што ляжаць у касе i аздоблены надпiсамi i чаканкай, якой можна ганарыцца. Але ж! На гэты раз абышлося, i я не зведала ганьбы. Пакупнiкоў сабралася вельмi многа i прадавец быў гэтак заняты, што, не разглядаючы, кiнуў мяне ў касу разам з iншымi манетамi. Выйграў цi не куплены за мяне бiлет - я не ведаю, але на другi дзень мяне разгледзелi, палiчылi за фальшывую i адклалi ўбок, а пасля зноў паслалi ашукваць людзей - з маёй дапамогi ўсё ашукваць, ашукваць! А гэта ж проста нясцерпна з маiм шчырым, сумленным характарам - яго ж не маглi ў мяне адабраць!
Так пераходзiла я з рук у рукi, з дома ў дом больш за год, усюды мяне лаялi, усюды праклiналi. Нiхто мне не верыў, i я ўжо сама не верыла сабе. Цяжкi гэта быў час.
Аднойчы прыехаў падарожнiк. Яму вось мяне i падсунулi. Ён быў даверлiвы i палiчыў мяне за мясцовую манету. Але калi ён хацеў за штосьцi расплацiцца мною, я зноў пачула:
– Гэтая манета нiкуды не вартая, яна фальшывая!
– Мне яе далi за сапраўдную, - сказаў падарожнiк i больш пiльна прыгледзеўся да мяне. Раптам на твары яго з'явiлася ўсмешка, а я ж ужо даўно не бачыла ўсмешкi на тварах тых, хто трымаў мяне ў руках.
– Не можа быць! усклiкнуў ён.
– Гэта ж наша родная манетка, добрая праўдзiвая манетка з маёй радзiмы, у ёй прабiлi дзiрку i называюць фальшываю! Вось пацеха! Але я цябе зберагу i завязу дадому.
Як я зарадавалася! Мяне зноў называюць добрай, праўдзiвай, сапраўднай, а не фальшывай манеткай, хочуць узяць дамоў, дзе ўсе будуць прызнаваць мяне i верыць, што я з чыстага серабра i цудоўнай чаканкi! Я заiскрылася б ад радасцi, але гэта не ў маёй натуры: гэта ўласцiва сталi, а не серабру.
Мяне загарнулi ў тонкую белую паперку, каб я не змяшалася з iншымi манетамi i не згубiлася. I толькi на святы, калi да падарожнiка збiралiся землякi, мяне паказвалi iм, i ўсе хвалiлi мяне: казалi, што я вельмi цiкавая. Пацеха ды годзе! Як гэта можна здавацца цiкавай, калi сама пры гэтым не гаворыш нi слова?
I вось нарэшце я апынулася на радзiме! Усе мае нягоды i пакуты скончылiся, i радасць вярнулася да мяне. Бо я з чыстага серабра, адмысловай чаканкi i нiхто не звяртае ўвагi, што на мне прабiта дзiрка, як на фальшывай. Гэта не мае анiякага значэння, калi ты сама не фальшывая.
Так, трэба мець цярпенне. Урэшце праўда заўсёды перамагае - у гэтым я цвёрда ўпэўнена!
– закончыла свой расказ манетка.
ДЗIЦЯЧАЕ ПУСТАМОЎЕ
У купца-багацея ладзiўся дзiцячы вечар; былi запрошаны ўсе дзецi багатых i знакамiтых бацькоў. Справы ў купца iшлi добра, а сам ён быў чалавекам адукаваным, у свой час нават гiмназiю закончыў. Гэтага дабiўся яго шаноўны бацька, якi напачатку быў звычайным прасалам, але сумленным i працавiтым чалавекам i здолеў сабраць сабе сякi-такi капiтал, а сын яго прымножыў. Купец быў разумным i добрым чалавекам, хоць людзi пра гэтыя якасцi згадвалi не так часта, як пра яго багацце.
Ён быў знаёмы, як кажуць, i з арыстакратамi крывi, i з арыстакратамi розуму, а таксама з арыстакратамi крывi i розуму адначасова, i, нарэшце, з тымi, якiя не маглi пахвалiцца нi першым, нi другiм арыстакратызмам.
Такiм чынам, у ягоных пакоях сабралася вялiкая грамада, але выключна дзiцячая, дзецi балбаталi без супынку; як вядома, у iх што ў галаве, тое i на языку. Сярод дзяцей была адна прыгожанькая маленькая дзяўчынка, толькi страшэнна фанабэрыстая. Фанабэрыю ў яе не ўбiлi, а "ўцалавалi", i не бацькi, а слугi - бацькi для гэтага былi занадта разумныя. Бацька малечы быў камер-юнкерам, i яна ведала, што гэта штосьцi "страшна важнае".
– Я камер-юнкерская дачка!
– сказала яна.
Мiж тым з гэткiм жа поспехам яна магла быць i дачкой крамнiка - бо i першае i другое аднолькава не залежыць ад самога чалавека. I вось яна расказвала iншым дзецям, што ў яе цячэ "сапраўдная кроў", а хто яе не мае, з таго нiчога i не атрымаецца. Чытай, старайся, вучыся колькi хочаш, але калi ў цябе няма сапраўднай крывi, толку не будзе.
– А ў тых, чыё iмя канчаецца на "сен", - дадала яна, - i зусiм нiколi нiчога талковага не атрымаецца. Трэба ўперцi рукi ў бокi i трымацца далей ад усiх гэтых "сен, сен"!