Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

I яна ўперлася чароўнымi ручкамi ў бакi i выставiла вострыя локцiкi, каб паказаць, як трэба трымацца. Цудоўныя ў яе былi ручкi, ды i сама яна была надзвычай мiленькая!

Але дачка купца пакрыўдзiлася: прозвiшча яе бацькi было Мадсен, а яна разумела, што гэтае прозвiшча таксама канчаецца на "сен". Тады яна годна ўзняла галоўку i сказала:

– Затое мой тата можа купiць ледзянцоў ажно на сто рыксдалераў i раскiдаць iх сярод людзей! А твой можа?

– А мой тата, - сказала дачка пiсьменнiка, - можа i твайго тату, i твайго, i ўсiх татаў на свеце выставiць у газеце! Яго ўсе баяцца, а мама гаворыць: гэта ён гаспадар у газеце!

I дзяўчынка ганарлiва ўскiнула галаву - ну проста вылiтая прынцэса крывi!

А за прычыненымi дзвярамi стаяў бедны хлопчык i пазiраў на дзяцей праз шчылiну; хлапчанё не магло зайсцi ў пакой: дзе тут гэткаму бедняку раўняцца на багатых i знакамiтых дзяцей! Ён дапамагаў на кухнi кухарцы, i зараз яму дазволiлi зiрнуць праз шчылiну на прыбраных i вясёлых дзяцей, i ўжо гэта было для яго вялiкiм шчасцем.

"Вось каб я быў на iхнiм месцы!" - мроiлася яму. Раптам ён пачуў гаману дзяўчынак, ад яе можна было ўпасцi духам. Бо ў ягоных бацькоў не было i капейкi ў капiлцы; у iх не было нават сродкаў, каб выпiсаць газету, а не тое, што выдаваць яе самiм. Але горш за ўсё, што прозвiшча яго бацькi, а значыць, i яго ўласнае, канчалася на "сен"! З яго нiколi не атрымаецца нiчога талковага! Вось у чым бяда! Але яму здавалася, што кроў у яго была самая сапраўдная; бо iнакш i быць не магло.

Дык вось што адбылося ў той вечар!

Мiнула шмат гадоў, дзецi сталi дарослымi. У тым жа горадзе стаяў цудоўны дом, поўны багацця. Усiм хацелася пабываць там; дзеля гэтага прыязджалi нават з iншых гарадоў. Дык хто ж з тых дзяцей, пра якiх нам расказалi, мог назваць гэты дом сваiм? Гэта лёгка адгадаць? Не вельмi! Дом належаў таму беднаму хлапчаняцi, якое сцiпла стаяла тады за дзвярамi. З яго ўсё ж нешта атрымалася, хоць i прозвiшча яго канчалася на "сен" - Тарвальдсен.

А тыя тры дзяўчынкi? Дзецi кроўнай, грашовай i разумовай знацi, што з iх атрымалася? Так, усе яны былi дзецi як дзецi, усе адно аднаго вартыя! I з iх атрымалiся прыстойныя людзi; запачаткаваннi ў iх былi добрыя. А iхнiя развагi i размовы ў той вечар былi пустой дзiцячай балбатнёй!

ДЗЮЙМОВАЧКА

Жыла на свеце адна жанчына. У яе не было дзяцей, а ёй вельмi хацелася дзiцятка мець. Вось пайшла яна да старой варажбiткi i кажа:

– Мне так хочацца, каб у мяне была дачка, хоць самая маленькая!..

– Няма нiчога прасцей!
адказала варажбiтка.
– Вось табе ячменнае зерне. Гэта зерне не простае, не з тых, што спеюць у вас на палях i родзяцца птушкам на спажыву. Вазьмi яго i пасадзi ў гаршчок для кветак. Убачыш, што будзе.

– Дзякуй табе!
– сказала жанчына i дала варажбiтцы дванаццаць медзякоў. Потым яна пайшла дадому i пасадзiла ячменнае зярнятка ў гаршчок для кветак. Толькi яна яго палiла, зярнятка адразу ж прарасло. З зямлi вылезлi два лiсточкi i пяшчотная сцяблiнка. А на сцяблiне з'явiлася вялiзная цудоўная кветка, накшталт цюльпана. Але пялёсткi кветкi былi шчыльна сцiснутыя: яна яшчэ не распусцiлася.

– Якая цудоўная кветка!
– сказала жанчына i пацалавала прыгожыя стракатыя пялёсткi.

У тую ж хвiлiну ў стрыжнi кветкi штосьцi шчоўкнула, i яна раскрылася. Гэта быў на самай справе вялiкi цюльпан, але ў чашачцы яго сядзела жывая дзяўчынка. Яна была маленькая-маленькая, усяго з дзюйм* ростам. Таму яе так i назвалi Дзюймовачка.

* У адным дзюйме (адной цалi) 2,5 сантыметры.

Калыску для Дзюймовачкi зрабiлi з блiскучай лакiраванай шкарлупiны грэцкага арэха. Замест пярынкi туды паклалi некалькi фiялак, а замест коўдрачкi - пялёсткi ружы. У гэтую калысачку дзяўчынку клалi на ноч, а днём яна гуляла на стале.

Сярод стала жанчына паставiла глыбокую талерку з вадой, а на краi талеркi расклала кветкi. Доўгiя сцяблiнкi iх купалiся ў вадзе, i кветкi доўга заставалiся свежымi i духмянымi.

Для маленькай Дзюймовачкi талерка з вадой была цэлым возерам, i яна плавала па гэтым возеры на пялёстку цюльпана, як на лодачцы. Замест вёслаў у яе былi пара белых конскiх валасоў. Дзюймовачка цэлыя днi каталася на сваёй цудоўнай лодачцы, пераплывала з аднаго боку талеркi на другi; спявала песнi. Такога пяшчотнага галаску, як у яе, нiхто нiколi не чуў.

Аднойчы ноччу, калi Дзюймовачка спала ў сваёй калысцы, праз адчыненае акно ў пакой залезла вялiзная старая жаба, мокрая i брыдкая. З падаконнiка яна скочыла на стол i зазiрнула ў шкарлупiну, дзе спала пад пялёсткам ружы Дзюймовачка.

– Як хораша!
– сказала старая жаба.
– Слаўная нявеста будзе майму сыну.

Яна схапiла арэхавую шкарлупiну з дзяўчынкай i выскачыла праз акно ў сад.

У садзе працякала рэчка, а пад самым яе берагам было багнiстае балота. Тут, у тванiстай цiне, i жыла старая жаба са сваiм сынам.

Сын быў таксама мокры i брыдкi - цюцелька ў цюцельку як яго мацi, старая жаба.

– Каакс, каакс, брэке-ке-кекс!
– толькi i мог сказаць, калi ўбачыў маленькую дзяўчынку ў арэхавай шкарлупiне.

Цiшэй ты! Разбудзiш яе, i яна ўцячэ ад нас, - сказала старая жаба.
– Яна ж лягчэй лебядзiнага пуху. Пасадзi яе на самую сярэдзiну ракi, на шырокi лiст гарлачыка, - гэта цэлая выспа для такой маленькай. Адтуль ужо ёй нiяк не ўцячы. А я тым часам падрыхтую для вас у цiне ўтульнае гняздзечка.

У рацэ расло багата гарлачыкаў; iх шырокiя зялёныя лiсты плавалi па вадзе. Самы вялiкi лiст быў далей за ўсiх ад берага. Жаба падплыла да гэтага лiста i паставiла на яго арэхавую шкарлупiну, у якой спакойна спала дзяўчынка.

Рана-раненька прачнулася Дзюймовачка i раптам убачыла, што яна на лiсце гарлачыка; вакол, куды нi зiрнеш, вада, а бераг ледзь бачыцца ўдалечынi. Дзюймовачка вельмi напалохалася i заплакала.

А старая жаба сядзела ў цiне i ўпрыгожвала свой дом чаротам i жоўтымi гарлачыкамi - яна хацела дагадзiць маладой нявестцы. Калi ўсё было гатова, жаба паплыла са сваiм брыдкiм сынам да лiста, на якiм сядзела Дзюймовачка, каб узяць яе ложачак i паставiць у спальнi. Старая жаба нiзка прысела ў вадзе перад дзяўчынкай i сказала:

– Вось мой сынок! Ён будзе тваiм мужам. Вы слаўна зажывеце з iм у нас у цiне.

– Каакс, каакс, брэке-ке-кекс!
– толькi i мог казаць сынок.

Жаба ўзяла шкарлупiну i паплыла з ёй, а Дзюймовачка засталася адна на зялёным лiсце i горка-горка плакала - ёй зусiм не хацелася жыць у брыдкай жабы i выходзiць за яе агiднага сына.

Маленькiя рыбкi, якiя плавалi пад вадой, бачылi жабу i яе сына i чулi, што яна казала Дзюймовачцы.

Яны высунулi з вады свае галовы, каб паглядзець на малютку нявесту. Як толькi рыбкi ўбачылi Дзюймовачку, iм стала страшэнна шкада, што такой цудоўнай дзяўчынцы давядзецца жыць з жабамi. Не бываць жа гэтаму! Рыбкi з усёй рэчкi падплылi да лiста гарлачыка, на якiм сядзела Дзюймовачка, i перагрызлi сцяблiнку лiста.

I вось лiст гарлачыка паплыў па цячэннi. Цячэнне было моцнае, i лiст з дзяўчынкай плыў вельмi хутка. Цяпер жаба нiяк не магла б дагнаць Дзюймовачку.

А Дзюймовачка плыла ўсё далей, i маленькiя птушкi, якiя сядзелi на кустах, глядзелi на яе i спявалi:

– Якая прыгожанькая маленькая дзяўчынка!

Прыгожы белы матылёк увесь час лётаў вакол Дзюймовачкi i нарэшце апусцiўся на лiст - бо вельмi яму спадабалася маленькая дзяўчынка. Тады Дзюймовачка зняла з сябе пояс, адзiн канец накiнула на матылька, а другi прывязала да свайго лiстка, i лiсток паплыў яшчэ хутчэй. Раптам мiма праляцеў майскi жук. Ён убачыў Дзюймовачку, схапiў яе i аднёс на дрэва, а зялёны лiст гарлачыка паплыў далей, i з iм матылёк - ён жа быў прывязаны i не мог вызвалiцца.

Поделиться с друзьями: