Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісты не спазняюцца ніколі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Хадзем, - сказаў студэнт, - трэба як найдалей адысці.

– Чакай, дай дыхавіцу збіць. Гэта ж табе васемнаццаць. А мне сорак два гадкі. Я ў твае гады ваяваў ужо. Ды і ногі ў цябе, як у палескага злодзея.

І раптам зноў зморшчыўся:

– Хлопцаў жа... Ах, сволачы, сволачы! Ды хіба гэта вораг! Гэта варажына! У звяры ж, у насякомым, у дрэні апошняй разумення больш. Памятаю, у дзевятнаццатым схапілі нас з прыяцелем людзі Буклак-Балаховіча. Сам дапытваў. І, як гонар асаблівы аказаў, - сам, сваёй рукою вырашыў расстраляць. Павялі нас вось такой самай раніцай, паставілі на краі ямы. Тут дружок плюнуў, паглядзеў на кнігавак над лугам - а лугі без канца!
– ды і кажа: "Дазволь, бацька, напаследак песню заспяваць". Той ухмыляецца: "Валіце". А мы з дружком спеліся: у мяне барытон, мяккі ды ўздыхацельны, а ў яго тэнар такі, што толькі галавой пахітаеш ды шапкай аб зямлю. І як завялі мы тут:

Дзе блукаеш, мая доля?

Увесь голас уклалі, усю душу - усё адно берагчы няма чаго. Скончылі. Маўчыць. Потым: "Яшчэ давайце". І тут дружок пад самае неба, як жаўранак:

А ўжо бяроза завіваецца, -

Кароль на вайну сабіраецца.

А я яму ўздыхамі, з глыбіні душэўнай:

А ў каго сыны ёсць, дык высылайце.

А ў каго няма - дык хоць наймайце.

Глядзім - плача. І што ж ты думаеш, адпусціў нас. Вось што значыць свой чалавек, рускі, хоць і белая сволач. Не тое што гэтыя фашысты паршывыя. Ну добра, дай час!

Пажылы перакруціўся на спіну і глянуў на карону дуба.

– Глядзі, дуб які дзівосны. Роўны надта для дуба. І развіліна вялікая. Падобны на рагатку.

– На "v" лацінскае, - сказаў студэнт.

– Ну добра, табе лепей ведаць.

І стаў на калені:

– Бяры патроны. Страляй, толькі калі нас заўважаць. Пра шкуру размова вядзецца. А я пашукаю дарогі. Нешта не падабаецца мне месца за нашай палянай.

Ён адсутнічаў нядоўга. Калі ён зноў бясшумна прылёг каля студэнта, абедзве яго нагі вышэй каленяў былі ў ахраной балотнай гразі.

– Справа дрэнь: балота за намі. І не проста балота - імшара. Ах, матары тваёй... І стварыў жа ты, сатана, арлоўская стэпы ды беларускія імшары. Зямелька!

Пойдзем наўсцяж балота, - сказаў студэнт.

– Добра прыдумаў. Калі там ужо немца няма, - іранічна сказаў пажылы.
– Балота лукам угінаецца.І мы ў самай сяродачцы, дзе страла.

Быццам у адказ на яго словы, аднекуль справа даляцела аўтаматная чарга. Потым такая ж прогучэла злева, у вярсце - не больш.

– Як на аблаве, - уздыхнуў туляк.
– Што ж, знак'oм, тэрміну нам атрымліваецца не больш гадзіны.

Ён устаў і з тугой глянуў на балота. Хлопец глядзеў яму ў рот. І раптам твар пажылога змяніўся. Не тое

каб па ім прабегла ўсмешка - не, проста задрыжэлі дробныя мускулы каля перасносся, быццам нешта вызваліла іх ад здранцвеласці.

– Ані зірні туды. Бачыш, сівец расце.

Студэнт пабачыў, што на атрутна-залёнай паверхні балота там-сям брудна бялеюць астраўкі жорсткай

травы.

– Ну і што?

– Ён не дурань, на бязвыхаднай дрыгве расці не будзе. Вось там і дарога.

– Пойдзем, - сказаў студэнт.

Замест адказу пажылы выцягнуў з кішэні бляшаную каробачку з-пад манпансье і высыпаў з яе сабе на

далонь кучку зялёнага буйнога тытуню. Скруціў дзве вялікія самакруткі і паклаў іх каля дубовага кораня. Астатняе пусціў па ветры.

– Ды пойдзем жа, чаго вы?

Адкасніся.

І ён спакойна выцягнуў з кішэні ліст паперы і агрызак пляскатага цяслярскага алоўка

– Жыць спяшаешся, сукін сын, - жорстка сказаў ён, - а ў мяне дачка і хлопец. Павінны яны пра мяне даведацца, калі мы адсюль не выйдзем? Тваё прозвішча як?

– Русіновіч Рыгор.

– Грышка, значыцца.

І заслініў агрызак. Студэнт паспеў заўважыць, што вялікі ліст спісаны з двух бакоў - месца заставалася

зусім мала. Пажылы падпісаў некалькі слоў над тэкстам, павярнуў ліст і, разгладзіўшы яго, няспешна дапісаў некалькі сказаў на вольным месцы. Потым вынуў з кішэні квадратны абрэзак квячастай цыраты, загарнуў у яе пісьмо, паклаў скрутак у бляшанку, падумаў трошкі, сцягнуў з галавы пілотку і, вывернуўшы яе накшталт торбы, туга закруціў бляшанку ў тканіну.

Потым узняўся і размераным крокам падышоў да дуба. Студэнт толькі тут заўважыў, што на вышыні чалавечага росту ў змаршчакаватай кары дрэва цямнее невялікае дупло. Пажылы прасунуў у яго руку - раздалося лёгкае шорганне.

– Ну вось, - сказаў пажылы, - калі яшчэ птушкі гняздо саўюць будучай вясной - зусім добра будзе. Пад птушыным памётам кожная рэч колькі хочаш праляжыць і не сапсуецца...

І, прысеўшы на кукішкі, пагладзіў корань дуба:

– Гэх, як ты зямлю ўпакаваў, старык. Ну, жыві.

Потым, звярнуўшыся да маладога, жорстка, з непрыемнай усмешкай, сказаў яму:

– Чаго вылупіўся? Давай патроны, мне патрэбней. І не забудзь у выпадку чаго адрас: Тула... На вось, вазьмі паперку, выйдзеш, скажаш і наконт гэтага дупла, няхай адшукаюць.

І, паглядзеўшы на хлопца з нейкім незразумелым шкадаваннем, сказаў:

– Ну, бяры ногі ў рукі.

Студэнт густа наліўся крывёю і шпурнуў да яго ног вінтоўку.

– З якой ласкі я адзін пайду?

– А што лепей? Здыхаць разам?

– Жыць разам, - дрыжучы куткамі рота, сказаў студэнт.

У адказ на гэта пажылы закурыў адну з самакрутак.

– Жыць, - сказаў ён.
– Што ты разумееш ў жыцці? Бабу, бадай што, ні разу не цалаваў?

– Шмат разоў, - сказаў студэнт.

Па яго адчайна-хвацкім твары відаць было, што ён брэша, і, магчыма, таму пажылы апусціў вочы і з натугай вымавіў:

– Ну і што з таго? Гэта табе не певень: захлопаў крыламі, пабег, дагнаў... У мяне вось дачцэ трынаццаць год ды сыну шаснаццаць - вырастуць. Я ўжо ўсё на зямлі зрабіў і зразумеў.
– І прыбавіў з той самай непрыемнай усмешкай: - Разам папаўзем - як „га" перастраляюць. Яны такія. Нехта няхай прыкрывае.

– Ну дык давайце вы паўзіце, - нервова сказаў студэнт, - я адзін, мне гадаваць няма каго.

Пажылы сціснуў сківіцы. Няроўны буры загар папоўз па яго шчоках.

– Паўзі, маць тваю...

І тут студэнт сеў поруч з ім, узяў тонкімі далонямі за руку, загаварыў лісліва-радасным голасам:

– А я ж толькі зараз падумаў...Я ж не змагу адзін, я не прайду балотам. Я ж гарадскі, лесу не ведаю... Хочаш не хочаш, а трэба вам ісці са мной.

Ён быў непрыстойна ўзрадаваны сваёй выдумкай. Гэта было зразумела ўсякаму. Але ён, відаць, знайшоў добры выхад, таму што пажылы амаль з палёгкаю ўздыхнуў і махнуў рукой:

Поделиться с друзьями: