Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісты не спазняюцца ніколі

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А Пятро ўстаў і акінуў дуб прасветленым позіркам. Дрэва, вызваліўшыся ад расы, спакойна і шырока разлапіла галіны.

– Пачнем, ці што?
– спытаў Прахор.

– Гэта чаго пачнем? Ён нам такую ласку зрабіў, а мы "пачнем". Не ўжо, дудкі. Збірай рэчы.

І, узяўшы на плячо сякеру, сказаў задумліва:

– Трэба будзе ў Васілевічы схадзіць, купіць мех цэменту, каб рану яму заштукаваць.

Калі яны ўжо даволі далёка адышлі ад дуба, Прахор раптам спыніўся:

– А старшыні што скажам?

– Пайшоў ён да д'ябла, - сказаў Пятро, - яму наогул за такі загад трэба было б макітру зняць. Такога цара сячы...

Памаўчаў і буркнуў:

– Аддам тыя дубовыя бярвенні, што ў мяне каля адрыны.

– Ды табе ж калодзеж даўно абшыць трэба.

– А яго засыплю, калодзеж. Нічога, за вадою можна схадзіць і да суседа.

Прахор пакруціў галавой. Потым сказаў з'едліва:

– Ты падумаў, што табе хатні пракурор скажа? Яна унь, надоечы, з Марынай маёй на ферме лаялася - дык старшыня са страху да стаўкоў уцёк і там дзве гадзіны сядзеў.

На грубаватым абліччы Пятра з'явілася задаволеная ўсмешка:

– Нічога яна не скажа. Дрэнна ты яе ведаеш. Гэта, брат...

Ён пашукаў слова, не знайшоў яго і паўтарыў тое, што сказаў раніцай:

– Гэта, брат, такая ласачка, такая... жонка.

III

Паштальён быў цыбаты і калматы, як шчанюк ірландскага сетэра. І вочы былі такія самыя, вясёлыя і легкаважныя. Раніца была гожай; з садоў наносіла водарам антонаўкі; учора было добрае кіно: газетныя прагнозы наконт "халоднай вайны" цяплелі.

І, галоўнае, Верка, калі ён сказаў ёй, што скончыў курсы і працуе паштальёнам апошні месяц, згадзілася пайсці з ім пасля ў кіно, - глядзелі другую серыю "Вайны і міра", і ўсё гэта было здорава шыкарна, - у гарадскі сад, і там яны двойчы пацалаваліся.

Больш яна не дазволіла, але затое сказала яму, што яна даўно кахае яго, як Наташа П'ера, а тое, што яе праводзіў Лёнька з Кітаёўскай вуліцы, дык гэта сумная памылка, і яна, наогул, хацела пазлаваць яго за тое, што ён такі дурны і вечна глядзіць у кнігі, а не на яе.

Таму паштальён шырока і даволі бязглузда ўсміхаўся. І ва ўсіх прахожых ад гэтага таксама трошкі цяплела на душы.

Ён ішоў па старой, зусім яшчэ "павятовай" вуліцы з маленькімі асабнячкамі і цяжкімі разьблёнымі брамамі. Вуліца ўся прапахла кропам, душным пахам ваўчкоў.

Жыць бы на такой вуліцы ды жыць. І таму паштальён, падыходзячы да невялічкага доміка з круглым паддашкавым акном, адчуў сябе незручна. Учора ў суседнім асабняку яму сказалі, што ў гэтым доме свежая смерць.

Ён вынуў з сумкі пухлы шэры канверт і таргануў за кальцо, вялікім намаганнем надаўшы твару патрэбны выраз: не журботны, а дзелавы і трошкі спачуваючы.

Праходзячы дарожкай пад бэзамі, на верхавінках якіх яшчэ заставаліся плодзікі, падобныя на карычневые птушыныя дзюбы, ён паспеў заўважыць, што на новай прыбудаванай верандзе сядзяць тры чалавекі.

У цэнтры сядзела пажылая жанчына з такім журботна-стомленым тварам, што ясна было, каму горш за ўсіх.

Поруч з ёю, па правую руку, змрочна пускаў дымавыя кольцы мужчына, вельмі на яе падобны. Рукі яго далёка высоўваліся з рукавоў сіняга пінжака, былі худыя і моцныя, адлівалі дзіўнай чырванню, быццам іх купалі ў спірытусе. Маладая жанчына, відаць, яго жонка, сядзела ў ляніва-млявай позе, паклаўшы падбародак на далоні моцных белых рук з ямачкамі каля локцей.

Паміж імі стаяў самавар, але чаю ніхто не піў.

Паштальён зусім было вырашыў аклікнуць іх, але тут за густым кустом бэзу чыйсці жаночы голас загаварыў жаласна і пераканана і безнадзейна, быццам страціўшы надзею ў тысячны раз паўтарыць агульнавядомае:

– Разумееш, Грыша, я стамілася яе пераконваць, стамілася, стамілася. Ты зірні, яна сядзіць, як каменная...

Паштальён застыў. Ён зразумеў, што гэта недалікатна, але зразумеў яшчэ, што цяпер позна выявіць сваю прысутнасць.

– Ёй ужо нічога не трэба. І яна разумее, што я, суцяшаючы яе, хлушу. Таму што, як гэта ні дзіўна, у мяне няма, няма сапраўднага пачуцця да яго. Ён нябожчык, гэта грэх, я сама сабе стала агіднай, але не магу, не магу я яго так любіць, як маму люблю.

– Не нагаворвай на сябе, - сурова сказаў мужчынскі голас.

– Грыша, гэта страшна, але я амаль раўнадушная да яго. Ён быў добры гаспадар, работнік, працаўнік, але ты мяне, мяне зразумей. Ні мне, ні Сеню ніколі, ні аднаго ласкавага слова за ўвесь час. Вечна маўчыць, вечна пануры. І Сеня тое ж думае. Ён хірург, а калі ў яго на стале чалавек памірае - ён больш аб ім, чужым, думае. І пакутвае больш. Таму што той не рыкае, не лаецца штогадзінна. Што ён нам добрага зрабіў?

– А я чаму тут?

– Толькі што ты, ды і то, як ён пра цябе думаў.

– А я ведаю, я ўпэўнены, што ён быў нядрэнны чалавек.

– Табе - лёгка, - горка сказала яна.

Наступіла маўчанне, і паштальён, вылучыўшы хвіліну, падаў голас.

– Што там такое?
– спытала з веранды пажылая дрыжачым голасам.

З-за кустоў выйшла маладая жанчына, год трыццаці.

– Паштальён, - сказала яна, і паштальён пазнаў у ёй тую, што гаварыла за кустамі бэзу.

– Вядзі яго сюды, Машанька, - сказала пажылая.

Паштальён падняўся на веранду. За маладой. Яна ішла наперадзе, прамая, стрыманая, - ніяк не пазнаць, што нядаўна казала такое.

Села, паклала скронь на далонь, глядзела халоднымі зеленаватымі вачыма з-пад даўжэразных цёмных вей.

"Ну і ну, добрая", - падумаў паштальён і адвёў вочы.

Адразу пабачыў маладога мужчыну, які выйшаў з хмызоў, дзе толькі што хвалявалася Машанька. Мужчына быў хударлявы, тонкі ў поясе. Твар разумны, жывы.

І кісці рук тонкія, вельмі белыя. Толькі на лобе, справа, змяіцца ружовы шрам. Ды замест аднаго пальца на левай руцэ закручаная вузлом кукса.

"І гэты нішто, - падумаў паштальён, - пародзісты, накшталт высакароднага бандыта з "Эльдарадскага мсціўца".

– Што ж вы?
– спытала Машанька.

Паштальён падаў ліст. Пажылая ўгледзелася ў адрас.

– І не разбярэш, чаго тут. Прачытай, Грышачка. А вы, малады чалавек, пасядзіце з намі, папіце чайку. Варэнне...агрусавае...для яго варыла...

– Мама, мама, - сказала Машанька ўсё тым - з болем і халадком - голасам.

– Ды добра, чаго ўжо. Я і то разумею, не вернеш.

Поделиться с друзьями: