ЖАНРЫ

Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi

Несбит Эдит

Шрифт:

— А з кiм табе трэба ажанiцца, каб загаiць цмокавыя апёкi? — спытала Сабрынэта.

— З сапраўднай Прынцэсай. Менавiта так Святы Георг уратаваў жыццё пасля бойкi з цмокам.

— Глядзi ты! — здзiвiлася мамка. — Я ўжо такая старая, але нават i чуць не чула пра гэта.

А Сабрынэта кiнулася да Эльфiна i моцна абняла яго.

— Тады ўсё цудоўна, мой мiлы, смелы, адзiны ў свеце Эльфiн, — пяшчотна сказала яна, — таму што я якраз i ёсць сама сапраўдная Прынцэса, а ты будзеш мой Прынц. Збiрайся хутчэй, мамулька, гэты раз можна выйсцi й без капелюша. Мы зараз пойдзем i адразу пажэнiмся.

I яны пайшлi, а ўрачыстыя чорныя свiннi чынна, выставiўшыся парамi, рушылi за iмi.

Як толькi Эльфiна i Сабрынэту абвясцiлi мужам i жонкай, рукi ў Эльфiна загаiлiся, i на iх не засталося нават следу ад цмокавых апёкаў.

Людзi, якiм Прынц Абрыдак i ягоныя гiпапатамы вельмi надакучылi, адразу абралi Сабрынэту i яе мужа паўнамоцнымi гаспадарамi краiны.

Наступнаю ранiцай Прынц з Прынцэсаю выправiлiся на шпацыр. Яны хацелi паглядзець, цi не прыбiла цмока да берага. Але лютага цмока яны нiдзе не знайшлi i толькi ўбачылi, як над вiрам узнiмаецца вялiкi стаўбур пары. Рыбакi сказалi, што вада на некалькi кiламетраў вакол зрабiлася такая гарачая, што з ёю можна галiцца.

Вада ў тых мясцiнах засталася гарачая i да нашых часоў: вось якi люты быў гэты цмок — нават цэлага мора не хапiла, каб астудзiць яго. Але з вiрам цмок справiцца не можа — толькi круцiцца ваўчком недзе ў самай глыбiнi мора i, сам таго не жадаючы, робiць карысную справу: грэе рыбакам ваду для галення.

А Прынц з Прынцэсаю кiруюць сваёю краiнай добра i мудра. Прынцэсiна мамка жыве разам з iмi, ёй нiчога не дазваляюць рабiць — хiба што вышыць Прынцэсе сукенку золатам, на што мамка вялiкая майстрыха.

Гiпапатамаў Прынц не трымае, i ўжо аднаго гэтага дастаткова, каб падданыя яго вельмi любiлi.

Семдзесят пяць адданых свiнак жывуць у мармуровым свiнарнiку, усе ў асобных пакойчыках, i на дзвярах у iх выгравiраваныя мянушкi i вiсяць медзяныя званочкi. Два разы на дзень свiнкi прымаюць ванну: iх мыюць мяккiмi губкамi, прывезенымi з далёкiх краiн, i мылам, якое пахне браткамi. Нiхто не злуецца, калi яны выходзяць з Прынцам на шпацыр, бо свiнкi паводзяць сабе як сапраўдныя лэдзi, ходзяць толькi па тратуары i нiколi не збочваюць на траву.

Прынцэса ў сама першым сваiм загадзе пад страхам смерцi забаранiла ўжываць слова «свiнiна» i загадала нават выкрэслiць гэтае слова з усiх слоўнiкаў!

К. Грэхэм

Лагодны цмок

Вельмi-вельмi даўно — шэсцьсот, а можа, i семсот год назад — у маленькiм дамочку, што стаяў каля самых гор, жыў пастух з жонкай ды сынам. Амаль усе днi (а часам i ночы) пастух праводзiў высока ў гарах, i за сяброў яму там былi толькi сонца, зоркi, бараны ды авечкi. А людзi жылi з другога боку далiны ў вялiкай шумнае вёсцы.

Маленькi пастухоў сынок амаль увесь вольны час бавiў, уткнуўшы нос у тоўстыя кнiгi, якiя яму з радасцю давалi чытаць i тамтэйшы святар, i тамтэйшая шляхта, бо хлопчык быў ветлiвы, мiлы i таму вельмi ўсiм падабаўся. Бацькi таксама моцна любiлi свайго сыночка i ганарылiся iм, хоць нiчога такога нiколi пры iм не казалi. Яны заўсёды дазвалялi хлопцу займацца сваiмi справамi i ставiлiся да яго як да роўнага. Бацькi разумелi, што кнiжныя веды часам вельмi добра прыдаюцца ў жыццi.

Больш за ўсё хлопчыку падабалiся кнiгi па прыродазнаўству i казкi. Ён чытаў iх усе запар, адну за адной, нiбыта складаючы сэндвiч (i нам яго метода падаецца даволi-такi слушнай).

Iх сям'я жыла ў ладзе ды згодзе, але аднойчы здарылася вось што…

Адным вечарам пастух, якi апошнiм часам быў чамусьцi нейкi знерваваны i заклапочаны, увайшоў у хату ўвесь спалатнелы, рукi ў яго дрыжалi ад жаху.

Жонка i сын сядзелi за сталом: жонка нешта цыравала, а сын з захапленнем чытаў пра прыгоды Волата, у якога не было сэрца.

Пастух узрушана прамовiў:

— Усё, Марыя, хопiць з мяне. Я болей не магу хадзiць у горы, i нiхто мяне не прымусiць гэта рабiць.

— Ну што ты, супакойся, — сказала жонка (а гэта была вельмi разумная й разважлiвая жанчына), — сядай хутчэй да стала ды павячэрай. А потым пра ўсё нам раскажаш, i мы разам вырашым, што рабiць.

— Гэта пачалося некалькi дзён назад, — пачаў свой расказ пастух. — Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць — нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?

— Я разумею, — цiха прамовiў хлопчык.

— Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай… О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!

— Убачыў каго? — запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.

— Дык я ж кажу: яго! — адказаў пастух. — Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд… А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу — паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.

Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:

— Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.

— Усяго толькi цмок?! — раз'юшыўся бацька. — Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу «цмок»! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!

— Але, гэта ўсяго толькi цмок, — паўтарыў хлопчык. — Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я — я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора — цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.

Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.

Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.

— Наш сын мае рацыю, — разважным голасам сказала мацi. — Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.

Поделиться с друзьями: