Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Р а з д з е л VI
Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.
Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег — асабліва белым, паветра — асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.
Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі. Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.
Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.
Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем — і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.
Нейкая машына дагнала яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжаратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.
— Сядай.
Андрэй пабачыў, шго машына міліцэйская і, відаць, вяртаецца з нейкага начнога аб'езду.
— Сядай.
— Дзякую вам, я яшчэ трошкі пачакаю. Нешта пакуль не хочацца, — сказаў Андрэй.
Міліцыянер, што сядзеў поруч з шафёрам, засмяяўся.
— Ды сядай, Андрэй, чаго там.
Грынкевіч паціснуў плячыма: тут яго ведалі ўсе, у Маскве — амаль ніхто, і, абышоўшы машыну, сеў у кузаў, думаючы, што гэта ён упершыню робіць такое падарожжа.
Дзверцы з маленькім акенцам ляснулі за ім. На лаўцы сядзеў стары знаёмы, старшына Рожкін, і ўсміхаўся на повен рот.
— Куды паедзем, у працвярэзнік ці прама ў КПЗ? — спытаў ён.
— Вязі ў КПЗ, — сказаў Андрэй.
— Чаго?
— Бліжэй да дому.
Яны селі поруч і закурылі.
— Я жартую, — сказаў Рожкін, — ты ў нас ганаровы грамадзянін, цябе ў КПЗ нельга… Вершы новыя ёсць?
— Ёсць.
— Ты б працягнуў Пятра Зарубу. Такі агіднік. Скардзіўся нам на амбулаторыю, што яны прыбіральню проста перад яго вокнамі паставілі. Ну, нельга ж так адразу разбурыць. Разабрацца трэба, Дык ён чакаў-чакаў і ўначы пайшоў і сам сякераю ўсё парушыў… Дальбог, напішы.
— Гэта ўжо Гогаль зрабіў. I лепей за мяне.
— Ну глядзі.
Рожкін высадзіў Андрэя ля самай яго вуліцы, вузкай, вельмі правінцыяльнай. Вуліца адным канцом упіралася ў галоўную вуліцу, другім — у Дняпро.
Андрэй ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, у параўнанні з імі, сады.
Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны, радасна-залівісты брэх куртатага Тобса, незаконнага нашчадка таго Джэка, што калісьці першым прывітаў ля гэтай хаты Алёнку Століч. I ўспамін, замест таго каб балюча крануць па сэрцы, проста сціснуў яго няжорсткай лапай і адразу адпусціў.
Пэўна, і сапраўды ўсё праходзіць.
Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся.
Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. I ён пераступіў парог, падхапіў яе на рукі і ўнёс у перадпакой. Паставіў на ногі, абняў, амаль з жахам адчуваючы, якая яна нізенькая (а была ж такой высокай!), якая высахлая (а была ж такой па-жаночы мажнай), якія ў яе сівыя валасы, якія цёмныя, спрацаваныя рукі.
"Усё вайна", — падумаў ён.
Але адразу ўспомніў, як рэдка ён ёй піша, як блізка яна прымае да сэрца ўсе ягоныя трывогі, і ў думках пераклаў палову правіны на свае плечы.
— Дзень добры, бацька, — сказаў Андрэй, уваходзячы ў спальню.
I ён таксама здаў. Сівыя валасы парадзелі. Сядзеў на ложку і неяк разгублена глядзеў на яго. Здавалася, вось-вось заплача: нервы пасля інфаркту зусім саслабелі.
— Я прыехаў, - сказаў Андрэй.
— Сынок… — толькi гэта i вымавiў бацька.
Андрэй успомніў, як гэты чалавек калісьці сам-насам паваліў у Сафіёўскіх лясах мядзведзя-бадзягу, і яму стала вельмі прыкра і балюча за жыццё, за яго жарты з людзьмі.
…Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакоіку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе.
Нягледзячы на ўсё, гэта была радзіма, роднае гняздо, тое, што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём.
Ён змежыў вочы. У зіхаценні вогненных плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі — радзімай: усе тыя, што адышлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што будуць.
Твар бацькі… Маладога бацькі… Бацька трымаў на руках маці і нёс яе квітнеючым, ружова-белым яблыневым садам. Алёнка… Праплыла — да яснага неба, да палкага сонца, да чыстых зор вадзіць карагод; праплыў яшчэ чыйсьці ўсмешлівы твар.
Апошнім урыўкам думкі, якая знікала і ўхілялася кудысь, ён сказаў сабе:
"Што яшчэ? Што яшчэ трэба ўспомніць?.. Ага, абавязкова трэба спытаць маці, адкуль такое знаёмае мне адно прозвішча…"
Дадумаць ён не паспеў.
…Раніцою бацька выйшаў на гадзіну ў сад, пагуляць па расчышчанай Андрэем сцежцы. Маці і сын былі адны ў хаце.
За вокнамі стаяў іскрысты, блакітна-белы, з сінімі ценямі ад гурбаў дзень. Праменні сонца прабіваліся праз невялічкія вокны, пялёскаліся ў карафцы з вадою, рабізною скакалі па столі.
I гэтыя вясёлыя скокі праменняў зноў напомнілі Андрэю тое спакойнае ўзрушэнне, якое валодала ім апошнія дні перад ад'ездам.
— Ма, — спытаў ён, — ці ведаеш ты такое прозвішча: Горава?
— А чаму ты так думаеш, што я ведаю?
Маці цыравала панчохі ў крэсле і не ўздымала вачэй на сына.
— Нешта ж вельмі знаёмаё. Здаецца, мяльком чуў ад цябе нешта такое.
— Чаго гэта табе ў галаву ўлезла?
— У нас адна Горава лекцыі чытае…Ірына Горава.
Маці ўзняла на сына зацікаўленыя цёмныя вочы:
— Магчыма…
Адклала панчохі. Андрэй добра бачыў, што яна чымсьці заклапочана.
— Добра, — сказала яна, — бадай, і праўда, што досыць абыходзіцца намёкамі… Я раней проста пабойвалася распавядаць табе пра гэта падрабязна. Ты і без гэтага марыш пра паветраныя замкі, а гэта ў тваім узросце не пасуе… Хадзі сюды.
Прыўзнялася і пайшла ў кут, да старой скрыні, укрытай самаробнай клятчастай посцілкай.