ЖАНРЫ

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:

— А гэта самае галоўнае: успаміны бабкі пра паўстанне і Сібір. Прачытай зараз. Акрамя вельмі своеасаблівага стылю, — мне здаецца, яна магла б быць надзвычай цікавым пісьменнікам, — там шмат звестак аб людзях і паўстанні. I зусім не так, як у кнігах. Шчыра.

Яна развязала рукапіс:

— Асабліва прыглядзіся да парома ў вераб'іную ноч. Сапраўдны трагізм.

Тонкая рука маці прыкрыла вочы:

— Можа б, ты з'еў чаго?

— Не, не хочацца нешта.

— То тады ідзі… Чытай… Трэба ж табе, урэшце, ведаць гэта падрабязна.

I яна зноў патэпала да крэсла, да штодзённых панчох.

…Увечары Андрэй спусціўся ў галоўны пакой узрушаны, з чырвонымі павекамі. Рукапіс ён пакінуў у сябе, перачытаць уначы.

Маці толькі што прымусіла бацьку легчы адпачыць. Сядзела з кнігаю пад лямпаю. Мяккі жаўтаваты круг падаў на старонкі, на вузкую руку, на пасму калісьці цёмных, а зараз напалову пасівелых валасоў.

Прыўзняла на сына цёмныя, зусім яшчэ маладыя вочы.

— Прачытаў?

— Так, — Андрэй моўчкі сеў у другое крэсла, — гэта жахліва, ма.

— Што ж, яны ведалі, на што ідуць.

— I я іх вельмі люблю за гэта, — глуха сказаў Андрэй.

— Мне здаецца, — не слухаючы яго, сказала маці, - усё гэта ад хворага сумлення. I я вельмі баюся за цябе. Ты занадта іхні. I зусім не стрыманы. Бацькавай сілы ў цябе няма. Ты знойдзеш нешта. Яму можна будзе аддаць частку сваёй душы. А ты аддасі ўсяго сябе. Да канца… Усё адно, што гэта будзе: справа, вершы. А можа, жанчына.

— Не трэба, — сказаў Андрэй. — Алёнка ўсё ж была калісь.

Маці маўчала.

— Ты тады быў амаль хлопчыкам, — сказала яна, — а зараз ты мужчына. I гэта значна больш складана.

— У мяне былі другія, — сказаў Андрэй.

— Ведаю. Але ты нікога не кахаў. Ты сілком затрымаў сябе. I зараз, калі гэта выбухне, — будзе вялікі пажар. Дай бог толькі, каб гэта была дзяўчына, вартая кахання. Толькі гэтага і прашу ў жыцця… Часам я думаю, што добра было б, каб ты ўсё жыццё кахаў тую бедную дзяўчынку. Знайшоў бы сабе дзяўчыну-друга, якая паважала б тваю памяць пра яе, і спакойна пражыў бы з ёю век.

У адным кутку яе рота з'явілася раптам зморшчынка: цень лёгкай усмешкі.

— Але потым я ўспамінаю, што лёс даў мне такое няшчасце, як сына-паэта. I я разумею, што ўсё гэта — марныя думкі.

Андрэй і маці сядзелі моўчкі. Вецер, што ўзняўся надвячоркам, зараз ужо добра свістаў і роў за сцяною. Было чуваць, як пепінка, сілячыся ўцячы ад яго пякуча-халодных абдоймаў, часам ціха скрабалася ў акно, у марнай надзеі схавацца ад зімы, счакаць на вясну, адчуць, як той самы вецер стане пяшчотным і мяккім.

— Ма, — перарваў маўчанне Андрэй, — можа быць наша Горава нашчадкам таго чалавека на пароме?

— Наўрад ці, - абазвалася пасля паўзы маці. — Цёзак па прозвішчу шмат… Да таго ж, нават калі гэта так, — яна не можа памятаць гэтага.

— Чаму?

— Мімалётная сустрэча на пароме, магчыма, нават цень кахання — пра гэта не расказваюць дзецям… Мы запомнілі таму, што для нас гэта было… як абвал. Ён разбурыў усё наша жыццё, аддаў майго бацьку ў чужы дом, дом ворага. Ты ведаеш, у бацькоў-паўстанцаў адбіралі дзяцей.

Маці памаўчала.

— Не, вядома ж, не памятае, — сказала яна.

Р а з д з е л VII

Вясна з'явiлася ў Маскву зусiм нечакана. Здавалася, яшчэ нiчога не было, толькi цяклi струменьчыкi бруднай вады з-пад наздраватых куп снегу на газонах, ды цяплейшы стаў адбiтак вячэрняга сонца на мурах дамоў. Усе гэтыя няўлоўныя прыкметы магло заўважыць толькi чуйнае вуха ды вiдушчае вока: больш звонкi, чым зiмой, стук дзявочых абцасiкаў па асфальце, блакiтнае сонейка, якое павiсла на вострым кончыку ледзюка, праменнi, якiя пачалi грэць праз шкло вокан.

А потым пайшло.

Зіма не адступала тут павольна, як у вёсцы, у размераным чаргаванні сонечных дзён і марозных начэй. У горадзе з зімою вялася жорстксія, злая, па-гарадскому, вайна.

Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменні. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.

Яе воіны грувасціліся ўжо за горадам, але зіма, подых яе, усё яшчэ існаваў, усё яшчэ гуляў вуліцамі, усё яшчэ наступаў белымі палямі на гарадскія прадмесці.

I раптам…

…дзяўчынка ў зацішку, за рогам дома, пачала гуляць у "класікі", скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.

— Мак-мак-мак… дурак.

Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.

Гэта і была вясна.

А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карэнні вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.

I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.

Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе лазорава сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.

Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву — а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.

Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэнна. Непрыкметна ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.

Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.

Поделиться с друзьями: