Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Імя па бацьку ў Пятра было Трыфанавіч, але дзядзька, карыстаючыся ім як асновай, зрабіў з яго нешта такое непрыстойнае, што пры бабах хоць і не кажы.
На рыбалку дзядзька ездзіў у востраканечным саламяным брылі, Мікалай Якаўлевіч — у матроскай бесказырцы, парыжэлай ад часу, Пятро з непрыстойным імем па бацьку — у фуражцы.
Рыззё на ўсіх было страшэннае: інтэлігентная кампанія нагадвала хаўрус бандытаў.
I ўсё ж падчас гэтых вясёлых эскапад (а ездзілі на рыбу далёка, кіламетраў на пяцьдзесят па рацэ) Андрэй адчуваў часам нейкі сум, нейкую невыразную незадаволенасць жыццём.
А між тым ён ніколі яшчэ не пісаў так многа і добра, ніколі так поўна не адпачываў.
У канцы ліпеня прыехаў зусім нечакана Іван Століч, бацька Алёнкі. У яго было толькі некалькі вольных дзён. Два з іх вырашылі "забіць" на рыбалцы. Дзядзька падрыхтаваў маторны човен. Выехаць пастанавілі на золку.
Напярэдадні Андрэй і Століч доўга сядзелі ў начным садзе, дыхалі халаднаватым росным паветрам з нясцерпна салодкім водарам адцвітаючай маціёлы, якая невыразна бялела ў цемры.
Конікі стракаталі ўтрапёна. Зрэдку цішу ўспорваў крык драча. За ракою палала вогнішча: касцы на зарэчных паплавах гатавалі вячэру,
I так добра дыхаў у цемры начны сад, што рабілася шкада чагосьці незваротнага, шкада болю, які прайшоў.
— Добра, сынок, — сказаў раптам Іван.
Андрэй не мог без пакутлівага шкадавання глядзець на гэтага чалавека. Ён ведаў: той нічога не забыў. Сведчылі аб гэтым зусім сівыя валасы.
— Я думаю часам, — казаў Століч, — як гэта цяжка заставацца аднаму, без тых, каго любіш… Чаму не загінуў я — невядома… Цяжка аднаму.
— Я гэта ведаю, добра ведаю, дзядзька. Я вельмі кахаў яе, — глуха сказаў Андрэй.
— У вас зараз былі б ужо дзеці… Прайшло восем год. Хлопчык быў бы падобны на яе, дзяўчынка — на цябе.
Гэта яны ўпершыню загаварылі пра нябожчыцу. I гэта было непатрэбна. Непатрэбна было ўсё гэта.
— Дзядзька, — сказаў Андрэй, — не трэба. Вы бачыце, я столькі год захоўваю памяць пра яе, зберагаю кожны яе рух. Але я пачаў забываць яе голас. Гэта — як кашмар… Але я помню, я ніколі не забуду. Толькі не трэба дакранацца да старых ран.
— Бадай, твая праўда, — сказаў Століч.
Ён маўчаў яшчэ хвілін пяць, потым устаў.
— Я пайду.
I, сівы, сагнуты гадамі і цяжарам даўняга гора, пашыбаваў у дом.
Андрэй глядзеў яму ў спіну. Нясцерпна шкада было гэтага чалавека…
…Раніцой дзядзька ледзь не за нагу сцягнуў Андрэя з ложка. Шырокі твар дзядзькі расплываўся ад усмешкі, у цёмных вачанятах скакалі чэрці.
— Уставай, барэмбус. Жонка сказала, каб пайшлі панюхалі. А куды пайшлі і чаго панюхалі — не сказала. Дарогай скажа.
Выявілася, што панюхаць запрашалі маласольныя агуркі. Пахнулі яны, сапраўды, адмыслова: кропам, вішнёвым лісцем і сонечным днём.
Андрэй выліў на сябе цэбар вады ля студні, спехам паснедаў і пачаў грузіць на каляску сець, сцяблы, якар, кошык з правізіяй. Дзядзька, прынцыповы лайдак, глядзеў на мітусню Андрэя і Століча і забаўляў іх:
— У школе вучні пісалі твор на тэму: "Славутасці Сухадола". Адна напісала: "Бывае кіно, часам прыязджаюць артысты, а па суботах у сінагозе бываюць танцы".
— Брэшаш ты ўсё, — азваўся Століч.
— Чаго брашу? Сапраўды, сінагогу зачынілі. Зрабілі клуб… А тут яшчэ няшчасце. На сеансе адчыняюцца дзверы, і нехта крычыць у цемру: "Не, вы паглядзіце толькі, што робіцца на беленькім свеце! Шайкевіч, чаго вы тут седзіцё, калі ў вас удома пажар?" Ну, той толькі «уф-уф», за сэрца схапіўся — і канцы.
I хоць Андрэй ведаў, што ўсё гэта брахня, — яму стала трошкі весялей.
Яны выйшлі на высокі гліністы адхон над ракой тады, калі сонца паказала над зарэчнымі паплавамі чырвоную патыліцу. Жамчужна-блакітная рака ледзь шалахцела млявымі хвалямі, якія на пяску здаваліся зусім ружовымі. Пах сена адчуваўся нават тут, за ракой, густы, добры, як сама прыдняпроўская зямля.
Ніжэй па плыні чарада кароў пераплывала Дняпро, на пашу. Пастух плыў за імі, стоячы ў чаўне.
Нарэшце — толькі арліны зрок дзядзькі мог пабачыць гэта — дзядзька паказаў рукою на плынь, дзе рухаліся дзве кропкі. Гэта веславалі Мікалай і Пятро. Пад'ехалі яны толькі праз паўгадзіны.
Да кармы вялізнай маторкі прывязалі абодва чаўны, нацягалі са стагоў сена і намасцілі яго на дно маторкі. Дзядзька зноў успомніў нешта.
— А то яшчэ вось што было. Дзед Казыра намасціў вось так сена ў човен са стога, які ў лагчыне стаяў. Вяслуе сабе, і раптам, кажа, здарылася нешта незразумелае: заварушылася раптам там, дзе трыццаць год нічога не варушылася… Вужака… А порткі ў яго падраныя былі. Дык ён бег адтуль аж да рынку, пакуль каля рынку не агойтаўся, што портак няма. Згубіў. Пайшоў падбіраць. Дык што вы думаеце, адну калашыну падабраў, а другую — не.
Пятро пачаў адпіхвацца ад берага. Але перад гэтым амаль з пяшчотай агледзеў зношанае вясло і сказаў салодкім голасам:
— Во, брат, у мяне вясельца якое. Тандэт.
Скора ўсе яны ўжо ляжалі на сене, на дне чаўна, а Андрэй стырнаваў, седзячы на карме. Вусы пены расплываліся за кармою, табакаў матор, плылі вакол нізкія берагія. затокі, зарослыя гускай.
Тэніску ён скінуў. Спіну прыемна прыпякала сонца, грудзі абвяваў ветрык, кідаючы зрэдку на скуру кроплі вады.
Такая была цішыня. I, аднак, нейкае тамленне не пакідала душы. Пайшоў справа высокі адхон. Злева ўсё яшчэ цягнуўся нізкі бераг.
Коршак ганяў над вадою кулічкоў-пясчанікаў. Заўважыўшы коршака, тыя ляцелі стайкаю на другі бераг, чыркаючы па вадзе. А калі ён пералятаў за імі, - зноў ляцелі на ранейшае месца.
Дзядзька раптам прыўзняў галаву.
— Глядзі, Андрэй, — ціха сказаў ён.
На правым ад іх беразе ўзвышаўся самотны пагорак, зарослы чорнай альхой. Можна было яшчэ разабраць, дзе быў спуск да вады. Больш не было нічога.
— Месца, дзе быў паром, — сказаў дзядзька і зняў брыль.
Моўчкі, з суровымі тварамі, праплывалі яны міма месца даўняй трагедыі.
— Вось табе, ваша сіяцельства, — буркнуў дзядзька. — Ты даўно ўжо косці парыш, імя тваё забылі. А праўнук забітых жыве. А мы жывём. Нас так проста з зямлі не скалупнеш, кашы вы яшчэ мала елі.
Андрэй ведаў некаторую схільнасць дзядзькі да меладраматызму і таму маўчаў. А Століч, дык той глядзеў на дзядзьку нават з павагай.
— Гораў… Гораў… Горава, — думаў Андрэй.
I раптам з неверагоднай яснасцю зразумеў, адкуль было тамленне.
Не хапала яе. Не хапала гукаў яе голасу, не хапала растрапаных пасмачаў, шэрых рахманых вачэй, пяшчотнай выразнасці рухаў.