Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Не хапала да болю. Хоць крычы.
"Што са мной?" — падумаў ён.
I раптоўна падмываючая хваля радасці ахапіла яго.
"Здаецца… здаецца, гэта прыйшло… Нарэшце гэта прыйшло… Няўжо?!"
Дзядзька паглядзеў на Андрэя дзіўнымі вачыма, так змяніўся той.
Ну вядома ж, гэта было так. Вядома, не хапала яе. Ён проста быў упэўнены, што не можа болей пакахаць, таму і не думаў пра яе… А зараз як быццам амыліся вочы. I свет такі шырокі. I вецер дыхае новым жыццём. Ну не, жыццё яшчэ не скончана. Жыццё яшчэ можна пачаць спачатку, вось тут, на гэтай вялікай рацэ, у гэтую хвіліну.
Ён падбавіў матору абаротаў. Цяпер човен ляцеў, як вялізная белая чайка, і, плаўна разгортваючыся, плылі міма яго рачныя берагі.
Дзядзька глядзеў на постаць Андрэя вачыма, поўнымі радасці за яго і болю за сябе.
— Архангел. А я вось і не заўважыў, як стаў старым хрэнам.
Дзень быў на схіле, калі яны пад'ехалі да вёскі Кручы, што ўтульна ўстаткавалася на стромых адхонах Дняпра.
Добрай спёкай дыхалі цёмна-кучаравыя сады. На самай высокай кручы, над могілкамі, стаяла магутная сасна. Верхавіну яе разбіла перуном. I там прымасціўся бусел. Стаяў зараз на гняздзе і размаўляў сам з сабой на незразумелай, пэўна, афрыканскай, мове.
I цямнеў пад гэтай кручай вялізны стары памешчыцкі парк.
— Кручы, — сказаў дзядзька, — тут Ахонька жыве. Вось яшчэ з ім было. Паехаў ён красці лес. Падбіў на гэта двух шафёраў. Адзін з іх кажа: "Ты глядзі, калі лес крадзены, — я не паеду". Ахонька пакрыўдзіўся. "Што ты, — кажа, — вось квітанцыя". I паказвае квітанцыю, якой два гады. Ну, прыехалі. "Вось гэту, — кажа, — палясоўшчык дазволіў. Гэту. Гэту…" Ну, пляжаць. Аж бачаць, шыбуе палясоўшчык. Давай запісваць нумары машын. Ахоня тады руку ў кішэнь і на яго. Той бегчы. Ахоня за ім. Той бегчы. Ахоня за ім. Загнаў аж за Тошчыцу. Той ужо і бегчы не можа. Спыніўся. Ахоня руку з кішэні — раз. Той аж вочы закрыў. Потым адкрывае, а Ахоня яму рыўцом да носа. "На, — кажа, — дзвесце рублёў". Той толькі сплюнуў. "Цьфу, — кажа, — свіння". Аднак грошы ўзяў.
Андрэй слухаў яго, бессэнсоўна ўсміхаючыся сваім думкам. На зямлі было добра. I зусім яшчэ нічога не было страчана. I ўсё было для Ірыны. I Дняпро, які яна, вядома, палюбіць, і Кручы, дзе ён можа пабудаваць ёй дом, і бусел, які не абміне іхняй хаты сынам і дачкой.
Свет быццам увесь споўніўся музыкай. Звінелі нават кучаравыя аблокі, плывучы на ўсход, да яе. I нават засуш, якая ў тое лета катавала палі, здалася не такой ужо жахлівай.
Вядома, дождж прыйдзе. Ён не можа не прыйсці, як не можа не прыйсці каханне ў змучанае смагай сэрца.
Андрэй ведаў: дождж прыйдзе.
Цяпер яму здаваўся нясцерпным той месяц, які ён правядзе без яе. Сум зваліўся так нечакана, што ён не паспеў падрыхтавацца. На шчасце, прыступ быў кароткі, а потым зноў вярнулася радасць.
…За Кручамі яны спыніліся. Наторгалі гусцёрак. Дзядзька да іх злавіў яшчэ два акуні і зараз свяшчэннадзейнічаў над юшкай. Расклаў цяпельца з сухіх лазовых галін, каб юшка прыпахвала дымком, паклаў рыбу, некалькі бульбін, чатыры цыбуліны з не да канца абдзёртай жоўтай лушпайкай (каб юшка была прыемнага бурштынавага колеру), паклаў перцу, а потым асцярожна ўліў у юшку дзве лыжкі гарэлкі.
Астатнія тым часам адплылі рыбаліць. Андрэй застаўся ля дзядзькі адзін.
— Юшка, брат, будзе першы гатунак. Нават Трыфанавіч (ён сказаў іначай) будзе задаволены.
Андрэй маўчаў. Гэта не было галоўным. Галоўным было тое, што на свеце жыла яна.
"А Алёна? — варухнулася думка. — Што ж Алёна, — адказаў другі голас, — была б жывая, кахаў бы яе. А зараз нічога не зробіш…"
Але ўсё ж яму стала сорамна. Асабліва чамусьці перад Іванам Столічам. Быццам ён, Андрэй, здрадзіў нечаму вялікаму, што яны кляліся любіць, знайшоў святло, у той час, як у бацькі няма, і яшчэ і не можа быць суцяшэння.
Юшку з'елі з насалодай… Пасля гэтага дзядзька застаўся ля маторкі, а астатнія паплылі па плыні. Дзядзька павінен быў дагнаць іх пасля. Андрэю не было чаго рабіць, і ён сказаў дзядзьку, што пойдзе да Кручаў пехтурою і там пачакае ўсіх.
Ісці трэба было праз лес. Андрэй натрапіў на глухую лясную рачулку.
Чорная, з зялёнымі адценнямі, як пяро качкі, яна змяілася паміж карчоў, варушыла павесмамі водарасцяў, быццам хтось у вадзе павольна часаў зялёны лён. Чырвоныя мухаморы гдядзеліся ў чорны лак вады.
Андрэй перайшоў раку па аксамітным бервяне і лёг у пульхны зялёны мох. Ён не баяўся змей, ён цяпер наогул нічога не баяўся. Калі ў сэрцы небасхіл, — чалавек не можа памерці. Яго нельга забіць. Смерці няма. Яе выдумалі. Яе зусім не будзе.
Радасць ахапіла ўсю істоту Андрэя. Радасць з той прычыны, што ён малады, здаровы, што вакол яго родная зямля, што зрынутыя дрэвы ляжаць поруч з ім, жывым, што ён кахае.
Дрэвы варушылі галінамі над яго галавой.
…I потым, калі ён стаяў на кручы, пад буслянкай, шум дрэў зноў падпяваў ягоным думкам.
Ён стаяў на адхоне, і магілы кладоў былі ззаду, а наперадзе была далячынь, адкуль ляцеў вецер толькі для таго, каб устрапаць яму чуб.
Бусляняты спрабавалі лётаць. Яны нязграбна плавалі ў вячэрнім аранжавым ззянні, дыбалі нагамі ў паветры, плылі над ракой, над светам, які цяпер зноў належаў яму.
Андрэй не бачыў, што Іван Століч, сышоўшы на бераг, ускараскаўся на строму і стаіць непадалёку, разумнымі вачыма разглядаючы пададзеную наперад, імпэтную постаць хлопца. Ён страпянуўся толькі тады, калі рука Івана апусцілася яму на плячо.
— Што з табою, сынок?
I з той вышэйшай праніклівасцю, якою адрозніваюцца людзі, што многа пакутавалі, спытаў:
— Зразумеў, што кахаеш кагось?
— Здаецца, так, бацька, — проста адказау Андрэй.
Століч павесіў попельна-сівую галаву.
— Прабачце, — сказаў Андрэй.
— Чаго ўжо там… Ты добры хлопец, Андрэй. Ты і так памятаў вельмі доўга. Усё мае канец. Прорвы і тыя заплываюць. Прыйшоў і твой час.
— Бацька, — сказаў Андрэй, — я не вінаваты.
— Ніхто не вінаваты. Ні я, ні мая бедная дзяўчынка, ні тая, твая… А ты вінаваты менш за ўсіх… Добрая хоць жанчьша?
— Вельмі.
— Добра. Толькі вось аб чым я прашу цябе. Не забывай мяне. Наведвай… з ёю. Ты знаеш, усё маё жыццё — гэта была Алёна. I ты застаўся для мяне часткай яе. Апошняй часткай.
— Я не забуду… дзядзька Іван. Гэтага не забываюць.
— Ну добра… "Ныня адпушчаешы"… Бывай шчаслівы, сын.
I ён пайшоў унiз да чаўна. Пайшоў ненатуральна прамы, вiдавочна iмкнучыся не хiлiцца пад цяжарам забыцця, таго, якое парушыла апошнюю сувязь яго Алёны з зямлёй.
Грынкевiч успомнiў мiнулае. Ён прымусiў сябе ўспомнiць яго. Але ўспамiн не мучыў.