Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
Шрифт:
Выгляд ягоны быў такі, што людзі падсвядома разумелі: робіцца нешта няладнае. I таму кожны ішоў яму насустрач. Шчасце і тут не адхіснулася ад яго. Не магло быць іначай. Яму ўдалося ўладкаваць усё. Усё да апошняга радка.
…У матчыным доме ён ледзь дабраўся да ложка. Спаў і нават у сне адчуваў, як баліць галава і ўсё раптам саслаблае цела. Потым, пасля першых сутак, знікла і гэта, а сон стаў каменным. Ён спаў, як зрынуты стомаю ваяка-пераможца, на спіне, і правая рука яго ўздрыгвала: ён пісаў нават у сне.
За трыццаць восем сутак ён адрабіў шэсцьсот сорак шэсць гадзін.
Р а з д з е л XXIII
Двое стаялi над адхонам. Адхон абрываўся ў iх з-пад ног амаль строма, так метраў на пяцьдзесят, пераходзiў у спадзiстую лагчынку, а потым, нырнуўшы з уступа, цягнуўся ледзь не на паўкiламетра, увесь зарослы даволi частымi дрэвамi i хмызамi, пакуль не злiваўся недзе там, далёка, з iльдом Масквы-ракi.
Люты сям-там здзьмуў з ракі снег, і празрыстыя разводы лёду люстравалі блакітнае сонца.
Яніс, утоптваючы лыжамі снег, спытаў:
— Чаго ты апошнім часам такі няшчыры? Табе цяжка?
— Мне сорамна, — сказаў Андрэй.
— Тры тыдні, як вярнуўся, — непахвальна сказаў Яніс, — а хоць бы радок. Урэшце, ты для чаго жывеш, для кахання ці для сваёй працы?
— Для працы ў гонар кахання, — назнарок велягурыста сказаў Андрэй.
За ўсім гэтым Яніс пабачыў прыхаваны боль, і яго добры прасцецкі твар засмуціўся.
— З ёю што? — спытаў ён.
— Так. Нічога не змянілася. Аперацыю палічылі немагчымай.
— То ж бо я заўважаю, што ты разгублены i часам п'еш.
— Я знайшоў бы іншы паратунак. Але я не магу працаваць, Яніс. Нішто не лезе ў галаву. Я, відаць, ператаміўся. Мозг нейкі тупы. Ніводнага слова, ніводнай думкі.
— Адпачнеш.
— Я амаль не сплю. Ты ведаеш, я ніколі не скардзіўся. Але, напэўна, ніколі нічога не здолею напісаць.
– І ўсяго тае бяды?
— Не, брат. Галоўнае, што яна мяне зусім-зусім не кахае.
— Што-о?
— Так. Ты ведаеш, я зрабіў усё, што мог. I вось я пяць разоў сустракаўся з ёю, і яна кожны раз пазбягала размовы аб гэтым… Тройчы прызначала спатканне і падманвала, не прыходзіла. А я, здаецца, зусім страціў гонар. Прызначае на пяць. Я чакаю да паловы шостай, потым кажу сабе, што пераблытаў, пэўна, і спатканне ў шэсць. Чакаю да паловы сёмай і даю сябе ўмовіць, што, можа, у сем.
— Дурань, — сказаў Яніс.
— I твар, — казаў далей Андрэй, — часам добры, але часцей такі варожы. Увесь час гуляе маім каханнем, ведае, што я ўсё дарую. А бадай яно ўсё спрахла.
— Кінь, — сказаў Яніс, — зразумей адно: яна не герой, як ты, і не патрабуй ад яе замнога. Жанчына. I да таго ж вельмі слабая і безабаронная, нягледзячы на ўсю яе мужнасць, на ўвесь талент.
— Я ведаю, — сказаў Андрэй, — я не злапомны, я нікому не помсціў за сябе, але таго, хто можа пакрыўдзіць яе — гэткіх я забіў бы, з зямлі сцёр… Таму што такіх, як яна, не крыўдзяць, на такіх моляцца, дый то яшчэ не кожнага нават у царкву пусцяць.
Вайвадс паклаў руку яму на плячо:
— Часам я шкадую, што я не прыгожая жанчына. Жыццё б паклаў на тое, каб адбіць цябе… Горка табе будзе…
— Пэўна, я зрабіў памылку, што пакінуў яе адну на столькі дзён. Не было гіпнозу прысутнасці, і за гэты час яна паспела ўзяць сябе ў рукі.
Секануў лыжнай палкай счарнелыя ружы татарніку.
— Але нашто, нашто яна расказала пра ўсё Ганне, ды яшчэ кожны раз прыдумвала ёй прычыны для такіх сваіх паводзін? То я "лёгкі" чалавек. То я "гуляка праздный". То "замкнёны ў вузкіх рамках Беларусі". Добра замкнёны! Па ўсім відаць, як я "замкнуўся". Доказам гэтаму ты, яна, Баранаўскас, тузіны з тры ворагаў на радзіме. Прычыны ўсё! Прычэпкі! Забараніла кожны чацвер праводзіць яе, бо пасля лекцый — бяседа аб міжнародным становішчы і мне "нельга ўцякаць". "Лепей дадому будзеце прыходзіць". Калі? Дый не вельмі запрашаюць… Нашто хлусіць? Скажы «не», дый канец.
Ён нервова ўздыхнуў. Потым сцiснуў палкi i раптам — абурэнне патрабавала выхаду — рынуў проста з адхону: лыжы выбiлi серабрысты снегавы пылок.
Ледзь не падаючы, ён імчаў проста ў блакіт. Але нават падзенне не магло прымусіць забыць: вялікі даўкі камяк стаяў і шчымяча варочаўся ў горле.
Андрэй праляцеў адхон, маланкава прамчаў лагчынкай і тут убачыў, што ўступ значна вышэйшы, чым ён меркаваў: метры тры. Але гэта не абыходзіла. Можна было і разануцца — усё адно. I толькі рукі самі сабою раскрыліся, а тулава нахілілася амаль да самых лыжаў, калі ўзляцеў проста ў неба, насустрач блакітнаму, ледзяному, абыякаваму да ўсяго сонцу.
Яніс ледзь не самлеў ад жаху, пабачыўшы гэты рывок. Але было позна, і дапамагчы было нельга. Заставалася толькі сачыць. А друг ляцеў, і здавалася, лёту гэтаму не будзе канца.
Але вось стаў, яго злёгку кінула. Памчаў, змяншаючыся, па спадзістым адхоне.
"Ды ці разумее ён што-небудзь?"
Андрэй імчаў проста на вялізнае дрэва. Імчаў, не змяншаючы хуткасці. Сто метраў… дваццаць… дзесяць…
— Ы-ых! — вырваўся з Янісавых грудзей дзікі гук.
I толькі за пяць метраў Андрэй крутануў убок, пятляючы, памчаў у зарасцях і спыніўся зусім далёка, у сетцы лазы над самай ракой.
Яніс зразумеў: абышлося. Зразумеў таксама, што сябра трэба пакінуць у самоце хаця на дзесяць хвілін. I таму ён не стаў кідацца ўніз, пайшоў навакольнай спадзістай сцежкай.
…Грынкевіч стаяў у мёртвых хмызах, глядзеў на блакітны лёд, што чаргаваўся з пульхным снегавым звеем, і, паступова прыходзячы да прытомнасці, успамінаў.
…Вось першае спатканне пасля вёскі. Кватэра. Тая самая цішыня са звонам гадзіннікаў. У Ірыны карункавая кофтачка, аголеныя да плячэй рукі, футраная накідка на плячах. Нагавіцы — ці як іх там? — на моцных хлапечых нагах. Любы хлапчыска! Любыя рукі, пяшчотныя плечы, самыя блізкія ў свеце вочы!
А чорны сабака калоціць хвастом па нагах Андрэя. Сабаку нядаўна стрыглі, і таму ў яго грыва і калматыя заднія ногі.
— Ён у штанах, — сказаў Андрэй.
— Як і яго гаспадыня, — усміхнулася яна.
Хмызы. Ледзяное сонца. Андрэй стаіць так нерухома, што сінічка-пухляк сядае над яго галавой і здзіўлена, з вока на вока, глядзіць на яго прасянымі зрэначкамі. Яны цікаўныя, пухлякі.
…Так, Ірына і тады не гаварыла з ім аб галоўным. I толькі даведаўшыся, што ён паспеў зрабіць, здзіўлена і ўважна агледзела яго.
— Вы маглі забіць сябе, Андруша.
— Наўрад, — сказаў ён. — Людзi не памiраюць, калi ёсць мэта.
У той раз яна не мучыла яго. Але дні праз тры не прыйшла на спатканне… Потым ён зноў чакаў яе на станцыі метро ля касы. Зверху выплывалі ногі, спускаліся па сходах і ставалі людзьмі, а яе ўсё не было… Потым усю дарогу ў метро яна ўнікала галоўнай размовы, так спрытна пераводзячы гаворку то на подзвіг мастака Ласенкі, то на звесткі аб тым, чым "сапфірны" крышталь адрозніваецца ад простага, што ён слова не мог уставіць.